viasna on patreon

Актывіст просіць Камітэт ААН разабрацца з парушэннямі яго права на мірныя сходы

2020 2020-03-06T13:28:55+0300 2020-03-06T13:29:33+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sud_kulakou_789.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

6 сакавіка актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Леанід Кулакоў звярнуўся з індывідуальнай скаргай у Камітэт ААН па правах чалавека. Пра гэта паведамляе "Гомельская Вясна". На міжнародным узроўні актывіст падняў пытанне сістэматычнага пераследу за ўдзел у пратэстных акцыях супраць паглыблення інтэграцыі з Расеяй.

sud_kulakou_789.jpg
Леанід Кулакоў падчас свайго судовага паседжання ў судзе Першамайскага раёна г. Мінска

У снежні мінулага года суддзі Першамайскага раёна Мінска Святлана Чараповіч, Анастасія Ляйкоўская і Максім Трусевіч тры разы выпісвалі яму максімальныя штрафы па 50 базавых на агульную суму 3825 руб. і адзін раз адправілі на 10 сутак за краты.

Характэрна, што 27 снежня супраць Леаніда Кулакова ў судзе вынесены адначасова адразу тры асобныя пастановы аб штрафах і арышце, хоць па законе суд абавязаны быў разгледзець іх па сукупнасці шляхам поўнага складання (ст.7.4. КаАП). Тым не менш, гэта не паўплывала на адмену судовых вердыктаў – Менгарсуд пакінуў у сіле незаконныя пастановы раённых судоў.

Мужчына лічыць, што беларускія ўлады чатыры разы парушылі яго права на мірныя сходы і выказванне меркавання.

"Нават калі я прыняў удзел у несанкцыянаваных акцыях, суд быў абавязаны ацэніць мае дзеянні зыходзячы ў першую чаргу з міжнародных абавязацельстваў нашай краіны ў галіне правоў чалавека, а менавіта, даказаць прапарцыянальнасць і мэтазгоднасць уведзеных на мае правы абмежаванняў", – заяўляе Леанід Кулакоў.

Праваабаронца Леанід Судаленка, вядучы справы актывіста на міжнародным узроўні, адзначае, што менавіта на дзяржаве кожны раз ляжыць абавязак даказаць, для дасягнення якой мэты яно пераследуе грамадзян. Да таго часу, пакуль любога роду сход, нават і несанкцыянаваны, праходзіць мірна, улада наогул не мае права ўмешвацца.

"Галоўнай праблемай нашай краіны сёння з'яўляецца поўнае ігнараванне з боку судовай улады асноўных правоў чалавека. Кейс Кулакова найбольш яскрава пацвярджае мае словы, суддзі смела бяруць на сябе адказнасць не толькі за парушэнне міжнароднага права, але нават уласнага закона, як у дадзеным выпадку", – падкрэсліў юрыст.

Леанід Кулакоў просіць Камітэт ААН ўсталяваць факт парушэння яго правоў на мірныя сходы і выказванне меркавання. Ён таксама просіць абавязаць беларускі ўрад прывесці нацыянальны закон аб масавых мерапрыемствах і практыку яго прымянення ў адпаведнасць з міжнароднымі абавязацельствамі краіны.

Нагадаем, гэта не першая скарга актывіста на міжнародным узроўні. У цяперашні час у Камітэце ААН па правах чалавека на разглядзе знаходзіцца ягоная скарга аб 10-сутачным арышце за вывешванне на плоце парку імя Чалюскінцаў у Мінску расцяжкі з надпісам «Свабоду Хартыі-97». Для прыцягнення ўвагі мінакоў Леанід Кулакоў тады запаліў у руках піратэхнічны выраб у выглядзе флаера.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства