Мінгарсуд адмовіў праваабаронцам у вырашэнні праблемы турэмных "раснічак"

2020 2020-03-19T13:51:19+0300 2020-03-19T14:13:50+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/burakovy_i_kolchyn.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Мінскі гарадскі суд адмовіў у задавальненні прыватнай скаргі, якую падалі праваабаронцы «Магілёўскай вясны». Гэта азначае, што праблема турэмных "раснічак" застаецца нявырашанай.

Следчы ізалятар у Магілёве.
Следчы ізалятар у Магілёве з "раснічкамі" на вокнах

Раней праваабаронцы "Магілёўскай вясны" падалі ў суд Маскоўскага раёна заяву, дзе патрабавалі ад МУС вырашыць праблему "раснічак" – металічных жалюзі і пласцін, размешчаных на вокнах турмаў і следчых ізалятараў, якія перашкаджаюць пранікненню натуральнага святла ў камеру. Пасля адмовы суда ў сувязі з "непадведамаснасцю" справы, яны звярнуліся ў Мінскі гарадскі суд. Судовае пасяджэнне адбылося 19 сакавіка 2020 года.

У сваім выступе на судовым пасяджэнні праваабаронца "Магілёўскай Вясны" Аляксандр Буракоў звярнуў увагу на два істотных моманту ў праблеме "раснічак":

1. СІЗА і турмы — гэта не жылое памяшканне і не грамадскі будынак.

Раней праваабаронцы накіравалі заяву аб прывядзенні ўмоў утрымання ў адпаведнасці з санітарна-гігіенічнымі нормамі РБ. На яе адказаў галоўны санітарны ўрач МУС РБ А. Казлоў. Ён спаслаўся на тое, што згодна з пастановай Міністэрства аховы здароўя №82 зацвярджаюцца патрабаванні да асвятлення жылых памяшканняў. Але так як, на думку Казлова, СІЗА і турмы не падпадаюць пад катэгорыю ні "жылых памяшканняў", ні "грамадскіх будынкаў", то на іх нормы пастановы не распаўсюджваюцца.

"Такім чынам, зыходзячы з адказу Казлова, можна зрабіць выснову, што СІЗА і турмы маюць нейкі статус, ня абумоўлены законодательтсвом РБ. Які статут у памяшканні, дзе ўтрымліваюцца зняволеныя? Менавіта гэта мы і хацелі высветліць у судзе", – адзначыў у сваім выступе Аляксандр Буракоў.

burakovy_i_kolchyn.jpg
Праваабаронцы "Магілёўскай вясны" Аляксандр Райкан, Аляксандр Буракоў і Аляксей Колчын

2. Законы РБ у месцах пазбаўлення волі не дзейнічаюць

Праваабаронцы таксама звярнулі ўвагу на істотную калізію ў заканадаўстве. Артыкул 9 Закона РБ "Аб парадку і ўмовах утрымання асоб пад вартай" паказвае, што ў месцах утрымання пад вартай дзейнічаюць правілы ўнутранага распарадку ад МУС. Аднак калі звярнуцца да Правіл унутранага распарадку папраўчых устаноў, зацверджаных пастановай МУС №174, то там зусім нічога не сказана аб санітарных нормах і правілах, якія дзейнічаюць у папраўчых установах.

"Гэта прыводзіць да такой трактоўцы ўмоў утрымання грамадзян РБ у пенітэнцыярных установах, калі законы РБ у месцах пазбаўлення волі фактычна не дзейнічаюць", – падкрэсліў Аляксандр Буракоў.

Праваабаронца адзначыў, што цяперашнія ўмовы ўтрымання асуджаных асоб (а іх каля 6 тысяч) могуць быць прыроўненыя да катаванняў, бо яны наносяць пакуты і шкоду здароўю чалавека. Гэта парушае Канвенцыю ААН супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання (якую Беларусь ратыфікавала ў 1987 годзе).

"Замест таго, каб дапамагчы сваім грамадзянам разабрацца ў тым, што такое СІЗА [і змяніць умовы ўтрымання–заўв.], дзяржава ў выглядзе суда Маскоўскага раёна г. Мінска чамусьці адмовілася ў прынцыпе разглядаць нашу скаргу. Умовы ўтрымання ў турмах і СІЗА – гэта праблема, якая можа закрануць кожнага, і таму яе трэба вырашаць", – дадаў да выступлення свайго калегі Аляксандр Райкан.

Пасля перапынку судзя Натальля Жупікава вынесла рашэнне: вызначэнне суда Маскоўскага раёна г. Мінска пакінуць без зменаў.

"Мінгарсуд адмовіў на аснове "непадведамаснасці" суду нашага зварота. Аднак згодна з артыкулам 247 ГПК РБ у вызначэнні суда павінна быць указана, у якой менавіта орган нам трэба звяртацца. Аднак суд нам проста сказаў: не – і усе", – пракаментаваў рашэнне суда Аляксандр В. Буракоў.

Рашэнне суда праваабаронцы плануюць абскардзіць далей, звярнуўшыся да старшыні Мінскага гарадскога суда, а затым, калі спатрэбіцца, у Вярхоўны суд.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства