Гісторыя збітага супрацоўнікамі міліцыі Барыса Змітровіча працягваецца пасля сямі адмоў узбудзіць справу

2020 2020-02-24T08:07:31+0300 2020-02-24T08:08:07+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/zmitrovich-2020.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Барыс Змітровіч.

Барыс Змітровіч.

Па факту збіцця пры затрыманні супрацоўнікамі міліцыі Барыса Змітровіча адменена 7-я (!) пастанова аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы.

Яшчэ у пачатку 2018 года жыхар Смаргоні Барыс Змітровіч быў затрыманы ў гарадскім парку і звінавачаны ў з’яўленні ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане, які прыніжае чалавечую годнасць, а таксама ў непадпарадкаванні законнаму патрабаванню супрацоўнікам міліцыі ў час затрымання з гэтай нагоды.

Гісторыя са збіццём Змітровіча падрабязна апісваецца ў мультымедыйным праекце ПЦ "Вясна" #БезПраваНаРасправу.

Адміністрацыйная вытворчасць адносна нецвярозага стану была спынена самім Смаргонскім РАУС з-за недаказанасці знаходжання Барыса Змітровіча ў нецвярозым стане. Улічваючы гэта, у сваю чаргу суд прызнаў, што патрабаванне супрацоўнікаў міліцыі праследаваць у РАУС для разбіральніцтва было незаконным і спыніў адміністрацыйную справу.

Але пры жорсткім затрыманні  Барыс Змітровіч атрымаў хімічны апёк вачэй і некалькі іншых пашкоджанняў. На гэтай падставе пацярпелы звярнуўся ў Смаргонскі РАСК з патрабаваннем прыцягнуць да крымінальнай адказнасці вінаватых. Толькі за мінулыя 2 гады следчыя так і не змаглі якасна разабрацца ў сітуацыі.

Па інфармацыі "Гарадзенскай вясны", следчымі прынята ўжо ужо 7 пастаноў аб адмове ў распачынанні крымінальнай справы. І усе яны адменены па скаргах Барыса Змітровіча. Апошнюю пастанову пракуратура Смаргонскага раёна палічыла законнай і не адмяніла. Але яе дзеянні пацярпелы абскардзіў у пракуратуру Гарадзенскай вобласці. І атрымаў станоўчы адказ.

8-ы круг праверкі пракуратура даручыла арганізаваць УСК па Гарадзенскай вобласці.

Смаргонскі праваабаронца Алесь Дзергачоў, каментуючы сітуацыю, адзначае, што зацяжны ход  праверкі сведчыць пра тое, што наспела чарговая рэформа следства.

"Заявы грамадзян аб прыцягненні міліцыянтаў раённага і абласнога роўняў да крымінальнай адказнасці мусяць разглядацца  адпаведна абласной і рэспубліканскай структурай Следчага камітэта. Бо відавочна, што мясцовыя органы Следчага камітэта, хоць фармальна незалежныя ад адпаведных органаў унутраных спраў, але кіруюцца ў сваіх рашэннях местачковай службовай салідарнасцю", - перакананы праваабаронца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства