Суд не захацеў разбірацца з турэмнымі "раснічкамі". Што далей? Відэа

2020 2020-02-20T11:51:27+0300 2020-02-20T14:52:21+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/burakou_mspring.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабаронцы “Магілёўскай Вясны” працягваюць кампанію супраць “раснічак” на турэмных вокнах. Яны дамагаюцца выканання санітарных нормаў у пенітэнцыярных установах Беларусі. У гэты раз магілёўскія праваабаронцы звярнуліся з адпаведнай заявай у суд. Але суд Маскоўскага раёна Мінска адмовіў ім ва ўзбуджэнні справы, спасылаючыся на непадведамаснасць. Пра гэта піша mspring.online.

mspring_office_8.jpg
На вокнах Магілёўскай турмы №4 можна ўбачыць "раснічкі", пра якія ідзе гаворка ў тэксце. Фота: spring96.org

Чаму “раснічкі” трэба тэрмінова прыбраць з турмаў і калоній?

Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, дзе на вокнах установаў пазбаўлення волі ў парушэнне міжнародных стандартаў працягваюць выкарыстоўваць, гэтак званыя “металічных жалюзі” ці “раснічкі”. З-за такіх “раснічак” у камеру не трапляе натуральнае святло. Паўзмрок, знаходжанне пры кругласутачным электрычным асвятленні на працягу многіх месяцаў прыводзіць да пагаршэння зроку арыштаваных.

Праваабаронцы адзначаюць, што выкарыстанне гэтых жалезных жалюзі на вокнах пенітэнцыярных установаў незаконна, бо прыводзіць да грубага парушэння санітарных норм і правілаў. 

Праваабаронцы “Магілёўскай вясны” абыйшлі ўжо некалькі інстанцый, уключаючы Дэпартамент фінансаў і тылу МУС. Яны патрабавалі ад МУС зрэзаць з вокнаў следчых ізалятараў і турмаў металічныя жалюзі. Ім адказалі, што ў будучым пры правядзенні рамонтных прац будзе рэалізавана норма па выкарыстанню «іншых альтэрнатыўных інжынерных загарод, канструкцыя якіх дазваляе прапускаць у камеру натуральнае асвятленне». Але ніякай канкрэтыкі ў гэтым адказе няма.

На гэты адказ праваабаронцы і накіравалі скаргу ў суд. Аднак суддзя Маскоўскага раёна Мінска Паліна Анціпчук адмовіла ва ўзбуджэнні справы, абгрунтаваўшы гэта непадведамаснасцю.

Што пра гэта думаюць праваабаронцы?

burakou_mspring.jpg
Магілёўскі праваабаронца і журналіст Аляксандр Буракоў. Фота: spring96.org

Актывіст магілёўскага аддзялення праваабарончага цэнтра «Вясна» Аляксандр Буракоў, які з’яўляўся адным з заяўнікаў, пракаментаваў адказ суда, што не быў здзіўлены такім развіццём падзей. Праваабаронца паведаміў, што яны будуць абскарджваць адмову суда ў вышэйстаячай інстанцыі.

Больш за тое, адзначае Буракоў, што гэта не адзіная праблема з якой сутыкнуліся праваабаронцы на сённяшні дзень. Напрыклад, у раней атрыманым лісце ад намесніка міністра аховы здароўя Вячаслава Шылы гаворыцца, што ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб санітарна-эпідэміялагічным дабрабыце насельніцтва” арганізацыя ведамаснага кантролю ўскладаецца на Галоўнага санітарнага лекара МУС Рэспублікі Беларусь. Але, як апынулася, у Беларусі ўвогуле няма такой пасады, хоць яна і прадугледжана заканадаўствам.

Магілёўскія праваабаронцы вырашылі дзейнічаць па беларускаму заканадаўству: яны рыхтуюць заяву на адрас менавіта Галоўнага санітарнага лекара МУС.

«І потым мы паглядзім, хто і як на яго адкажа», – адзначае Аляксандр Буракоў.

Юрыст Праваабарончага цэнтру «Вясна» Павел Сапелка таксама ўбачыў, што ў дадзенай сітуацыі заблыталіся самі прадстаўнікі дзяржаўных органаў.

Павел Сапелка.

«Сцісла сітуацыю можна апісаць так: навошта ўнікаць у сутнасць праблемы, калі можна гэтую праблему проста адфутболіць.

Пасля заявы ў МУС, у адказ само МУС заяўнікам прапанавала за пошукам праўды звяртацца ў суд. А ў судзе альтэрнатывы не прапанавалі. Выхад пакуль бачыцца адзіны – абскардзіць адмову суда ва ўзбуджэнні справы ў вышэйстаячы суд. Вынік разгляду прыватнай скаргі пакажа, ці ёсць у справы перспектыва ўсё ж быць разгледжанай судом.

А калі разглядаць сітуацыю з пункту гледжання правоў чалавека, то з міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах мы ведаем, што кожны мае права звярнуцца ў суд для вызначэння яго правоў і абавязкаў, і пры гэтым разлічваць на справядлівае публічнае разбіральніцтва справы кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом .

Дэкларацыя аб праве і абавязку асобных асоб, груп і органаў грамадства заахвочваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды, якую прыняла Генеральная Асамблея ААН, аб захаванні палажэнняў якой нядаўна заяўляла Беларусь, абвяшчае, што кожны чалавек, індывідуальна і сумесна з іншымі, мае права «ў сувязі з парушэннямі правоў чалавека і асноўных свабодаў у выніку палітыкі і дзеянняў асобных службовых асоб і дзяржаўных органаў падаваць скаргі або іншыя адпаведныя звароты ў кампетэнтныя нацыянальныя судовыя, адміністрацыйныя або заканадаўчыя органы ці ў любы іншы кампетэнтны орган, прадугледжаны прававой сістэмай дзяржавы, якія павінны вынесці сваё рашэнне па дадзенай скарзе без неапраўданай затрымкі».

Але наша заканадаўства аб зваротах грамадзян і грамадзянскае працэсуальнае заканадаўства не сінхранізавана: у ГПК па-старому гаворыцца аб абскарджанні дзеянняў, якія «ўшчамляюць» права. Паводле закона «Аб звароце грамадзян і юрыдычных асобаў», заява – гэта паведамленне аб парушэнні актаў заканадаўства, недахопах у рабоце дзяржаўных органаў.

А абскарджанне – гэта патрабаванне аб аднаўленні правоў, свабод і (або) законных інтарэсаў заяўніка, парушаных дзеяннямі (бяздзейнасцю) арганізацый, грамадзян. Вось і разбярыся, што там у каго "ўшчамляе" выяўленыя заяўнікам парушэнне».

Магілёўскія Watch dogs: за што ім можа сказаць “дзякуй” Лукашэнка

Як працуе метад “люстэрка” ў камунікацыі з уладамі ў працы Барыса Бухеля, як так атрымалася, што першы праваабарончы падкаст з’явіўся ў Магілёве, чым часопіс пра правы чалавека круцей за праваабарончы сайт, як атрымліваецца сумяшчаць праваабарончую дзейнасць і ўдзел у роварнай гонцы на 1200 кіламетраў Брэст-Парыж-Брэст?

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства