viasna on patreon

"Мы стаім на парозе бяды, якая адбудзецца непазбежна". Закрытыя інтэрнаты і COVID-19

2020 2020-04-24T20:03:00+0300 2020-04-24T21:24:07+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/drazdouski_inv.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

"Мы вымушаныя крычаць SOS!! У інтэрнатах краіны складваецца вельмі цяжкая абстаноўка ў сувязі з COVID-19 " — пра гэта заявіў Офіс па правах людзей з інваліднасцю. Ён з'яўляецца адной з сямі арганізацый, якія падпісалі заяву, у якой выказваецца "крайняя зацікаўленасць у рэалізацыі ўсіх магчымых мер па выратаванні людзей і мінімізацыі наступстваў эпідэміі ў сацыяльных установах". Тры дні таму заява была накіравана ў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны (паколькі менавіта ў яго падпарадкаванні гэтыя сацыяльныя ўстановы і знаходзяцца).

Дырэктар Офіса Сяргей Драздоўскі патлумачыў "Вясне", у чым жа прычына такой трывогі.

Сяргей Драздоўскі. Фота: ПЦ
Сяргей Драздоўскі. Фота: ПЦ "Вясна".

Пра каго ідзе гаворка?

У заяве звяртаецца ўвага на ўсе закрытыя стацыянарныя ўстановы, дзе людзі пражываюць на пастаяннай аснове. Сярод іх — дамы, дзе знаходзяцца пажылыя людзі, а таксама агульныя інтэрнаты для састарэлых і людзей з інваліднасцю. Вялікая ўвага звяртаецца на псіханеўралагічныя інтэрнаты (ПНІ), паколькі, па словах Сяргея Драздоўскага, менавіта яны з'яўляюцца "самымі жорсткімі".

У чым справа?

У закрытых сацыяльных установах сышлося адразу некалькі фактараў, спрыяльных для распаўсюджвання COVID-19.

Па-першае, большасць людзей, якія там пражываюць, — пажылыя,  а таксама людзі з шэрагам хранічных захворванняў і праблемным здароўем.

“Па розных прычынах у многіх паслабленыя імунітэты — і гэта ў тым ліку з-за маларухомага ладу жыцця", — адзначае Сяргей Драздоўскі.

Па-другое, вялікую ролю адыгрывае спецыфіка арганізацыі прасторы такіх устаноў:

"Большасць устаноў пабудаваныя па калідорным прынцыпе, то бок ёсць доўгі калідор і палаты, у якіх звычайна пражывае 6-8 чалавек, але можа быць  і да 20-ці. Супрацоўнікі інтэрната прыходзяць на свае працоўныя месцы, у буйных установах гэта некалькі сотняў чалавек штодня".

Усяго ж у Беларусі каля 18000 чалавек жыве ў 72-х інтэрнатах для дарослых, а ў 9 наяўных дзіцячых інтэрнатах жыве 1400 дзяцей.

Па-трэцяе, у такіх сацыяльных установах жывуць людзі, якія ў сілу сваіх асаблівасцяў часта не здольныя самастойна абараняцца  — рэагаваць на выклікі, больш поўна аналізаваць сітуацыю і прымаць адпаведныя рашэнні. Аднак галоўны неспрыяльны фактар заключаецца ў самай галоўнай асаблівасці такіх сацыяльных устаноў — яны з'яўляюцца зачыненымі.

"Людзі, якія знаходзяцца там, абмежаваныя ў сваёй свабодзе, — падкрэслівае Сяргей Драздоўскі. — Нават калі хтосьці разумее, што трэба зрабіць, ён гэтага зрабіць не можа — яму забаронены выхад за тэрыторыю ўстановы".

Вялікую ролю тут адыгрывае праблема дзеяздольнасці — і яе пазбаўленыя ўсе пражываючыя псіханеўралагічных інтэрнатаў. Гэта азначае, што падапечныя не могуць прымаць самастойных рашэнняў без згоды свайго апекуна (якім у ПНІ выступае яго дырэктар).

Закрытасць сацыяльных устаноў — гэта плюс ці мінус?

Інтэрнаты традыцыйна з году ў год зачыняюцца на сезонныя каранціны (з-за ВРВІ і т.п.). Як адзначае Сяргей Драздоўскі, звычайна гэты спосаб спрацоўваў — паколькі дазваляў ахавацца ад знешніх уздзеянняў і перажыць звычайныя вірусныя атакі. Аднак COVID-19 да іх не адносіцца:

"Цяпер інтэрнаты таксама зачыненыя на каранцін з-за COVID-19 (і зрабілі яны гэта прыкладна два месяцы таму). Але такое адчуванне, што ўсё, як звычайна, проста чакалі, што COVID-19 сыдзе сам сабой. Але ён не сыйшоў. І далей каранцін як звычайны спосаб абароны вычарпаў сябе. І інтэрнаты апынуліся наогул без дапамогі. Сама сістэма інтэрнатаў з'яўляецца прасвяднай глебай для распаўсюджвання каронавірусу".

Што зараз адбываецца ў інтэрнатах?

21 красавіка стала вядома, што ў Вясноўскім доме-інтэрнаце, дзе пражывае 170 дзяцей, у адной з супрацоўніц быў выяўлены каранавірус.

Вясноўскі дом-інтэрнат. Фота: svaboda.org
Вясноўскі дом-інтэрнат. Фота: svaboda.org

"Мы пачалі пісаць ліст у Міністэрства працы чатыры дні таму. І пакуль мы яго пісалі, мы зразумелі, што з кожны днём сітуацыя выглядае ўсё горш і горш. Да нас пачала сцякацца інфармацыя аб заражэннях каранавірусам у інтэрнатах".

Гэтая інфармацыя паступала ад розных катэгорый людзей: якія пражываюць у інтэрнатах, якія жывуць побач з імі, а таксама ад людзей, якія ў сілу сваёй дзейнасці так ці інакш з імі звязаны (напрыклад, пастаўшчыкі прадуктаў). Таму, як кажа Сяргей Драздоўскі, на сённяшні дзень ёсць інфармацыя аб агменях інфекцыі ў пяці дарослых і двух дзіцячых установах. Аднак, вядома ж, гэтая інфармацыя не з'яўляецца афіцыйна пацверджанай:

"На вялікі жаль сёння сістэма інтэрнатаў як была пабудавана, так і застаецца такой: ні адзін супрацоўнік інтэрната не скажа ўслых, што там на самой справе адбываецца",— са шкадаваннем кажа Сяргей Драздоўскі, а затым падкрэслівае: "Хоць мы не можам быць дакладнымі сведкамі, але мы параўноўваем інфармацыі ад розных людзей і мы бачым, што яна супадае. Да таго ж мы вельмі добра ведаем канфігурацыю размяшчэння аддзяленняў інтэрнатаў, арганізацыю іх працы — і гэтыя звесткі ад людзей вельмі выразна кладуцца на тое, як гэта можа на самай справе адбывацца. Гэта значыць, мы маем гіпотэзу [аб высокіх заражэннях COVID-19 у інтэрнатах — заўв. ] з вельмі выразнай ступенню верагоднасці".

Што рабіць? Прапановы дзяржаўнага сектара

Інтэрнаты ўжо спрабуюць прадпрымаць нейкія дзеянні. Так, там ўводзіцца абсервацыйны рэжым: частка супрацоўнікаў працуе ў установе па два тыдні вахтай. Чаму гэта неэфектыўна?

"Чалавек, які працуе ў інтэрнаце, у якім ёсць ачаг, хутчэй за ўсё будзе носьбітам каранавірусу, —  крытыкуе Сяргей Драздоўскі. — І пакуль гэтым супрацоўнікам ніхто не сказаў, што яны павінны рабіць, калі пасля заканчэння сваёй вахты яны вернуцца дадому: гэта будзе посткаранцін? Тэставанне? Якія меры будуць прынятыя? Як яны, будучы апрыёры носьбітамі віруса, вернуцца ў сем'і? Міністэрства працы і сацыяльнай абароны маўчыць. Магчыма, Міністэрства цяпер нешта і робіць, але ніхто аб гэтым не ведае".

Акрамя таго, у адрозненне ад медработнікаў, якія па ўказе Прэзідэнта будуць атрымліваць даплаты за працу ва ўмовах, звязаных з інфекцыямі, супрацоўнікі інтэрнатаў на такое разлічваць не змогуць — бо, як узгадвалася вышэй, яны падведамныя Міністэрству працы і сацыяльнай абароны, а не Міністэрству аховы здароўя.

"Атрымліваецца, што ўмовы для супрацоўнікаў інтэрнатаў цяпер арганізаваныя такім чынам, што любы разважлівы чалавек павінен быў бы адмовіцца ад такіх умоў. І мы вельмі лёгка можам апынуцца ў такой сітуацыі, як у Іспаніі — калі ў такіх сацыяльных установах раптам разбегліся супрацоўнікі, кінуўшы людзей, якія там жылі. Калі не вырашыць працоўныя пытанні — то можна пазбавіцца супрацоўнікаў", — кажа Сяргей Драздоўскі.

Што рабіць? Прапановы грамадзянскага сектара

Сяргей Драздоўскі звяртае ўвагу на расійскі досвед — можна паспрабаваць знайсці пустуючыя санаторыі, гасцініцы, а затым пратэставаць іх і арганізаваць менш скучанае пражыванне. Гэта значыць — рассяліць інтэрнаты.

Яшчэ адна прапанова — паспрабаваць практыку "хатніх" водпускаў: людзей, якія пражываюць у інтэрнатах, могуць часовы забраць сваякі і валанцёры.

"Аднак нашы ПНІ трапілі ва ўласную пастку, — адзначае Сяргей Драздоўскі, — бо ўсе пражываючыя там пазбаўленыя дзеяздольнасці. А аднавіць яе большасці з іх у прынцыпе немагчыма — з-за асаблівасцяў беларускага заканадаўства".

Офіс па правах людзей з інваліднасцю ў сваёй павестцы паслядоўна выступае за дэінстытуалізацыю. Аднак у дадзенай сітуацыі гэта не азначае, што добрым рашэннем было б закрыццё інтэрнатаў і роспуск ўсіх людзей:

"Цяпер гэта будзе злачынствам, калі мы проста разгонім інтэрнаты. Гэтыя людзі могуць загінуць без той падтрымкі, якая там ёсць. Таму што альтэрнатывы няма, яна не створаная. Яшчэ пяць гадоў таму мы звярталі на гэта ўвагу Міністэрства працы, але яно нічога не зрабіла".

Пад дэінстытуалізацыяй разумеецца паступальны рух да таго, каб на месцах ствараць умовы сацыяльнай-бытавой падтрымкі чалавека — у такім выпадку ён бы змог жыць у рамках сваёй мясцовай супольнасці, а не адрывацца ад яе, як гэта адбываецца з-за памяшчэння чалавека ў інтэрнат.

"Мы стаім на парозе бяды, якую калі не прадухіліць, то яна здарыцца непазбежна. І тут кожны можа зрабіць тое, што можа. У першую чаргу, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, якое давяло "да ручкі" гэтую сітуацыю, павінна ўзяць на сябе адказнасць. А таксама мы заклікаем сілы грамадскасці для таго, каб дапамагчы персаналу".

Офіс па правах людзей з інваліднасцю разам з няўрадавай арганізацыяй "Есть дело"  адкрылі тэрміновы збор сродкаў для закупкі спецыялізаваных сродкаў абароны для супрацоўнікаў інтэрнатаў (супрацьэпідэмічныя касцюмы, рэспіратары, акуляры, шчыткі для штодзённай працы непасрэдна з падапечнымі, хворымі на COVID). Сяргей Драздоўскі адзначае, што яны востра ў гэтым маюць патрэбу, "бо мы нават сутыкнуліся з тым, што ім трэба закупляць смеццевыя мяшкі для правільнай утылізацыі спецыялізаваных адходаў". Да збору, арганізаванага на пляцоўцы molamola.by, можа далучыцца кожны.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства