50 скаргаў дапамагла скласці «Вясна» ўдзельнікам акцый пратэсту Аўдыё

2020 2020-01-17T15:30:23+0300 2020-01-24T15:24:36+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/aliaksej_lojka_za_pracaj_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Падчас судовага канвеера, які пачаўся 26 снежня над удзельнікамі антыінтэграцыйныя мітынгаў, грамадская прыёмная "Вясны" актыўна аказвае ім юрыдычную дапамогу. І пачынаецца яна з самых ранніх этапаў.

aliaksej_lojka_za_pracaj_1.jpg
Юрыст грамадскай прыёмнай «Вясны» Аляксей Лойка. Фота: spring96.org.

Успомнім, як выглядае сам працэс прыцягнення удзельнікаў акцый за незалежнасць да адміністрацыйнай адказнасці:

  • людзей пачынаюць выклікаць у РАУС, каб афіцыйна папярэдзіць іх пра «недапушчэнне парушэння парадку правядзення масавых мерапрыемстваў»,
  • на актывістаў складаюць пратаколы правапарушэння па артыкуле 23.34 і дасылаюць позву ў суд,
  • праводзіцца судовае пасяджэнне, дзе, паводле звестак маніторынгу "Вясны", практычна заўсёды актывіст прыцягваецца да адміністрацыйнага спагнання (у выглядзе штрафу альбо сутак),
  • пастанова суда ўступае ў законную сілу, пасля чаго наступае момант аплаты штрафаў.

На ўсіх гэтых этапах грамадская прыёмная "Вясны" кансультуе людзей, што звярнуліся, адносна іх правоў і абавязкаў.

Акрамя таго, важная частка працы грамадскай прыёмнай — абскарджанне пастаноў, вынесеных судом. Бо практычна ва ўсіх іх (акрамя рэдкіх выпадкаў, калі справа адпраўляецца на дапрацоўку — як было, напрыклад, з Дзіянай Серадзюк і Аланай Гебрэмарыям), пазначаецца, што грамадзянін ўдзельнічаў у «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве», а значыць павінен падвергнуцца адміністрацыйнаму спагнанню. Але тут ёсць дзіўныя асаблівасці, адзначае юрыст грамадскай прыёмнай «Вясны» Аляксей Лойка:

"Суддзі выносяць пастанову аб тым, што чалавек актыўна ўдзельнічаў у мітынгу. Але часам яны нават не пішуць, у чым жа дакладна палягаў гэты актыўны ўдзел? Пры гэтым ёсць патрабаванні часткі 2 артыкула 10.2 ПВКаАП, у адпаведнасці з якой пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні павінен змяшчаць, сярод іншага, час, месца і абставіны адміністрацыйнага правапарушэння".

Таксама дзіўным з'яўляецца тое, што паказанні сведак – а імі выступаюць супрацоўнікі АМАПу – заўсёды кладуцца ў аснову доказа віны чалавека. Так, супрацоўнік АМАПу з адлегласці 100 метраў здольны ідэнтыфікаваць ўдзельніка акцыі і ўбачыць, што той «трымаў бел-чырвона-белы сцяг і выкрыкваў лозунгі». Акрамя таго, маніторынг судовых пасяджэнняў праваабаронцамі паказаў, што часта на судах выступаюць адны і тыя ж сведкі, якія даюць адны і тыя ж паказанні ў адносінах да розных людзей.

Па стане на 17 студзеня 2020 года грамадская прыёмная "Вясны" склала 50 скаргаў на пастановы судоў. Акрамя вялікіх штрафаў, некаторыя актывісты атрымалі і пакаранне ў выглядзе арыштаў – і гэта таксама фармуе спецыфіку працы грамадскай прыёмнай, адзначае Аляксей Лойка:

"Мы працуем з двума фокусамі. Першае – гэта распаўсюджаная сітуацыя, калі чалавек не можа абскардзіць пастанову, паколькі Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў прызнае ручкі і алоўкі ў якасці колюча-рэжучых прадметаў і ў выніку папросту не выдае пісьмовых прылад арыштаваным. Такім чынам – праходзяць тэрміны абскарджання.

А другое – гэта ўмовы ўтрымання, якія ў прынцыпе з'яўляюцца такой формай абыходжання, якая зневажае годнасць".

У складанні 23-х скаргаў з 50-ці, што былі пададзены, юрыстам дапамагалі валанцёры Валанцёрскай службы "Вясны". Некаторыя з іх распавялі, чаму яны вырашылі дапамагчы пісаць скаргі:

"Я проста стаўлю кожны раз сябе на месца людзей і ўяўляю, якая паніка ахоплівае, калі цябе ўпершыню выклікаюць спачатку ў міліцыю для складання пратаколу, а потым яшчэ і ў суд. Бо многія людзі нават і не ведаюць, што закон патрэбен не толькі для пакарання вінаватых, але і для абароны праваў і інтарэсаў людзей. Мне здаецца, дапамагаючы абскардзіць незаконныя, неабгрунтаваныя рашэнні суда, мы паказваем людзям, што ўсё не так ужо і дрэнна, што яны не адны, што законы могуць працаваць не толькі супраць іх, але і на іх таксама", – адзначыла валанцёрка Алёна Скрыпчанка.

"Хочацца верыць, што every little step creates a difference. І можа быць пазітыўныя змены пакуль не назіраюцца, але працэс ужо запушчаны, а значыць усё магчыма", – распавяла Наталля Гурко.

Грамадская прыёмная ПЦ "Вясна" заклікае звяртацца ўсіх тых,  хто адчуў адміністрацыйны пераслед за ўдзел у мірных акцыях пратэсту, па юрыдычную дапамогу.

А калі вы хочаце стаць валанцёрам "Вясны" і дапамагчы праваабаронцам, запаўняйце анкету тут.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства