Разбірацца з незаконным прымяненнем сілы да назіральніка ніхто не збіраецца?

2020 2020-03-18T14:05:19+0300 2020-03-18T14:56:27+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/lesha_loiko_viasna-8.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронца Аляксей Лойка

Праваабаронца Аляксей Лойка

ГУУС Мінгарвыканкама адказала на скаргу юрыста ПЦ "Вясна" Аляксея Лойкі аб неналежным разглядзе службовымі асобамі Фрунзенскага РУУС г. Мінска раней накіраванага туды звароту.

Што за гісторыя і як развіваліся падзеі?

Яшчэ ў кастрычніку Аляксей Лойка як назіральнік кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" падчас парламенцкіх выбараў хацеў папрысутнічаць на сустрэчы праўладнай кандыдаткі Марыны Лянчэўскай з працоўным калектывам сярэдняй школы №157 г. Мінска. Калі ён прыйшоў у школу, дырэктарка Святлана Скроцкая вырашыла, што яму не варта прысутнічаць на гэтай сустрэчы, і пачала выштурхоўваць назіральніка з хола. На дапамогу ёй прыйшоў настаўнік гісторыі, член участковай выбарчай камісіі Сяргей Юдзінец, які сілай выштурхнуў Аляксея Лойку са школы.

Праваабаронца па гэтым факце звярнуўся ў Фрунзенскі раённы аддзел Следчага камітэта з заявай аб узбуджэнні крымінальнай справы па факце неправамернага прымянення фізічнай сілы да яго з боку работнікаў школы. Следчы камітэт перанакіраваў скаргу Аляксея Лойкі ў РУУС, а той у сваю чаргу не знайшоў ніякіх парушэнняў у дзеяннях супрацоўнікаў школы №157.

Тады юрыст звярнуўся ў ГУУС і ўказаў, што праверка па яго скарзе была праведзеная павярхоўна. ГУУС прыйшло да высновы, што з боку службовых асобаў Фрунзенскага РУУС выяўлены шэраг недахопаў у частцы паўнаты і ўсебаковага разгляду ўказанага звароту, ім было "дадзена даручэнне аб правядзенні разбору з наступным прыняццем мераў рэагавання да вінаватых службовых асобаў і належным разглядзе довадаў, выкладзеных у звароце" праваабаронцы.

ГУУС назіральніку: Даручана правядзенне разбіральніцтва і прыняцце мераў да вінаватых службовых асобаў

Юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Аляксей Лойка абскардзіў рашэнне Фрунзенскага РУУС аб адмове ва ўзбуджэнні справы ў дачыненні да членаў выбарчай камісіі.

Толькі 30 студзеня 2020 году Аляксей Лойка ўпершыню з моманту падачы заявы быў апытаны ўчастковым інспектарам Аляксандрам Куранковым. І ў гэты ж дзень Фрунзенскае РУУС паведаміла праваабаронцу:

«У сувязі з тым, што ў звароце ад 30.10.2019 года адсутнічалі якія-небудзь аб'ектыўныя дадзеныя, якія паказваюць на здзяйсненне Скроцкай С.В. і Юдзінцом С.М. у дачыненні да Вас крымінальна-караемых ці іншых супрацьпраўных дзей, праверка ў парадку артыкула 174 КПК Рэспублікі Беларусь альбо ПВКаАП Рэспублікі Беларусь службовымі асобамі УУС адміністрацыі Фрунзенскага раёна г. Мінска не праводзілася».

З чым не пагадзіўся праваабаронца?

З адказам Фрунзенскага РУУС ад 30 студзеня 2020 г. Аляксей Лойка таксама не змог пагадзіцца, бо палічыў яго незаконным і неабгрунтаваным. Ён зноў звярнуўся ў ГУУС Мінгарвыканкама са скаргай, у якой звярнуў увагу на неадпаведнасць дзеянняў, што праводзіліся работнікамі РУУС, з тымі адказамі, што яны давалі.

Так, участковы Аляксандр Куранкоў апытаў праваабаронцу праз тры месяцы пасля падачы ім заявы, што кажа пра тое, што не было праведзена эфектыўнага расследавання неправамерных дзеянняў супрацоўнікаў школы ў дачыненні да Аляксея Лойкі, бо менавіта ў гэты ж дзень быў дадзены афіцыйны адказ РУУС. Пры гэтым раней у сваіх зваротах юрыст "Вясны" сцвярджаў пра неабходнасць выпатрабавання відэа з камераў відэаназірання, усталяваных у школе, апытання канкрэтных сведак інцыдэнту, які адбыўся. Але нічога гэтага не было зроблена.

Акрамя таго, адказ Фрунзенскага РУУС ад 30 студзеня не ўтрымлівае і апісання выкананага даручэння, якое ГУУС Мінгарвыканкама дало кіраўніцтву ААПП МГБ РУУС аб прыняцці мераў рэагавання да вінаватых службовых асобаў.

«Такім чынам, адказ Фрунзенскага РУУС прадастаўлены без выканання даручэнняў вышэйстаячай арганізацыі - ГУУС Мінгарвыканкама. Па гэтай прычыне лічу, што такі адказ з'яўляецца незаконным і неабгрунтаваным, а прынятае рашэнне вынесена заўчасна», - адзначаў у паўторным звароце ў ГУУС Аляксей Лойка.

Ён прасіў усё ж правесці праверку па яго заяве, а дзеянні службовай асобы, якая раней праводзіла праверку, прызнаць непрафесійнымі і не адпавядаючымі патрабаванням эфектыўнага расследавання.

Што цяпер?

Начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Купчэня ў адказе на зварот Аляксея Лойкі аб неналежным разглядзе скаргі ў Фрунзенскім РУУС указвае, што праверкамі, якія супрацоўнікі РУУС у парадку, прадугледжаным Законам "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў", якіх-небудзь дадзеных, што аб'ектыўна паказваюць на здзяйсненне ў дачыненні да праваабаронцы супрацьпраўных дзей з боку работнікаў школы №157, не выяўлена.

Дадаткова ён паведамляе:

«Да старэйшага інспектара Аляксандра Куранкова за дапушчаныя парушэнні пры разглядзе вашага звароту прынятыя меры рэагавання».

Але пры гэтым Аляксандр Купчэня ўпэўнены, што якіх-небудзь іншых недахопаў пры разглядзе раней накіраванага юрыстам "Вясны" звароту службовымі асобамі РУУС дапушчана не было.

Хто такі ўчастковы Аляксандр Куранкоў?

Участковый Александр Куранков

Старшы ўчастковы аховы правапарадку і прафілактыкі грамадскай бяспекі Аляксандр Куранкоў працуе ў Фрунзенскім РУУС сталіцы з 2016 года. За час сваёй службы ён паспеў некалькі разоў выступаць у судзе па справах грамадска-палітычнага гучання, маніторыў старонкі актывістаў анархісцкага руху Міколы Дзядка і Марыі Рабковай і складаў на іх пратаколы.

Увесну 2018 году праходзіў сведкам па справе Эдуарда Пальчыса, якога судзілі за збор подпісаў у падтрымку беларускай мовы. А ў сакавіку 2017 выступаў у судзе супраць актывістаў, затрыманых на Дзень Волі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства