Алесь Бяляцкі: “Хто нас можа абараніць? Толькі мы самі”

2019 2019-12-10T14:25:00+0300 2019-12-10T14:49:08+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/bialiacki-12.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі. Фота: Радыё Свабода.

Алесь Бяляцкі. Фота: Радыё Свабода.

Старшыня праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі  падводзячы вынікі сыходзячага году, называе балючыя кропкі беларускага грамадства і дае свой адказ на пытанне “Што рабіць у гэтай сітуацыі?

– Падводзячы вынікі году, даводзіцца прызнаваць, што вялізныя праблемы ў галіне правоў чалавека, якія былі закладзены аўтарытарнай ўладай за папярэднія дзесяцігоддзі, засталіся, – адзначае праваабаронца. – Ніякіх сур’ёзных прарываў не адбылося. Мы маем недэмакратычнае заканадаўства, якое моцна абмяжоўвае правы і свабоды грамадзян. Аўтарытарызм абараняецца выгоднымі для яго законамі.

Ёсць вялікія абмежаванні і забароны на свабоду сходаў. Гэта з’яўляецца асноўнай прычынай бясконцых адміністрацыйных судовых працэсаў. У гэтым годзе ўжо было больш за дзвесце такіх судоў. Хаця ўдзельнікі масавых акцый і нават адзіночных пікетаў проста хацелі звярнуць увагу на сур’ёзныя праблемы ў жыцці нашага грамадства, якія тычацца ўсіх. Але ўлады не хочуць бачыць гэтыя праблемы і караюць удзельнікаў акцый. Трэба сказаць, што штрафы вялікія. Такім чынам дзяржава б’е па кішэні людзей, незадаволеных несправядлівасцю ўладаў.

Другі накірунак, які моцна рэпрэсуецца, гэта выраб і распаўсюд інфармацыі. Права на распаўсюд інфармацыі, як і права на мірныя сходы гарантаваны Канстытуцыяй і міжнароднымі пагадненнямі, якія падпісала, але не хоча выконваць Беларусь. Тым не менш, мы бачым, як на працягу года пераследаваліся неакрэдытаваныя журналісты. Але асноўны ўдар быў накіраваны на блогераў. Памятаем гучны крымінальны працэс над брэсцкім народным журналістам Сяргеем Пятрухіным, які крытыкуе ў сваім рэгіёне і карупцыю сярод чыноўнікаў, і здзекі праваахоўнікаў з простых людзей. Вось і вырашылі  праз суд фактычна заткнуць яму рот, і зараз ён абавязаны заплаціць амаль 10 тысяч долараў. Знялі, як кажуць, апошнія штаны, добра, што хоць не пасадзілі.

Ціснуць на блогераў з Оршы, Бярозы, з Мінска… Відавочна, што ўлады баяцца распаўсюду праўдзівай, часта для іх непрыемнай інфармацыі, якая ідзе з першых вуснаў звычайных людзей.

Трэці момант, які варта адзначыць у гэтым годзе, – правядзенне парламенцкіх выбараў, якія былі ўладамі нахабна сфальсіфікаваныя. Выбары атрымаліся фактычна нелігітымныя. Людзей з іншымі поглядамі проста не дапусцілі да дэпутацтва. Гэта тлумачаць захаваннем стабільнасці, але такая “стабільнасць” прыводзіць толькі да ўзлёту карупцыі. Нягледзячы на тое, што ідуць бясконцыя суды над высокімі чыноўнікамі за хабар, за перавышэнне паўнамоцтваў, карупцыя на ўсіх узроўнях глыбока ўелася ў цела гэтай ўлады. А выбараў, як інструмента зменаў карумпаванай улады, у дзяржаве няма.

У такой сітуацыі зразумелая нелюбоў уладцаў да постаці Кастуся Каліноўскага, бо ён заклікаў уладу служыць народу. У нас атрымліваецца ўсё наадварот. Улада грэбуе людзьмі, не слухае нас, лічыць усіх нас няздольнымі недарэкамі і сама вырашае, што белае, а што чорнае, каго памілаваць, а каго пакараць.

Як мы не б’емся за адмену смяротнага пакарання, тлумачым, што гэта нецывілізавана і негуманна, што так нельга, што ў Еўропе ніхто з вамі не будзе рукацца, пакуль што нам не ўдаецца дагрукацца да чыгунных уладных ілбоў.

Таму карціна не вельмі вясёлая. Пасля выбараў мы бачым незвычайны ўсплеск рэпрэсіяў супраць грамадскіх актывістаў, блогераў і журналістаў.  Зараз кожны дзень ідуць адміністрацыйныя працэсы. І ўсё гэта адбываецца падчас нервовага абмеркавання дакументаў па інтэграцыі з Расіяй, якія збіраюцца падпісаць у бліжэйшы час. Што будзе падпісвацца – невядома. Усё ў тумане. З думаючай інтэлігенцыяй, палітычна актыўнымі грамадзянамі ніхто не раіцца. Чарговы раз беларускі народ без нашай згоды збіраюцца ажаніць.

Даводзіцца канстатаваць, што ўсе  рэпрэсіўныя інструменты ўлады засталіся, яны нікуды не зніклі. Усе гэтыя ідэолагі, спецслужбы, амапы, залежныя суды і бяззубыя пракуратуры засталіся і гатовыя выконваць і перавыконваць план.  У любы момант колькасць рэпрэсаваных можа павялічыцца ў дзесяткі разоў, што ўжо было ў сучаснай гісторыі Беларусі. Паліцэйская дзяржава, што і сказаць.

Што рабіць у гэтай сітуацыі?  Хто нас можа абараніць? Толькі мы самі! Нам, грамадзянам Беларусі неабходна дамагацца станоўчых зменаў у захаванні правоў чалавека ў краіне! І гэта магчыма!

Сёлета быў адменены артыкул, які прадугледжваў крымінальную адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Супольныя намаганні людзей, чые блізкія адбываюць непрапарцыйна цяжкія пакаранні па “наркатычным” артыкуле, прывялі да таго, што ўлады вымушаныя былі пайсці на саступкі. У Брэсце праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода, нягледзячы на рэпрэсіі і правакацыі з боку ўладаў, дамагліся таго, што прадпрыемства “замарозілі”. Адным словам, разам мы можам дасягнуць канкрэтных вынікаў, і гэта станоўчы момант.

Мы, грамадзяне, павінны самаарганізоўвацца, а не гуляць у гульні, якія навязваюць нам гэтыя самапрызначэнцы. Мы павінны адкрыта выказвацца, пратэставаць, адгукацца на несправядлівасць з боку ўладаў, калі бачым і адчуваем яе. Трэба бараніць тыя правы, якія нам гарантаваны Канстытуцыяй. Мы не павінны дапускаць, каб лёс народа самастойна вырашаў адзін чалавек. Я глыбока перакананы ў тым, што незалежнасць, дэмакратыя і правы чалавека ідуць у адной моцнай звязцы. Гэта той непахісны трыумвірат каштоўнасцяў, які, на мой погляд, і павінен вывесці беларусаў на чысты і шырокі шлях.

Алесь Бяляцкі, "Народная Воля".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства