Атака на магілёўскіх журналістаў: новы штраф у 540 рублёў і новая адміністрацыйная справа

2020 2020-03-27T16:15:45+0300 2020-04-01T12:22:43+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/arshynski-sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фото mspring.online

Фото mspring.online

У судзе Кастрычніцкага раёна Магілёва 27 сакавіка суддзя Жанна Пушкіна аштрафавала фрылансера Міхаіла Аршынскага на 20 базавых велічынь за журналісцкую дзейнасць. Як паведамляе mspring.online, паглядзець працэс можна было на свае вочы ў Інтэрнэце – у фрылансера атрымалася правесці стрым паседжання.

Аршынскага абвінавацілі ў “незаконным вырабе прадукцыі СМІ” за рэпартаж, які выйшаў на тэлеканале БелСАТ. Сюжэт быў прысвечаны акцыі пратэсту магілёўскіх аўтамабілістаў супраць павышэння коштаў на бензін каля гандлёвага цэнтра «Е-Сіці» 8 лютага.

На думку міліцыі і суда, Аршынскі парушыў артыкул 22.9 КаАП, паколькі займаўся аператарскай работай для БелСАТ без акрэдытацыі.

Раней, 24 сакавіка, за той жа самы рэпартаж Кастрычніцкі суд аштрафаваў калегу Аршынскага Дар’ю Чульцову на 25 базавых велічынь.

Як і ў выпадку з Чульцовай, на працэсе ў якасці сведак выступілі супрацоўнікі АМАП УУС Магілёўскага аблвыканкама Сяргей Мікушкін і Юрый Басаў.

Яны паўтарылі свае паказанні: бачылі, як пад’ехалі на таксі дзяўчына [Чульцова] і хлопец, выйшлі з відэаабсталяваннем, пасля чаго пачалі здымаць тое, што адбываецца і браць інтэрв’ю ва ўдзельнікаў масавага мерапрыемства.

– Парушэння грамадскага парадку не было, – адзначыў камандзір узвода АМАП Мікушкін.

Аршынскі у сваю абарону заявіў, што закону не парушаў і дзейнічаў згодна з Канстытуцыяй, якая гарантуе яму свабоду пошуку і распаўсюджвання інфармацыі. Адміністрацыйная справа і суд у дачыненні да яго мужчына назваў палітычна матываванымі.

– Вінаватым я сябе не лічу. Я не парушаў артыкулаў прамога дзеяння заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Я ні член кіраўніцтва, ні саўладальнік, ні дырэктар тэлеканала БелСАТ. Я не магу па сваім меркаванні размяшчаць там інфармацыю. Няма нават доказаў таго, што я знаходжуся ў працоўных адносінах з гэтым СМІ. Такім чынам, я не магу незаконна вырабіць прадукцыю СМІ, – заявіў Аршынскі ў судзе.

Выступ Міхаіла ў судзе заняў гадзіну. Яго выслухалі і суддзя Жанна Пушкіна, і сведкі-супрацоўнікі АМАП.

У выніку, суд вырашыў аштрафаваць мужчыну на 20 базавых велічыняў – 540 рублёў. Гэта ўжо шосты рэпрэсіўны вердыкт інстанцыі ў дачыненні да магілёўскіх журналістаў за апошнія два месяцы.

Раней па два штрафы за рэпартажы на БелСАТ атрымалі Аліна Скрэбунова і Аляксандр Сідарэўскі, некалькі дзён таму судзілі Дар’ю Чульцову і «зачынілі» сакавік Аршынскім.

Прычым гэта будзе не апошні суд над фрылансерамі – перад пачаткам працэсу Аршынскаму і Чульцовай, якая прыйшла на пасяджэнне падтрымаць калегу, супрацоўнікі міліцыі ўручылі позвы на яўку ў РАУС горада Горкі на 9 красавіка.

Таксама праваабаронцам стала вядома, што ў гэты ж дзень з гомельскай журналісткай-фрылансерам Ларысай Шчыраковай звязваўся супрацоўнік міліцыі, які хацеў апытаць яе ў рамках адміністрацыйнай справы па ўсё той жа ч. 2 арт. 22.9 КаАП.


Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства