Блог Алеся Бяляцкага: Турма. Забытыя людзі. Гісторыя: XV. “ГУМОВЫ ТАПАК”

2020 2020-04-21T12:11:09+0300 2020-04-21T13:04:08+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/dashkevich_z.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Звычайна мы называем адзін аднаго на “ты”, як патлумачыў мне генерал нават з нейкім унутраным задавальненьнем: “У турме ўсе роўныя”. Але маладзейшыя хлапцы, якія прайшлі праз нашую хату, – Макс, Глеб, Ігарок, Андрэй – зьвяртаюцца да нас, старэйшых, на “вы”, паганялаў нам не прыдумляюць, генерала паважна называюць Паўлавічам. Маё ж імя – Алесь, у зьняволеных не выклікае ніякіх пытаньняў. Толькі Паўлавіч пры знаёмстве яшчэ раз перапытаў: “Алесь?”

“Так”, – упэўнена адказаў я.

Валодзя, пачуўшы маё імя, неяк хітра паматаў галавой, але нават ня мрукнуў.

Ягоны прыхаваны скепсіс я зразумею пазьней, калі прачытаю апавяданьне Зьміцера Дашкевіча “Гумовы тапак”, напісанае ім у наступным, 2012-м годзе, калі ён сядзеў ужо ў Мазырскай калоніі. Я чытаў яго ў “Народнай Волі”, быўшы ў калоніі ў Бабруйску, і весела сьмяяўся, уяўляючы галоўнага героя аповяда – як быццам бы ўдома пабываў. У гэтым апавяданьні Зьміцер апісаў і Валодзю, і спрэчкі з генералам падчас прагулак пра беларускую мову, і ўсю нашую хату. А вось дырэктара завода, якога ён там згадвае, у камеры я ўжо не застаў.

dashkevich_z.jpg
Зміцер Дашкевіч

Падзеі з аповяду адбываліся месяцы за тры перад тым, як у гэтую ж хату патрапіў і я. Валодзя адразу наехаў на Зьміцера Дашкевіча за беларускую мову. Як толькі той зайшоў у камеру і сказаў два словы па-беларуску, Валодзя пляснуў яго пантоплем па галаве: размаўляй нармальна!

Зьміцер ад нечаканасьці разгубіўся і не адказаў, хаця, на добры лад, трэба было пачынаць “рамсіць рамсы”. Зусім не абавязкова кідацца біцца. І нават ня варта, бо тады вінаватым адміністрацыя зробіць цябе. Але і маўчаць нельга. Высьвятленьне пазіцый на словах – у калоніі я яшчэ неаднойчы гэта ўбачу, ды і сам буду “рамсіць” – мае ня меньшы эфект. За такі беспадстаўны ўчынак Валодзю маглі б сур’ёзна папярэдзіць.

Але ўсе гэтыя мае развагі – у спакойных абставінах і за ноутбукам. А там, у рэальнай жыцьцёвай сітуацыі, у цяперашнім часе, у хвіліну, калі здараецца штосьці падобнае, не заўсёды знаходзішся чым і як адказаць так, каб не даць маху і перамагчы.

Бывала, што і мяне падлаўлівалі “на разслабоне”, ці на няведаньні і дабрадушшы. Таму ж Валодзю я сам аддаў пару блокаў “Вінстану” задарма, бо не паліў і не разумеў яшчэ каштоўнасьць гэтай турэмнай валюты. Той, праўда, сказаў, што перадасьць іх у іншыя хаты, дзе сядзіць шмат людзей, а паліць няма чаго. Ды баландзёрам кіне пару пачкоў, каб лепшы кавалак мяса Паўлавічу на дыету давалі нам у камеру. Ды кантралёрам упіхне цішком, каб даўжэй дазвалялі ў душы памыцца. Даваў ён цыгарэты і старшаму па корпусу, каб той запускаў нас у лепшы дворык ды дазволіў пагуляць падаўжэй. У выніку, увосень хадзілі мы на выгул замест законнай гадзіны – па паўтары.  

Валодзю і самаму маці перадавала цыгарэты. Ён казаў, што перадаваў лішкі маладым зэкам, якіх “не падагравалі” з волі. Ці перадаў ён іх у іншыя хаты, ці дзяліўся з операм ды кантралёрамі наўзамен за лепшае стаўленьне да сябе – ня ведаю, але падазраю, што так яно магло і быць. На сёньняшні розум, даў бы я яму тры пачкі “Вінстана” на месяц за ўсё пра ўсё, а ня блок, у якім дзесяць пачкоў, – і хапіла б.

Толькі ў фільмах зэкі праходзяць па турме, як Ісус па вадзе, і нішто да іх не прыліпае. Навыкі турэмнага жыцьця набываюцца з вопытам адсідкі. З цягам часу зьяўляецца неабходная і карысная зэкаўская звычка “прабіваць” людзей. У турме важна навучыцца хутка распазнаваць, хто ёсьць кім, каб здагадвацца ці адразу разумець, што ад каго чакаць, ніколі ня спаць у шапку, заўсёды быць гатовым адказаць на зьнявагу, правакацыю ці наезд. Гэты стан пастаяннай насьцярогі і гатоўнасьці да адпору выпрацуецца ў мяне ў бабруйскай калоніі.

Хаця, па вялікім рахунку, і гэта ня так важна. Важна тое, за што ты патрапіў у турму. І калі ты палітычны зьняволены, дык адно гэта зьяўляецца прысудам той сістэме, у якой ты жывеш. А ўжо як ты сядзіш – збольшага, гэта твае асабістыя праблемы, якія датычаць толькі цябе.

Зьміцер Дашкевіч апісвае, як Валодзя скардзіўся на іншых сукамернікаў і напаіў яго гарбатай. Калі я чытаў, пасьміхаўся: Ваван “уціраўся ў давер”. У выніку, Зьміцер дараваў яму і зрабіў выснову:

“Валодзя разважаў пра мову, як пра глум над сабою. Але ці ён вінаваты ў гэтым? Гэта бяда народа нашага, і ён — толькі адзін з яго прадстаўнікоў”.

“Увогуле-то слушна”, – думаў я, чытаючы гэты аповяд у Бабруйску. Толькі трэба яшчэ ўлічыць, што, без сумневу, оперы паставілі перад Валодзем задачу – прамацаць, хістануць, а па магчымасьці, і справакаваць Зьміцера. Але той не павёўся, не паддаўся і нават потым пашкадаваў сваго правакатара. Сьвятая хрысьціянская душа.

Дык вось, калі я назваўся Алесем і заразмаўляў з сукамернікамі па-беларуску, ні ў кога гэта ня выклікала ні зьдзіўленьня, ні пратэсту. Ніхто і слова насуперак не сказаў. Адразу згадалі пра Зьміцера Дашкевіча, з павагаю, што быў тут такі Зьміцер, які заўсёды па-беларуску размаўляў. І генерал, які скардзіўся, што ня ўсё мог зразумець, бо мова ў Зьміцера нейкая “кручаная”, а вось маю разумее выдатна. І Валодзя, які сказаў пра Зьміцера: “Худы, як тычка, а духам моцны”. Станоўчае ўражаньне пакінуў Зьміцер у маіх сукамернікаў. Мне было прыемна за яго і сумна, што па адных турэмных сьцежках водзіць нас лёс. І мне, як я зразумеў з гэтых размоваў, пасьля Зьміцера ў гэтай камеры сядзець было ўжо лягчэй.

Валодзя ў наступныя месяцы яшчэ некалькі разоў пырхаў на беларускую мову. Казаў, што не ўспрыймае яе. Я не ўступаў у спрэчкі, прапускаў гэтыя выразы паміж вушэй. Я проста размаўляў на мове і па-за ягонай воляй прывучаў яго. Чаго раскідваць перліны перад тымі, хто ня ў стане зразумець іх кошту? Не падабаецца табе мова – дык і на здароўе, трымай гэта пры сабе, але размаўляць са мной ты ўсё-роўна будзеш, а як у хаце інакш? Адсюль ня выскачыш па сваё волі, не адчыніш дзьверы і ня выйдзеш, трэба ўжывацца з тымі, хто ёсьць.

Адчуваньне агульнай бяды, у якую трапляюць зьняволеныя, хочаш ня хочаш, аб’ядноўвае вельмі розных людзей. У 1999, здаецца, сядзелі мы на сутках у адной хаце на Акрэсьціна – Мікола Статкевіч і я, за арганізацыю і ўдзел у мітынгу. А затым да нас падсадзілі Глеба Самойлава – фашыста, лідэра беларускага аддзяленьня РНЕ. Мабыць зрабілі гэта знарок, спадзяваліся, што мы пачнем зь ім сварыцца, а можа і біцца. Ды памыліліся. Самойлаў увесь час ляжаў на “сцэне”, адвярнуўшыся да нас сьпінай, маўчаў. Не зважалі на яго і мы, размаўлялі міжсобку па-беларуску, як быццам бы яго ў камеры і не было. Па нашай мове, думаю, ён адразу зразумеў, чые мы.

Урэшце нам перадалі перадачку, а Самойлаву – не. Ён сядзеў на “палажняковай” ежы. Мы пад’елі кілбасы з часнаком. А потым пераглянуліся, і хтосьці з нас працягнуў яму некалькі зубкоў часнаку. І ён не адмовіўся, узяў. Праз тры дні, не дачакаўшыся разборак паміж намі, яго перавялі ў іншую камеру.

У жніўні 2000-га Глеба Самойлава забілі нажом у сэрца ў пад’езьдзе дома на Магілёўскай, дзе ён жыў. Я праходзіў побач, ідучы на метро Інстытут культуры, калі яго выносілі, каб пахаваць. Быў невялікі натоўп моладзі, мабыць ягных паплечнікаў, і ня меньш ціхароў, якія тапталіся скрозь па двох. Як быццам бы зрабіў гэта былы спецназавец Валеры Ігнатовіч, які за месяц перад гэтым выкраў і забіў кінааператара Дзьмітрыя Завадскага. А за год перад гэтым, десьці каля гэтага ж дому, на гэтай самай сьцежцы, па якой гадамі да метро хадзіў і я, бо жыў непадлёк, быў выкрадзены і затым забіты генерал Юры Захаранка. Каманды на забойства Юрыя Захаранкі і Глеба Самойлава, якія б розныя яны не былі, хутчэй за ўсё аддаваліся з аднаго кабінета.

Вось жа, увосень 2011 года, праз дванаццаць гадоў, мы з Міколам Статкевічам – па розных крымінальных артыкулах, у розных турмах, але неяк так супала, што ізноў грэлі турэмныя нары.

Блог Алеся Бяляцкага: Турма. Забытыя людзі. Гісторыя: XIV. АБЕД. ПРЫБОРКА

У 12.30 пачынаецца прыгатаваньне абеду. Валодзя, які днямі сядзіць на сваёй шконцы, гадзінамі бяздумна ўперыўшыся ў сьцяну насупраць, вялізны і рыхлы целам, як гурба веснавога сьнегу, з чырвоным бандзюкаватым тварам, з запалёнымі ярка-чырвонымі вейкамі. Такога ўвечары ўбачыш, дык перахрысьцісься.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства