Віцебск: Чарговыя штрафы за пікет на плошчы Перамогі

2020 2020-01-16T16:40:05+0300 2020-01-16T16:41:32+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/troshchanka-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Наталля Трошчанка. Фота: "Віцебская Вясна".

Наталля Трошчанка. Фота: "Віцебская Вясна".

Суд Чыгуначнага раёну Віцебску пакараў 16 студзеня яшчэ двух удзельнікаў пікету, які адбыўся ў Віцебску 29 снежня 2019 году. Наталля Трошчанка аштрафаваная на 24 базавыя велічыні, Юры Мазкоў – на 22 базавыя. Па інфармацыі "Віцебскай Вясны",  днём раней суд аштрафаваў на 25 базавых велічынь Алега Паўлава.

Пікетоўцы выступалі за незалежнасць Беларусі, але суд працягвае лічыць, што яны парушалі заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (арт. 23.34 КаАП).

Прасіла спыніць справу

Справу Наталлі Трошчанка разглядала суддзя Алена Грабянчук.

Сама актывістка на суд не прыйшла, але напісала ў заяву, у якой спаслалася на міжнароднае права, якое гарантуе грамадзянам публічна выказваць сваё меркаванне і браць удзел у масавых мерапрыемствах. Прасіла ў заяве спыніць адміністрацыйную справу, распачатую супраць яе.

Відэазапіс на судзе не дэманстраваўся, сведкі не выступалі.

Паводле пратаколу, Наталля Трошчанка «актыўна ўдзельнічала ў несанкцыянаваным пікетаванні з мэтай публічнага выказвання свайго стаўлення да інтэграцыі Расіі і Беларусі, трымала ў руках бел-чырвона-белы сцяжок».

Судзьдзя Алена Грабянчук прызнала актывістку вінаватай у правапарушэнні, прадугледжаным ч.1 арт. 23.34 і прысудзіла штраф у памеры 24 базавых велічынь (648 рублёў).

«Ганьба! Трэба судзіць вас і кіраўніка краіны, а не актывістаў», – выказалася на адрас суддзі пасля абвяшчэньня пастановы актывістка БХД Таццяна Севярынец.

Чырвона-зялёны не ўратаваў

Справу 34-гадовага віцябляніна Юрыя Мазкова разглядала суддзя Святлана Варатынская.

Мужчыну таксама абвінавацілі ў «актыўным удзеле» ў пікетаванні. Сам жа Мазкоў сцвярджаў на судзе, што апынуўся ў той час на плошчы амаль выпадкова, ня ведаў, ці было гэтае мерапрыемства дазволенае ўладамі, і трымаў у руках дзяржаўны чырвона-зялёны сцяг.

Нягледзячы на тое, што Юры Мазкоў мае дваіх малалетніх дзяцей, суддзя аштрафавала яго на 22 базавыя велічыні (594 рублі).

Пры гэтым падчас працэсу нават не запыталася, ці прызнае сам абвінавачаны сваю віну.

Суды над удзельнікамі акцыі 29 снежня працягнуцца. 17 студзеня ў судзе Чыгуначнага раёну будуць разглядацца адміністрацыйныя справы яшчэ двух пікетоўцаў – Уладзімера Кійко (10.00) і Міколы Качурца (12.00).

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства