viasna on patreon

Асуджаных пазбавілі спатканняў праз каранавірус

2020 2020-03-17T14:04:10+0300 2020-03-17T15:25:31+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/karantin_mesta_nevoli.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У месцах пазбаўлення волі ў Беларусі часова адмененыя кароткатэрміновыя і працяглыя спатканні “ў мэтах прафілактыкі інфекцыйных захворванняў”. Пра гэта БелаПАН паведаміла афіцыйная прадстаўніца МУС Вольга Чамаданава.

Раней Радыё Свабода пісала, што на Гомельскім СІЗА з’явілася абвестка аб прыпыненні ўсіх відаў спатканняў для асобаў, якія там утрымліваюцца.

karantin_mesta_nevoli.jpg
Абвестка на Гомельскім СІЗА. Фота Радыё Свабода

Аднак у родных і блізкіх зняволеных ёсць магчымасць зрабіць дадатковую перадачу і вітаміннага комплексу: з 12 сакавіка для прафілактыкі вострых рэспіраторных захворванняў адзін раз на 30 дзён дазволена перадача часныка, цыбулі, яблыкаў, лімонаў, апельсінаў агульнай вагой да 10 кілаграмаў.

Пра аналагічную сітуацыю з адменай спатканняў паведамілі і родныя асуджаных, што адбываюць пакаранне ў папраўчых калоніях №15 і №22.

«Учора мне патэлефанаваў сын, сказаў, што да 6 красавіка ўсе спатканні — кароткатэрміновыя і доўгатэрміновыя, забароненыя праз каранцін», — паведаміла Свабодзе актывістка руху «Маці 328» Ліяна Шуба.

Ці ёсць альтэрнатыва спатканням?

На пачатку года было абвешчана, што зняволеным могуць дазволіць відэасувязь з роднымі. У якасці інструмента для відэа-званка будзе выкарыстоўвацца бясплатная праграма Skype. У першыя дні новага года такі від сувязі быў апрабаваны ў Бабруйскай папраўчай калоніі №2, паведамлялася на сайце mspring.online.

Але званкі па скайпе дазволілі толькі адзінкам: у бабруйскай ПК-2 былі адабраныя па адным асуджанаму ад кожнага атрада, якім у якасці заахвочвання было дазволена загадзя папярэдзіць сваякоў пра магчымасць відэасувязі. Для гэтага было трэба, каб у абодвух абанентаў была кампутарная тэхніка, падключаная да сусветнай сеткі. Эксперымент прайшоў удала.

Ці дазволяць асуджаным выкарыстоўваць відэасувязь замест спатканняў падчас каранціну – невядома. 

Тым часам, на электроннай пляцоўцы "Зручны горад" з'явілася петыцыя, аўтары якой просяць начальніка Дэпартаменту выканання пакаранняў МУС РБ Алега Маткіна дазволіць перадачу лекаў з прапанаванага спісу ў любы час – аж да поўнага знікнення небяспекі распаўсюду каронавіруснай інфекцыі ў Рэспубліцы Беларусь.

У спісе лекаў, які сваякі і блізкія зняволеных прапануюць зацвердзіць для перадачы ў месцы пазбаўлення волі – супрацьвірусныя, гарачкапаніжальныя, болесуцішальныя, супрацьзапаленчыя сродкі, лекі ад кашлю, насмарку, атыту ды вітамінныя комплексы.

Раней паведамлялася на спецыяльнай нарадзе 12 сакавіка ўрад прыняў рашэнне абмежаваць да 6 красавіка правядзенне культурна-масавых, спартовых і навуковых мерапрыемстваў з міжнародным удзелам.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства