viasna on patreon

Алена Талстая на Акрэсціна “зарабіла” бранхіт

2020 2020-01-08T15:25:17+0300 2020-01-08T15:25:18+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/talstaya_567.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сустаршыня руху салідарнасці “Разам” Алена Талстая, якую сёння судзілі ў чарговы раз, распавяла пра тое, як ёй давялося на “сутках” перад Новым годам, піша palitviazni.info.

“Мяне размясцілі ў “адстойнік” – самую халодную камеру, – распавяла яна. – Умовы былі антысанітарныя…”

8 студзеня працягваюцца суды над тымі, хто выйшаў на акцыі за незалежнасць краіны. Алена Талстая была сёння асуджана на 50 базавых велічынь (1350 рублёў). А з 26 па 31 снежня яны адбывала адміністрацыйнае пакаранне ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна.

“Мяне размясцілі ў “адстойнік” – самую халодную камеру на 1-м паверсе, тэмпература ў якой не падымаецца вышэй 14-15 градусаў, – распавяла Алена Талстая на сваёй старонцы ў Фэйсбук. – Туды адпраўляюць затрыманых да суда ці на тэрмін ад некалькіх гадзінаў да 3-х сутак. Я ж там была ўвесь тэрмін зняволення і атрымала бранхіт.

Умовы антысанітарныя: ніякай дэзынфекцыі ад папярэдніх пастаяльцаў ні памяшкання камеры, ні матрацаў і коўдраў не праводзілася. Коўдры брудныя, чорна-сінія з падазронымі белымі плямамі. Рызыкаваць падхапіць лішай ці каросту я не наважылася і накрывалася паліто. Людзі ж ад холаду ў гэтай камеры спалі ў куртках, паверх укрываючыся ад холаду гэтымі коўдрамі”.

Камеру мыць прымусілі цётку бамжацкага выгляду, пры тым аніякіх сродкаў для мыцця прыбіральні няма: смурод стаіць невыносны. Дарэчы, цётак як з нашай, так і з суседніх камер прымушалі мыць падлогу ў калідоры, ў кабінетах і прыбіральнях аховы, што абсалютна незаконна”.

У Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў Алена Талстая адразу заявіла пра галадоўку і ежу не прымала.

“Насельнікі ж камеры павінны былі мыць за сабой посуд без аніякіх мыючых сродкаў, і потым гэты посуд не перамываецца, а так і выкарыстоўваецца, таксама з’яўляючыся пераносчыкамі інфекцыйных захворванняў, – дадае яна. – Так, мае суседкі з рысавай кашы выцягвалі рыбіну луску, пры адсутнасці рыбы ў “меню”.

Ператрусы ў камеры рабіліся штораніцы, але пасля прагулкі невядома навошта ізноў рабілі асабісты дагляд. Асадку аб’явілі “колюще-режущим предметом” і адабралі.

Ложкі – металічныя двух’ярусныя. Другі паверх – на вышыні 160 сам, без аніякіх прыступак і магчымасці чалавеку туды забрацца. Людзі спалі на падлозе ля прыбіральні…

У апошнюю ноч у камеру пасадзілі цётку. Яна маўчала, знаёміцца і ў размову ўступаць не хацела. Што зробіш, у кожнага – свае праблемы. Але калі ўночы яна пачала, зняўшы з-пад швэдэра, рваць на паскі майку, прыкрываючыся падушкай, – давялося-такі сесці насупраць і патлумачыць, што я бачу, што яна робіць, і не дам зрабіць шкоду сабе ці іншым. Спаць у апошнюю ноч не давялося…

Вывезлі Алену Талстую з камеры каля сямі гадзін раніцы, хаця да вызвалення заставалася больш за тры гадзіны.

“Мяне вывезлі з ЦІПа ў адсеку міліцэйскай патрульнай машыны, без вокан, – кажа Алена Талстая. – Мне не паведамілі, куды і навошта мяне вязуць, – ці на новы “суд”, ці яшчэ куды… Прывезлі ў РАЎС Маскоўскага раёну і пасадзілі ў глухую бетонную камеру з бетоннай лаўкай. Пасля трох гадзінаў знаходжання там аддалі рэчы, – маўляў, тэрмін зняволення скончаны. Уся іх “спецаперацыя” па выкраданні мяне з ЦІПу мела толькі адну мэту, – каб родныя і сябры мяне не сустрэлі, каб не было салідарнасці і падтрымкі, каб не было журналістаў і інфармацыі. Дробязная і подлая помста подлай і беззаконнай ўлады…

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства