viasna on patreon

Калонія “Воўчыя норы”: з першых вуснаў пра ўмовы ўтрымання

2019 2019-12-18T08:33:52+0300 2019-12-18T08:33:52+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zhyhar-document.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Даведка пра вызваленне Максіма Жыгара. Фота: MSPRING.ONLINE

Даведка пра вызваленне Максіма Жыгара. Фота: MSPRING.ONLINE

Максім Жыгар, які цягам сямі гадоў адбываў пакаранне ў калоніі “Воўчыя норы”, распавядае пра ўмовы ўтрымання, працу зняволеных і “наркату”.

Максіму Жыгару пашанцавала ледзь не менш за ўсіх. Па амністыі ён вызваліўся ўсяго на год раней за тэрмін. Калі некаторыя іншыя хлопцы не адседзелі і паловы прызначанага судом, то ён адбыў сем гадоў з васьмі. Верагодна, гэта вынік актыўнасці яго маці – лідэркі “Руху маці-328” Ларысы Жыгар. Улады даўно абяцалі ёй адпусціць сына хаця б умоўна-датэрмінова, але гэтага не зрабілі. Такая вось помста за грамадзянскую актыўнасць.

Максім Жыгар вызваліўся ўсяго тры тыдні таму. Ён адчуў на сабе ўсе этапы барацьбы з наркотыкамі ў Беларусі, пачынаючы з 2012 года, калі быў асуджаны за высушванне дзікарослага куста каноплі вагой 147 грамаў.

Улічваючы, што на той момант васямнаццацігадовы хлопец расліну рваў разам з сябрам, супрацоўнікі гарадзенскага наркаконтролю вырашылі падвесці іх пад частку 3 артыкула 328 КК «Незаконны з мэтай збыту выраб наркотыкаў, здзейсненае групай асобаў”. Часопіс аб правах чалавека MSPRING.ONLINE распытаў былога вязня, як прайшлі гэтыя сем гадоў.

– MSPRING.ONLINE: Максім, шмат пытанняў выклікае рабская праца асуджаных па артыкуле 328 КК. Па чутках, яны, як на катарзе, вымушаныя выцягваць метал з правадоў. Ці так гэта?

Максім Жыгар:  – Я трапіў у івацэвіцкую калонію №22 «Воўчыя норы» ў 2013 годзе і тады можна было ўвогуле не працаваць. Усё змянілася восенню 2014 года, напярэдадні падпісання «антыдармаедскага» дэкрэта прэзідэнта (2 красавiка 2015 года быў падпісаны Дэкрэт №3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”, – заўв. рэд.). Гэта выглядае дзіўна, але асуджаных у зонах ён закрануў яшчэ больш жорстка, чым людзей на волі. Прыйшло распараджэнне з ДВП, што праца цяпер стала абавязковай. Спачатку аб’ёмаў работ на ўсіх не хапала, таму хадзілі на «прамку» [прамысловую зону] усяго на дзве гадзіны. А потым ужо сталі заганяць усіх на цэлы дзень.

Праўда, можна было вучыцца. Я атрымаў дыплом краўца ў калоніі і таму працаваў на швейцы. Быў яшчэ сталярны ўчастак, зварачны цэх. Хто атрымаў спецыяльнасць у ПТВ у “зоне”, працавалі там па прафесіі. А на некваліфікаванай працы – на ачыстцы правадоў альбо разборцы рухавікоў ад самазвалаў на металалом -, працавала недзе траціна асуджаных, гэта прыкладна 300 чалавек.

ПК №22 «Воўчыя норы». Фота з сацыяльных сетак

– Пры гэтым у студзені 2015 года ўступіў у сілу яшчэ і дэкрэт прэзідэнта №6 “Аб неадкладных мерах па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў”.

– Так, і спачатку практычна нічога не змянілася. Толькі сталі з ПК-22 вывозіць у іншыя калоніі тых, хто даўно сядзеў. Заставаліся толькі адзінкі – людзі, якія сядзелі больш за 10 гадоў, напрыклад, за забойства. Іх пакінулі, каб было каму патлумачыць тым, хто прыбывае, правілы паводзін, рэжыму і бытавых умоў у зоне.

І потым ужо кожны этап сталі прывозіць чалавек па дваццаць маладых хлопцаў узростам да 25 гадоў, асуджаных выключна па 328-ым артыкуле і з тэрмінамі 8-10 гадоў. Тады ж з’явіліся зялёныя нашыўкі для «наркаманаў» – гэта была ініцыятыва кіраўніцтва ДВП. Так зона стала адмыслова «наркаманскай».

Лукашэнка сказаў, што для гэтай катэгорыі трэба стварыць умовы, “каб смерці прасілі“, ну і адміністрацыя ў гэтым кірунку працавала. Калонія хутка перапоўнілася. Забаранілі абутак, дасланы з волі: трэба было карыстацца толькі тым, што выдавалі ў ПК. Забаранілі забіраць з сабой «дадатковы вынас» з пакоя спатканняў, гэта значыць, перадачы пасля доўгатэрміновых спатканняў – прадукты і гародніну, хоць раней гародніна віталіся.

Забаранілі пластыкавыя кантэйнеры для прадуктаў, пералік прадуктаў для перадач змянілі, абмежавалі асабісты вольны час, сталі кожны дзень праводзіць лекцыі «Пра шкоду наркотыкаў і алкаголю» і круціць відэаролікі, з якіх мы толькі больш даведаліся пра наркотыкі.

– Ці быў бунт ў ПК-22, ці праўда, што нават забаранілі глядзець тэлевізар?

– Увогуле сэнсе слова «бунт», як людзі гэта ведаюць, напрыклад, па фільмах, такога не было. Калі параўнаць, гэта былі такія «дзіцячая крычалкі» і ўсё. Ніякіх суперпадзеяў не было, і бунтам гэта рэальна назваць нельга было.

А з тэлевізарам такая гісторыя. У кожным атрадзе ёсць «Пакой выхаваўчай працы» з вялікім тэлевізарам. Раней там было спадарожнікавае тэлебачанне, каля 300 каналаў. Потым спадарожнік адключылі. Гэта здарылася з-за чэмпіянату свету па футболе: усе пачалі рабіць стаўкі на матчы, а стаўкі былі на неіснуючыя грошы. Ну ці на цыгарэты, якія ў зоне, як грошы.

– Як у бытавым плане пабудавана жыццё ў ПК-22?

– Усе жывуць у адным велізарным бараку ў два паверхі. Ён падзелены на чатыры сектара, у кожным з якіх па два атрады па 200 чалавек. Усяго восем атрадаў. Ложкі стаяць у два ярусы. Пад’ём а 6 раніцы, а 6.20 праверка, потым сняданак, і ўсе ішлі на «прамку».

Змена доўжыцца да 13.30, потым гадзіну асабістага часу, абед і трэба было ісці на лекцыю пра шкоду наркотыкаў. Потым усе ішлі ў барак. А 17.00 зноў праверка, вячэра, прагляд навінаў, яшчэ адна вечаровая гадзіна асабістага часу і ўсё, адбой а 22.00. Дарэчы, дзве гадзіны асабістага часу ў дзень – гэта час, калі можна апранаць звычайную хатнюю вопратку, астатні час – абавязкова ў турэмнай робе.

І так сем гадоў. Гэта было вельмі дэпрэсіўна, калі ў цябе вялікі тэрмін. Першы год даецца дастаткова лёгка, ты проста абвыкаеш. А вось гады праз паўтара-два цябе проста накрывае ад нерэальнасці тэрміну па прысуду. Пачынаеш шмат чытаць. Дарэчы, ў ПК-22 усё чамусьці любяць пачынаць чытаць з Карласа Кастанеды.

– Наколькі эфектыўныя меры па прадухіленню распаўсюджвання наркотыкаў?

– Дакладна магу сказаць, што сэнсу ўтрымліваць усіх асуджаных па артыкуле 328 у адной калоніі няма. Там людзі, якія трапілі на зону выпадкова, сустракаюцца з рэальнымі наркаманамі, ад якіх даведваюцца, як можна прыгатаваць наркотыкі з чаго заўгодна. Там хапае і тых, хто прызнаецца, што пасля вызвалення зноў будзе прымаць штосьці забароненае. Я цяпер ведаю пра наркотыкі проста ўсё! Проста ўсё, хоць раней гэтай тэмай не асоба цікавіўся, а марыхуану проста хацеў паспрабаваць.

Прыгатаваць наркотык можна нават пасля прагляду ролікаў на абавязковых лекторыях, куды нас заганялі кожны дзень. Па відэа, якое як бы распавядае аб жахах, куды гэта ўсё прывяло, можна аднавіць карціну, хто, з чаго і як у бытавых умовах рыхтаваў наркотык.

Рэальна трэба тэрмінова ўводзіць паглыблены пагранічны кантроль на ўсіх узроўнях. Па-першае, няма мяжы з Расеяй, і ўсё правозіцца без праблем. А, па-другое, трэба старанна правяраць пасылкі з Кітая. Напрыклад, картрыдж для друкаркі, замоўлены праз звычайную інтэрнэт-краму тыпу Ali-Express, можа прыбыць у Мінск запраўлены вадкасцю альфа-PVP – гэта рэальны выпадак.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства