"Пандэмія – гэта выклік для любой дэмакратыі". Праваабаронцы абмеркавалі свабоду сходаў са спецдакладчыкам ААН

2020 2020-04-30T16:36:48+0300 2020-04-30T17:38:04+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/consultation.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Анлайн-сустрэча са спецдакладчыкам ААН па свабодзе мірных сходаў. Скрыншот зроблены Мэцью Джонсам (Human Rights House Foundation)

Анлайн-сустрэча са спецдакладчыкам ААН па свабодзе мірных сходаў. Скрыншот зроблены Мэцью Джонсам (Human Rights House Foundation)

29 красавіка адбылася анлайн-сустрэча са спецыяльным дакладчыкам ААН па свабодзе мірных сходаў і асацыяцый Клеманам Вулем, арганізаваная Фондам Дамоў правоў чалавека.

У ёй прымалі ўдзел праваабаронцы з 14 краінаў Усходняй Еўропы, Балканаў і Каўказа, дзе дзейнічаюць Дамы правоў чалавека. Беларусь прадстаўляла праваабаронца “Вясны” і экспертка па свабодзе мірных сходаў Наталля Сацункевіч.

Удзельнікі сустрэчы рэфлексавалі над ключавымі прынцыпамі ад Спецдакладчыка, выкладзенымі ім у звязку з абмежаваннем правоў чалавека падчас пандеміі COVID-19, а таксама дзяліліся бягучай сітуацыяй у сваіх краінах, выпрацоўвалі рэкамендацыі па свабодзе сходаў і асацыяцый.

Наталля Сацункевіч распавяла пра агульную сітуацыю са свабодай сходаў у Беларусі і пра тыя новаўвядзенні, якія былі зробленыя ў сувязі з распаўсюдам каранавіруснай інфекцыі. Так, праваабаронца адзначыла, што за 2019 год за рэалізацыю права на мірныя сходы і свабоду выказвання меркавання на вулічных акцыях адміністрацыйнаму пераследу з боку ўладаў было падвергнута не менш за 150 чалавек, зафіксавана не менш за 230 выпадкаў рэпрэсій, у тым ліку 13 адміністрацыйных арыштаў. Наталля Сацункевіч засяродзіла ўвагу прысутных удзельнікаў і на тым, што на працягу апошніх двух год кожную нядзелю ў Брэсці актывісты выходзяць на мірны пратэст супраць будаўніцтва і запуску акумулятарнага завода. За гэты час да пратэстоўцаў неаднойчы ўжываліся затрыманні, арышты, крымінальны пераслед і іншыя віды запуджванняў і рэпрэсій, а прама зараз тры актыўныя ўдзельнікі арыштаваныя на 15 сутак і знаходзяцца ў ІЧУ. Падобная сітуацыя складваецца і ў Светлагорску, дзе таксама людзі змагаюцца за права на чыстае асяроддзе.

Цікава, што хоць надзвычайнае становішча ў Беларусі не абвешчана і ніякіх іншых каранцінных мераў уладамі не прымаецца, аднак было уведзена патрабаванне аб самаізаляцыі для асобных катэгорый грамадзянаў, якія хварэюць у лёгкай ступені на каранавірус ці з’яўляюцца "кантакнымі асобамі". Такіх людзей правяраюць медыкі і міліцыянеры, а калі выяўляюцца выпадкі парушэння рэжыму самаізаляцыі – прыцягваюць да вялізных штрафаў. Праваабаронцам вядома не менш 200 выпадкаў адміністрацыйнага пераследу на такой падставе.

Наталля Сацункевіч асобна спынілася на пытанні свабоды сходаў падчас прэзідэнскіх выбараў, якія павінны адбыцца ў Беларусі не пазней за 30 жніўня.

“Правядзенне агітацыйнай кампаніі ва ўмовы пандэміі моцна абмежавана. Фактычна, кандыдаты, якія будуць адказна ставіцца да мераў па нераспаўсюджванні каранавіруса, будуць абмежаваныя ў правах на правядзенне агітацыі ў звыклых формах. Верагодна, дзяржаве варта прадумаць і прапанаваць кампенсацыйныя механізмы, напрыклад, прадастаўлення бясплатнага часу на дзяржаўным тэлебачанні”, – адзначыла праваабаронца.

Падчас сустрэчы праваабронцы з розных краінаў пагадзіліся, што пандэмія – гэта выклік для любой дэмакратыі, і асаблівую ўвагу трэба звяртаць на правы найбольш уразлівых групаў. Калі ж дзяржавы прымаюць абмежавальныя меры, ім неабходна супрацоўнічаць з грамадзянскай супольнасці і даваць магчымасць людзям адрэагаваць на такія меры, у тым ліку праз права на свабоду сходаў і выказвання меркаванняў.

Спецыяльны дакладчык ААН падзякаваў удзельнікам за прадастаўленую інфармацыю, ён будзе і надалей працаваць над падрыхтоўкай сваіх рэкамендацыяў урадам, а таксама арганізоўваць анлайн-сустрэчы, пакуль усе візіты прыпыненыя. 


Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства