НА ПОШЦЕ ЗАТРЫМАНЫ НАКЛАД ЧАСОПІСА “АСАМБЛЕЯ”

2004 2004-01-21T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

21 студзеня стала вядома, што на Менскай пошце затрыманы наклад часопіса “Асамблея”. Гэтае выданьне традыцыйна рассылаецца грамадзкім аб’яднаньням у запячатаных капэртах ад імя выдаўцоў-фізычных асобаў. Такім чынам, фактычна адбылася перлюстрацыя прыватнай карэспандэнцыі і яе цэнзура па палітычных матывах.

Часопіс грамадзкіх актывістаў “Асамблея” выдаецца з 1997 году. Ён прысьвечаны жыцьцю і дзейнасьці грамадзкіх аб’яднаньняў Беларусі і зьяўляецца адзіным агульнанацыянальным выданьнем гэткага накірунку.
10 студзеня 2004 году выдаўцы “Асамблеі” падрыхтавалі да рассылкі чарговы тэматычны нумар свайго часопісу — “НДА і выбары”. Чытачам былі прапанаваныя аналітычныя матэрыялы, прысьвечаныя магчымаму ўдзелу грамадзкіх аб’яднаньняў у будучай выбарчай кампаніі ў палату прадстаўнікоў. Таксама быў зьмешчаны адкрыты ліст няўрадавых арганізацыяў да міністра юстыцыі Ўладзімера Галаванава з прапановай дабраахвотна сыйсьці ў адстаўку. “Цьвіком” нумару можна назваць гэтак званы “шэры сьпіс” — прозьвішчы судзьдзяў, пракурорскіх работнікаў і спэцыялістаў органаў юстыцыі, якія нясуць пэрсанальную адказнасьць за палітычныя рэпрэсіі супраць няўрадавых арганізацыяў.
Відавочна, што такая вострая тэматыка часопіса не магла быць даспадобы дзяржаўным чыноўнікам, якія раней неаднаразова выказвалі сваё абурэньне ягонымі матэрыяламі. Таму выдаўцы “Асамблеі” зьвязваюць затрыманьне на пошце накладу часопіса менавіта са зьместам «выбарчага» нумару.
Сытуацыю камэнтуе юрыст Юры Чавусаў, які займаецца абаронай няўрадавых арганізацыяў:
“На маю думку, у дадзеным выпадку мы маем справу з клясычным парушэньнем тайны прыватнай перапіскі. На пошце былі затрыманыя і, магчыма, прагледжаныя лісты прыватных асобаў, якія былі накіраваныя ў сотні няўрадавых арганізацыяў па ўсёй краіне. Зараз супрацоўнікі пошты адмаўляюцца даваць тлумачэньні і прапануюць зьвяртацца па ўсіх пытаньнях у пракуратуру”.
Гэта, напэўна, першы выпадак такога масавага затрыманьня прыватнай карэспандэнцыі ў найноўшай гісторыі Беларусі. Некалькі соцень лістоў з “недазволенай” інфармацыяй не дайшлі да адрасатаў.

Юры Арлоўскі
www.belngo.info

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international