viasna on patreon

БДІПЧ АБСЕ выдаў Беларусі рэкамендацыі па выніках назірання за парламенцкімі выбарамі

2020 2020-03-05T11:44:14+0300 2020-03-05T11:56:25+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/osce_x.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (БДІПЧ АБСЕ) 4 сакавіка апублікавала фінальную справаздачу па выніках назірання за парламенцкімі выбарамі ў Беларусі ў лістападзе 2019 года.

Як паведамляюць naviny.by, у дакуменце, размешчаным на сайце АБСЕ, змяшчаецца 32 рэкамендацыі па ўдасканаленні выбарчага працэсу ў краіне. Іх выкананне, як лічаць аўтары справаздачы, дапаможа прывесці працэдуру выбараў «ў поўную адпаведнасць з патрабаваннямі АБСЕ і іншымі міжнароднымі абавязацельствамі і стандартамі дэмакратычных выбараў».

Дзевяць рэкамендацый адзначаны ў якасці тых, што патрабуюць выканання ў першую чаргу. 

Прававая база, на аснове якой праводзяцца выбары ў Беларусі, павінна быць «ўсебакова перагледжана з улікам папярэдніх рэкамендацый БДІПЧ і Венецыянскай камісіі», у тым ліку ў плане фарміравання складаў выбарчых камісій, правоў кандыдатаў, назіральнікаў і гарантый галасавання, падліку галасоў і падвядзення вынікаў выбараў. «Закон павінен тлумачыцца і прымяняцца так, каб былі забяспечаны роўныя ўмовы для ўсіх удзельнікаў, сапраўдная канкурэнцыя, свабоднае волевыяўленне выбаршчыкаў і цэласнасць выбарчага працэсу», - гаворыцца ў дакуменце.

Каардынатар кампаніі "Праваабарончы за свабодныя выбары" Уладзімір Лабковіч адзначыў, што трэба вітаць фінальную справаздачу, якую зрабіла міжнародная місія БДІПЧ АБСЕ:

“Гэта сапраўды вельмі важная і грунтоўная праца, асабліва таму, што ў гэтым годзе адбудуцца прэзідэнцкія выбары. І чарговы раз у рэпорце падкрэслены асноўныя  сістэмныя хваробы выбарчага заканадаўства Беларусі, якія фактычна прывялі да таго, што выбарчы працэс у Беларусі абсалютна дэгрэдаваны і не адпавядае не толькі міжнародным стандартам, а нават і беларускаму заканадаўству".

Уладзімір Лабковіч

Праваабаронца адзначыў, што тыя 9 рэкамендацый, якія вызначаны як прыярытэтныя, з'яўляецца крытычна неабходнымі для рэагавання і зменаў заканадаўства зараз:

"У першую чаргу гэта тое, што датычыцца зняцця кандыдатаў з рэгістрацыі. Мы бачылі абсалютна валюнтарысцкі, адвольны і масавы падыход, калі любая крытыка кандыдатам палітычная сітуацыі ў краіне выклікала адразу яго зняццё з рэгістрацыі па абсалютна надуманных прыкметах.

Таксама звяртаецца ўвага на тры асноўныя праблемы практыкі выбарчай сістэмы: абсалютна непразрыстае фармаванне камісій; сітуацыя з датэрміновым галасаваннем, якое абсалютна непадкантрольнае назіральнікам, а таксама, безумоўна, падлік галасоў. БДІПЧ АБСЕ звяртае ўвагу на тое, што заканадаўства павінна быць сфармавана такім чынам, каб падчас падліку галасоў назіральнік бачыў волевыяўленне выбаршчыка ў кожным бюлетэні, які быў апушчаны ў скрыню.

Таксама ў рэпорце звяртаецца ўвага на тое, што Беларусь дабраахвотна ўзяла на сабе абавязальніцтвы  выконваць рэкамендацыі, якія дае БДІПЧ АБСЕ. І ў справаздычы адзначана, што шматлікія рэкамендацыі, якія вызначаліся прыярытэтнымі ў час прэзідэнцкіх выбараў 2015 года і парламенцкіх 2016 года, дагэтуль невыкананыя".

Праваабаронца звярнуў увагу на тое, што пытанне з падлікам галасоў можа рэгулявацца не зменамі ў заканадаўстве,  а пастановамі ЦВК. І таму магчымы адказ уладаў, што змена працэдуры падліка галасоў пакуль немагчыма, бо да выбараў засталося менш за паўгады, з’яўляецца неабгрунтаваным аргументам.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства