На кіраўніка мазырскага “Руху за Свабоду” чатыры разы перапісвалі пратакол за экстрэмізм

2020 2020-03-30T12:18:12+0300 2020-04-01T12:19:45+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/kryvucki.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Кіраўнік мазырскага аддзялення "Руху за Свабоду" Рыгор Крывіцкі ўжо стаміўся ад шматлікіх перапісванняў пратакола, у якім мясцовыя міліцыянты спрабуюць абвінаваціць яго ў здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння, прадугледжанага артыкула 17.11 КаАП, паведамлея  "Палеская Вясна".

kryvucki.jpg
Рыгор Крывіцкі

Гэта распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама выраб, выданне, захоўванне або перавозка з мэтай распаўсюду такой інфармацыйнай прадукцыі, калі ў гэтых дзеяннях няма складу злачынства.

Першы раз капітан міліцыі Сяргей Марціновіч прыйшоў да Рыгора Крывіцкага ў анкалагічны дыспансер, дзе ён тады лекаваўся, яшчэ 10 лютага. Ён распавёў хвораму Крывіцкаму, што той 16 лістапада 2018 года зрабіў рэпост на сваю старонку ў Фэйсбуку запісу, дзе ўзгадваецца арганізацыя анархісцкага руху, нібыта ўключаная ў лік экстрэмісцкіх. Марціновіч склаў пратакол, а Крывіцкі падпісаў яго, бо не мог добра разабрацца, што яму інкрымінуюць, з-за таго, што толькі прайшоў хваравітую працэдуру біяпсіі. Калі самаадчуванне актывіста палепшылася, ён паспрабаваў разабрацца, што ж яму ставяць у віну. Але ў пакінутай копіі пратакола ён не здолеў нічога разабраць.

Літаральна на наступны дзень Марціновіч зноў завітаў да Крывіцкага ў анкадыспансер з прапановай перапісаць пратакол, бо першы прыйшоўся не даспадобы кіраўніцтву. Такое нахабства раззлавала актывіста і ён адмовіўся адказваць на пытанні міліцыянта і падпісваць новы пратакол. 12 лютага, адразу пасля выпіскі з анкадыспансера, актывіст звярнуўся ў Мазырскі РАУС, каб атрымаць чытэльную копію хаця б аднаго з пратаколаў. Але ў РАУСе адказалі, што дашлюць на ягоную заяву пісьмовы адказ. 18 лютага Крывіцкі артымаў ліст з РАУС, у якім паведамлялася, што матэрыялы адміністрацыйнай справы накіраваныя ў суд і азнаёміцца з імі магчыма там.

У судзе ж яму сказалі, што справа вернутая назад у РАУС на дапрацоўку. 12 сакавіка пошта прынесла Крывіцкаму яшчэ адзін – найноўшы, трэці па ліку пратакол. Ён быў складзены 9 сакавіка і ў ім Крывіцкаму інкрымінуюць тое самае.

А 26 сакавіка да Рыгора Крывіцкага зноў прыйшоў капітан міліцыі Сяргей Марціновіч складаць ужо чацвёрты па ліку пратакол аб экстрэмізме. Матываваў тым, што суд хвалюе, ці не ўтрымліваюцца ў дзеяннях Крывіцкага матывы распальвання міжнацыянальнай варажнечы. Але цяпер міліцыянта чамусьці цікавілі, ці збіраецца Крывіцкі ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі па выбарах прэзідэнта, якая мае адбыцца ў найбліжэйшыя месяцы. Участковы спрабаваў удакладніць у пенсіянера, у якой якасці ён збіраецца быць – назіральнікам ці прадстаўніком нейкага кандыдата.

27 сакавіка Крывіцкі зноў наведаў Мазырскі РАУС з мэтай азнаёміцца з матэрыяламі справы і зняць копіі. Але яму адмовілі, сказаўшы, што азнаёміцца ён зможа ў судзе.

Актывіст звяртае ўвагу, што ў кожным новым пратаколе змяняецца дата, калі Крывіцкі нешта размясціў у сваім Фэйсбуку. Рыгор Крывіцкі накіраваў ужо другую заяву аб парушэннях з боку міліцыянтаў пракурору Мазырскага раёна. Першую заяву ад яго не прынялі, спаслаўшыся на тое, што рашэнне будуць прымаць па выніках суда. 27 сакавіка Крывіцкі занёс у пракуратуру яшчэ адну заяву, якую ўзялі, але не зарэгістравалі.


Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства