viasna on patreon

Праваабаронцы занепакоеныя становішчам зняволеных у сувязі з COVID-19

2020 2020-04-02T12:10:13+0300 2020-04-06T12:20:32+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/coronavirus-prisons.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыя з сайта iranhumanrights.org

Ілюстрацыя з сайта iranhumanrights.org

З паведамленняў у СМІ вядома, што ў Віцебску і Віцебскай вобласці напружаная сітуацыя ў сувязі з распаўсюджваннем каранавіруснай інфекцыі. Так, лекар лабараторнай дыягностыкі Віцебскай гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Наталля Ларыёнава размясціла ў сацсетцы пост аб тым, што сітуацыя з каранавірусам у Віцебску "пачала выходзіць з-пад кантролю". Лічбы па захворванні, якія Беларусь падае ў Сусветную арганізацыю аховы здароўя, на яе думку, "абсалютна міфічныя".

Вядома таксама, што ў Віцебску больш за 10 лекараў заразіліся каранавірусам. А пасля першай афіцыйна пацверджанай смерці ў Віцебску Міністэрства аховы здароўя наогул перастала публікаваць інфармацыю аб агульнай колькасці тых, хто захварэў у краіне.

У сітуацыі, якая склалася, занепакоенасць праваабаронцаў выклікае становішча асобаў у месцах пазбаўлення волі, інфармацыя з якіх фактычна застаецца недаступнай для грамадскасці.

Так у Віцебскай вобласці размешчана пяць калоній, тры папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу, два лячэбна-працоўных прафілакторыя і СІЗА. Таксама ў вобласці ёсць па меншай меры аддзяленне прымусовага лячэння хворых на сухоты ў Багушэўскай абласной сухотнай бальніцы.

bogushevskaia_bolnica.jpg
Багушэўская абласная сухотная бальніца

Як раней паведамлялася, ва ўстановах пенітэнцыярнай сістэмы былі адмененыя кароткатэрміновыя і працяглыя спатканні "у мэтах прафілактыкі інфекцыйных захворванняў". Замест іх родным і блізкім асуджаным прапануецца зрабіць дадатковую перадачу і вітамінавага комплексу: адзін раз на 30 дзён дазволена перадача часныку, цыбулі, яблыкаў, лімонаў, апельсінаў агульнай вагой да 10 кілаграмаў.

Тым не менш на днях Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Мішэль Бачэлет заклікала прыняць тэрміновыя меры для абароны жыцця і здароўя асобаў, якія знаходзяцца ў месцах зняволення і ў іншых закрытых установах, у межах комплексных мераў па стрымліванні пандэміі COVID-19.

"У многіх краінах месцы пазбаўлення волі перапоўненыя, часам да небяспечнай мяжы. Людзей часта ўтрымліваюць у антысанітарных умовах, а медыцынская дапамога не адпавядае неабходным стандартам або наогул адсутнічае. Фізічнае дыстанцыяванне і самаізаляцыя ў такіх умовах практычна немагчымыя", - заявіла Бачэлет.

Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека заклікала ўрады не забываць тых, хто знаходзіцца за кратамі або ў закрытых псіхіятрычных установах, дамах састарэлых і інтэрнатах, таму што наступствы для людзей, якія ўтрымліваюцца ў іх, могуць быць катастрафічнымі.

"Вельмі важна, каб пры планаванні антыкрызісных мерапрыемстваў урады ўзялі пад кантроль сітуацыю са зняволенымі, каб абараніць асобаў, якія ўтрымліваюцца пад вартай, супрацоўнікаў, наведвальнікаў і, вядома, грамадства ў цэлым", - дадала яна.

На думку Мішэль Бачэлет, уладам неабходна разгледзець магчымасць вызвалення асобаў, найбольш уразлівых да COVID-19, сярод якіх - пажылыя людзі, хворыя, а таксама асобы, якія здзейснілі малабяспечныя злачынствы. Яны таксама павінны працягнуць забяспечваць асаблівыя медыцынскія патрэбы жанчын-зняволеных, у тым ліку цяжарных, а таксама інвалідаў і непаўналетніх асобаў, пазбаўленых волі.

"Сёння як ніколі ўрады павінны вызваліць кожнага, хто быў затрыманы без важкіх прававых падстаў, у тым ліку палітычных зняволеных і іншых асобаў, затрыманых толькі за выказванне крытычных поглядаў і іншадумства", - падкрэсліла Бачэлет.

У дачыненні да зняволеных дзяржава нясе абавязацельства па абароне іх фізічнага і псіхічнага здароўя ў адпаведнасці з мінімальнымі стандартнымі правіламі абыходжання са зняволенымі ААН (вядомымі як Правілы Нэльсана Мандэлы).

Меры, якія прымаюцца ва ўмовах крызісу, звязанага з пагрозай здароўю людзей, не павінны падрываць асноўныя правы зняволеных, у тым ліку іх правы на дастатковае харчаванне і ваду. Варта таксама цалкам выконваць меры па прадухіленні жорсткага абыходжання з асобамі, якія ўтрымліваюцца пад вартай, у тым ліку забяспечыць ім доступ да адвакатаў і лекараў.

"Абмежаванні наведванняў закрытых устаноў, магчыма, неабходныя для прадухілення распаўсюджвання віруса, але такія меры варта прымаць на аснове празрыстасці і выразнага інфармавання тых, каго яны датычацца", - сказала Бачэлет.

Яна прывяла прыклады альтэрнатыўных мераў, якія былі прынятыя ў некаторых краінах, уключаючы больш шырокае выкарыстанне відэасувязі, дазвол на больш частыя званкі родным і выкарыстанне электроннай пошты.


Калі вам вядомая якая-небудзь інфармацыя ад вашых блізкіх у зняволенні ў сувязі з распаўсюджваннем каронавіруса - паведаміце пра гэта праваабаронцам "Вясны" па пошце viasna@spring96.org.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства