У Магілёве праваабаронцу "Вясны" Алеся Буракова асудзілі на 10 сутак Дапоўнена

2020 2020-05-15T17:40:00+0300 2020-05-15T21:00:26+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/mspring_office_14.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У пятніцу, 15 мая, у 11 гадзін супрацоўнікі міліцыі затрымалі сябра магілёўскага аддзялення "Вясны" Алеся Буракова (Сашу Райкана). Яго затрымалі на кватэры, дзе ён жыў. Супрацоўнікі міліцыі павезлі праваабаронцу ў Ленінскае РАУС Магілёва. Імаверна, яго будуць апытваць па акцыях, якія праходзілі ў Магілёве 5 і 6 траўня. 

Вядома, што супрацоўнікі міліцыі спрабавалі затрымаць Алеся Буракова яшчэ з 8 траўня. Раней двое сутак (з раніцы 8 траўня да ночы з 9 на 10 траўня) невядомыя людзі ў цывільным адзенні дзяжурылі пад будынкам, дзе знаходзіўся Алесь. Цікавіліся праваабаронцам і супрацоўнікі міліцыі ў затрыманага журналіста і праваабаронца "Магілёўскай вясны" Александра Буракова.

Праваабаронца "Магілёўскай вясны" Барыс Бухель мяркуе, што Алеся Буракова, як і іншых раней затрыманых, пратрымаюць выходныя ў ізалятары часовага ўтрымання, пасля чаго ў панядзелак адбудзецца суд. Верагодна, як і іншых магілёўскіх журналістаў, яго будуць судзіць па артыкуле 23.34 КаАП за тое, што ён асвятляў падзеі, якія адбываліся ў Магілёве 5 і 6 траўня. Праваабаронца Барыс Бухель маніторыць сітуацыю ў судзе Ленінскага раёна Магілёва на той выпадак, калі журналіста ўсё ж вырашаць судзіць у пятніцу, 15 траўня.

Дапоўнена. Судзіць Алеся Буракова вырашылі ўсё ж такі ў пятніцу. Суд пачаўся ў 17:30 у судзе Ленінскага раёна. Суддзя — Ланчава. Як паведаміў праваабаронца "Вясны" Аляксей Колчын, на судовы працэс Алеся не дапусцілі нікога: ні праваабаронцаў, ні бацькоў. Суд, па сутнасці, таемны, бо нават у раскладзе няма інфармацыі.

У выніку суддзя суда Ленінскага раёна Магілёва прызнала вінаватым Алеся Буракова па арт. 23.34 КаАП, што ён нібыта ўдзельнічаў у акцыі 6 траўня пад магілёўскім ІЧУ, і асудзіла сябра "Вясны" на 10 сутак адміністрацыйнага арышту.

Адбываць пакаранне ён будзе ізалятары часовага ўтрымання УУС Магілёўскага аблвыканкама (вуліца Крупскай 99Б, г. Магілёў, 212011). На волю выйдзе ў 11 гадзін 25 траўня. Заклікаем падтрымаць нашага сябра паштоўкамі і лістамі падтрымкі!

За акцыі "на суткі" адправілі дзясяткі чалавек. Падтрымай іх паштоўкай салідарнасці

Некалькі дзён запар у розных гарадах краіны працягваецца пераслед грамадзян, якія выходзілі на мясцовыя акцыі пратэсту: у падтрымку экаактывістаў Берасця ("кармленне галубоў") і ў падтрымку блогера Сяргея Ціханоўскага. Не абышлося і без адміністрацыйных арыштаў. Суды адпраўляюць некаторых "на суткі" за ўдзел у мірных сходах па артыкуле 23.34 КаАП. Пры гэтым праваабаронцы "Вясны" заклікаюць беларускія ўлады адмовіцца на перыяд абвешчанай пандэміі ад прымянення адміністрацыйных затрыманняў на тэрмін звыш 3-х гадзін і адміністрацыйных арыштаў.

Нагадаем, 8 траўня таксама быў затрыманы праваабаронца і журналіст "Магілёўскай вясны" Аляксандр Буракоў. Яго затрымалі 8 траўня каля суда, дзе ён збіраўся ажыццяўляць маніторынг. Выходныя ён правёў у ІЧУ. 12 траўня суд Ленінскага раёну Магілёва абвінаваціў праваабаронцу ў 2-хвілінным удзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і асудзіў на 10 сутак адміністрацыйнага арышту.

Рада Праваабарончага цэнтру “Вясна” патрабуе неадкладна вызваліць затрыманага Аляксандра Буракова і спыніць яго пераслед ў сувязі з праваабарончай дзейнасцю.

Патрабуем неадкладнага вызвалення арыштаваных сябраў ПЦ “Вясна” і спынення іх пераследу ў сувязі з праваабарончай дзейнасцю

Заява Рады Праваабарончага цэнтру “Вясна”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства