Самы вядомы адкрыты гей Палесся распавёў як гэта – быць жывой «прапагандай»

2020 2020-03-24T12:10:00+0300 2020-03-24T16:44:29+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/karpavec_2020.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

9 сакавіка было абвешчана, што каталіцкія, праваслаўныя і пратэстанцкія вернікі сабралі 52 тысячы подпісаў пад зваротам на імя Лукашэнкі, у якім патрабуюць «ініцыяваць прыняцце закона аб забароне прапаганды і публічнай дэманстрацыі гомасэксуалізму і іншых полавых збачэнняў непаўналетнім і ўнясенне адказнасці за гэтыя дзеянні ў Крымінальны кодэкс». Як працуе так званая «прапаганда гомасэксуалізму» ніхто з ініцыятараў збору подпісаў, які доўжыўся цэлую восень мінулага года, так і не патлумачыў.

У адказ на гэты зварот 18 праваабарончых і ЛГБТ-арганізацыяў, у ліку якіх быў і Праваабарончы цэнтр «Вясна», прынялі сумесную заяву з асуджэннем такіх патрабаванняў. Як адрэагуе на зварот беларуская ўлада, прадбачыць цяжка. Але, калі прапановы вернікаў будуць прынятыя, гэта дасць адразу некалькі нагодаў для пераследу людзей за іх арыентацыю, абмежавання свабоды слова, паглыбіць і так даволі значную стыгматызацыю такой сацыяльнай групы, як супольнасць ЛГБТК+.

Сумесная заява праваабарончых і ЛГБТ-арганізацый і ініцыятыў адносна актыўнасцяў, накіраваных на дыскрымінацыю ЛГБТ у Беларусі

Мы заклікаем улады Беларусі не ініцыяваць якіх-небудзь заканадаўчых зменаў, якія пацягнуць дыскрымінацыю прадстаўнікоў сацыяльнай групы ЛГБТ і з вялікай верагоднасцю справакуюць рост нецярпімасці і гвалту ў грамадстве.

Пра тое, ці можна зрабіцца гомасэксуалам пад уплывам прапаганды, што насамрэч прапагандуюць расповяды пра гомасэксуалаў і навошта супольнасці ЛГБТК+ патрэбна гэтая прапаганда “Палеская Вясна” размаўляе з самым вядомым адкрытым гомасэксуалам палескага рэгіёна – 29-гадовым Яўгенам Карпаўцом з Мазыра. Публікуем вытрымкі з вялікага інтэрв’ю.  

Яўген Карпавец, фота
Яўген Карпавец, фота "Палескай Вясны"

— Няўжо ты так вось гадаваўся, жыў, а потым – раз, і вырашыў: «А ці не зрабіцца мне геем?!»

Нічога я не вырашаў, канешне. Выпадак, які мне запомніўся, калі я ўпершыню адчуў такую нейкую сімпатыю да хлопчыка, адбыўся калі мне было гадоў 6 ці 7. Мы былі ў дзіцячым лагеры, і я мусіў падчас конкурсу прадстаўляць удзельнікаў каманды, капітанам якой я быў. І вось таго хлопчыка, які мне спадабаўся, я, мабыць, надта эмацыйна прадставіў – нагаварыў яму процьму кампліментаў. Потым старэйшыя хлопцы, гадоў па 12 – 14 пачалі мяне падначваць, называлі «гомікам». Я тады ўвогуле прымаў гэтае слова за слова «гномік» і не разумеў, што ў ім кепскага, хаця нейкі негатыў ад іх інтанацыяў усведамляў.

— То можа ты тады начытаўся дзесьці чагосьці такога, што табе гэта падалося цікавым?

Ну, калі розныя там дзіцячыя казкі, вершыкі Чукоўскага і Барто ды першыя тэксты ў школьным буквары можна лічыць прапагандай гомасэксуалізма, то можа. Бо нічога, што хаця б неяк звязана з аднаполавымі стасункамі, я тады проста не мог прачытаць ці пачуць, яго проста нідзе не было.

— Калі ты ўжо канчаткова пераканаўся, што ты гей?

Гадоў у 12 мне стала відавочна, што мяне прывабліваюць хлопцы. Але я сам у сабе гэта катэгарычна адмаўляў. Мне здавалася, што гэта нешта не зусім правільнае, калі хлопец мае нейкія пачуцці да хлопцаў. Я лічыў, што павінен быць як бацькі – пакахаць дзяўчыну, стварыць сям’ю. У 12, 13, 14, 15 гадоў я сам з сабой змагаўся, моцна пераймаўся з гэтае прычыны. Мне здавалася, што я такі адзін на ўвесь свет, нейкі вычварэнец.

У гадоў у 15 я вырашыў завесці сабе дзяўчыну.  У нас завязаліся нейкія стасункі з аднакласніцай. Для ўсіх – нібыта ў мяне ёсць дзяўчына. Менавіта з таго меркавання, каб пра мяне не думалі, што я гомасэксуал. Прычым, я пра яе клапаціўся. Рабіў усялякія прыемныя сюрпрызы і падарункі. Але з часам я пачаў разумець, што рана ці позна яна захоча блізкасці, а мне гэтага абсалютна не хочацца і я магу проста зганьбіцца. У мяне тады ўжо нават падлеткавыя фантазіі, сны ўночы, былі пра хлопцаў. І тады я ёй проста сказаў, што яна мне надакучыла і парваў стасункі. Увогуле я не разумею, навошта грамадства патрабуе, каб такія як мы стваралі «традыцыйныя» сем’і. Няўжо камусьці хочацца, каб стасункі, ці нават шлюб, напрыклад, з яго дачкой, падтрымліваў чалавек, які ўсё адно ніколі не здолее яе пакахаць проста з-за сваёй прыроды? Гэта ж загадзя выракаць абодвух быць няшчаснымі? Ды і дзеці наўрад ці ў такім шлюбе будуць шчаслівымі.

— А калі ты вырашыў адкрыцца?

Спачатку я адкрыўся свайму выпадковаму спадарожніку ў цягніку, пра якога я здагадаўся, што ён таксама такі. І, калі я з ім пастасаваўся, я даведаўся, што я такі далёка не адзін. Потым я шмат думаў і зразумеў, што ніякая я не памылка! Такіх людзей шмат. І я проста стаў значна лепш пачувацца. Праз нейкі час, ужо быў інтэрнэт, дзе я пазнаёміўся з хлопцам і сабраўся ехаць да яго. Маці спытала, ці гэта дзяўчына. А, як я адкрыты чалавек, то мне вельмі цяжка хлусіць. Хлусню я лічу сапраўдным грахом! Я так выхаваны – не хлусіць. І таму я сказаў маці і сястры, што гэта не дзяўчына. Я сказаў маці, што мне падабаюцца хлопцы і вось такі вось я ёсць. Потым, калі я сеў у маршрутку, мне сястра пісала ў СМС «не ганьбі сям’ю».

— А як ты вырашыў адкрыцца ўсяму грамадству?

Гэта само сабой неяк падыходзіла. Я на працы пачаў наўпрост адказваць на пытанні, калі я ажанюся, што ніколі. Альбо, калі ў кампаніі натуралаў пачыналі абмяркоўваць гееў (дарэчы, у такіх тру-натуральных кампаніях гэта чамусьці адна з самых абмяркоўваемых тэмаў), казаць, што іх усіх трэба расстрэльваць, я казаў проста – вось ёсць я, вы ўсе мяне ведаеце, а я – такі. Мяне трэба расстрэльваць?

Яўген Карпавец, фота
Яўген Карпавец, фота "Палескай Вясны"

— Ну а потым ты чамусьці вырашыў патрапіць у СМІ. Навошта?

Ну па-першае, да мяне проста звярнуўся журналіст, які хацеў напісаць пра гэтую тэму, і я вырашыў з ім паразмаўляць. Я лічу, што ў век інфармацыі бессэнсоўна хавацца. Але распавядаючы пра сябе, я раблюся сабой, сапраўдным. І, самае галоўнае, што я раблю ўнёсак у агульную справу – вось мы ёсць, мы – частка грамадства, прычым, у большасці сваёй не асацыяльная, частка, якая стварае шмат значнага прадукту ў грамадстве. Мы звычайныя людзі, толькі з адной асаблівасцю ў стасунках між сабой. Мы не ўяўляем аніякай небяспекі для навакольных. Навошта ж нам ствараць небяспеку? Навошта прымушаць нас жыць у хлусні? Я лічу, што хлусіць не варта, варта жыць шчыра і адкрыта.

— І што табе дала гэтая вядомасць?

Ну гэта хутчэй чорны піяр. Ад яго больш праблем. Стаўленне калектыва на працы зрабілася іншым. Мне ў вочы ніхто нічога не казаў, але я часта чуў, як за спінай казалі: «Той, заднепрывадны, пайшоў», нейкія падначванні былі. Кіраўніцтва мне таксама нічога не казала, але ў адзін цудоўны момант, калі скончыўся чарговы кантракт, яго проста не працягнулі без тлумачэння прычынаў.

— А навошта ЛГБТК+ ствараюць нейкія арганізацыі і ладзяць гей-прайды?

Па-першае, трэба адрозніваць гей-прайды ў нас і ў развітых краінах, дзе паважаюцца правы чалавека, незалежна ад сэксуальнай арыентацыі. Там прайд ужо даўно стаў святам, фестывалем, на якім людзі забаўляюцца, адукоўваюцца, а гарады зарабляюць немалыя грошы. А ў постсавецкіх краінах усё яшчэ адна з галоўных мэтаў прайдаў – паказаць, што мы ёсць, што нас – шмат, што сярод нас ёсць вашыя суседзі, сябры, калегі, аднакурснікі, што мы – звычайныя людзі, а не нейкія фрыкі ў баа і пер’і, і мы хочам жыць не хаваючыся і хлусячы ўсім і нават самім сабе, а адкрыта і шчыра. Акрамя таго, прайд ці яшчэ нейкі выхад, інфармацыйная праца ў нашым грамадстве – гэта адстойванне сваіх правоў.

— Якіх правоў? Чаго вам не хапае?

Бо ў іх тыя правы, якіх мы хочам, і так ёсць. Ведаеш, калі б натуралам сёння на працы наўздагон казалі: «Вунь пайшоў гетэраст!», адмаўлялі ў лякарні даць звесткі пра стан здароўя чалавека, з якім яны пражылі разам у каханні шмат гадоў, бо юрыдычна яны адно аднаму – ніхто, а калі б такога чалавека «закрылі» пасля чарговай Плошчы ў які-небудзь ІЧУ, не прымалі б перадачы, бо іх прымаюць таксама толькі ад блізкіх родзічаў, калі б іх збівалі на вуліцы толькі за тое, што яны зрабілі знак увагі сваёй каханай ці каханаму лёгкім пацалункам, узятай у руку рукой, падоранымі кветкамі, забаранялі б мець дзяцей – мне здаецца, яшчэ як яны хадзілі б на такія ж парады! Мы б са сваёй сёняшняй «прапагандай» проста палілі б у баку! 

Сэнс жыцця чалавека не толькі ў працягу роду. Шмат людзей з розных прычынаў не могуць мець дзяцей, шмат самотных, але геніяльных людзей, якія шмат зрабілі для развіцця цывілізацыі. І гомасэксуалы – такія ж людзі, як і гетэрасэксуалы. Толькі гэтай – і толькі гэтай(!), прыкметай мы і адрозніваемся. Больш нічым. Мы не просім шкадавання, мы паўнавартасныя. Мы просім павагі нашых пачуццяў і нашага кахання, ды роўнага стаўлення да нас. Мы не скіраваныя супраць так званых «традыцыйных каштоўнасцяў», нашае шчасце іх аніякім чынам не закране, бо гэта розныя жыцці розных людзей і існуюць паралельна. Гэта не прапаганда гомасэксуальнасці, яе проста немагчыма прапагандаваць. Гэта прапаганда паважлівага і талерантнага стаўлення да досыць значнай сацыяльнай групы чальцоў нашага грамадства.

Поўны тэкст гутаркі з Яўгенам Карпаўцом можна пачытаць тут.

«Я ні для каго небяспекі не ўяўляю».

Поўны тэкст інтэрв'ю з Яўгенам Карпаўцом.


Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства