viasna on patreon

Траім вяскоўцам з-пад Слуцку пагражае смяротнае пакаранне

2020 2020-01-28T10:45:53+0300 2020-01-28T10:45:53+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/003_20200127_bas_sud_sluck_dsc6185.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Слуцкага раёну распачаўся працэс паводле справы аб жорсткім забойстве двух пенсіянераў. З хаты першага яны вынеслі 50 рублёў, у другога забралі каля трохсот. Адзін з іх спрабаваў забіць таксама 85-гадовую пенсіянерку, але тая вырвалася і ўцякла. Згодна з абвінавачаннем, мужчыны ішлі на злачынства ў стане алкагольнага ап’янення. Ім пагражае смяротнае пакаранне, піша belsat.eu са спасылкай на «Tut.by».

На лаве падсудных – 33-гадовы Валянцін Бушнін, 25-гадовы Віталь Мяцеж і 29-гадовы Віктар Скрундзік. Пад вартаю яны знаходзяцца ўжо год.

Паводле абвінавачання, Скрундзік разам з Мецяжом прыйшлі да 94-гадовага Уладзіміра Гаркавога, каб пазычыць грошы. Скрундзік ударыў пенсіянера ў грудзі, а калі той упаў на зямлю, скруціў вакол ягонай шыі кабель. Вымагалі грошы. Спачатку ўзялі 100 рублёў, потым яшчэ 180. Мяцеж знайшоў у хаце чатыры бутэлькі гарэлкі і бутэльку віна. Пасля саўдзельнікі вырашылі забіць гаспадара. Яны па чарзе яго душылі, а калі той перастаў супраціўляцца, падпалілі хату.

Паводле абвінавачвання, гэткім чынам Скрундзік з Валянцінам Бушніным, забілі 79-гадовага Міхаіла Шугалея.

Яны прыйшлі да пенсіянера пад нагодаю прадаць збожжа. Скрундзік ударыў мужчыну ў грудзі, а калі той упаў, абгарнуў вакол яго шыі загадзя падрыхтаваную вяроўку. Патрабавалі грошы. Калі пенсіянер перастаў супраціўляцца, у яго доме ўчынілі падпал, мужчына, па дадзеных экспертызы, быў яшчэ жывы. Таварышы вынеслі з сабой 50 рублёў.

Праз два тыдні Скрундзік зноў выйшаў на злачынства: прыйшоў да 85-гадовай пенсіянеркі на падставе таго, што хоча купіць у яе спіртное. Калі жанчына адчыніла дзверы, той некалькі разоў ударыў яе ў грудзі, а пасля змусіў спусціцца ў склеп па алкаголь. Там Скрундзік працягнуў збіваць жанчыну, пагражаў, што заб’е яе, патрабаваў выдаць яму тысячу рублёў. Паводле пракурора, жанчына змагла вырвацца і ўцячы.

Скрундзік спрабаваў вынесці з яе хаты 30 рублёў, бутэльку самаробнага віна і тэлевізар, але неўзабаве ў хату зайшоў сусед, які спалохаў нападніка, і той схаваўся.

Віктар Скрундзік да затрымання нідзе не працаваў, раней яго судзілі за крадзеж мапеду.

Валянцін Бушнін скончыў дзевяць класаў, нідзе не працаваў, мае шэсць судзімасцяў за крадзяжы, першы раз яго асудзілі ў 15 гадоў. Ён жанаты, мае чатырохгадовае дзіця.

Віталь Мяцеж працаваў трактарыстам у калгасе, мае дваіх маленькіх дзяцей, без судзімасцяў.

Чацвёрты абвінавачаны па справе – 36-гадовы Сяргей Захарчэня – знаходзіцца на свабодзе, яму прад’явілі абвінавачанне ў крадзяжы: разам з Мецяжом ён вынес з хаты суседа электрычную касу і ліхтар.

На першы дзень паседжання ў суд прыйшлі сваякі і аднавяскоўцы забітых. Родных абвінавачаных у залі не было.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства