Ніна Багінская: Мяне пачалі штрафаваць, калі не памыляюся, з 2015 года

2019 2019-12-03T12:34:04+0300 2019-12-03T12:49:37+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/baginskaya_piket.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ніна Багінская

Ніна Багінская

Вядомая грамадская актывістка Ніна Багінская распавяла сайту palitviazni.info пра чарговы штраф за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, ігнараванне судоў і сваю невялікую пенсію.

“Я 200 рублёў у месяц атрымліваю, пра што думаюць суддзі, калі выпісваюць мне па 600 долараў штрафы?” – абураецца пенсіянерка.

2 снежня судзе Першамайскага раёна Мінска разглядаліся справы чатырох актывістаў, у дачыненні да якіх былі складзены пратаколы па артыкуле за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, – Дзяніса Красачкі, Ніны Багінскай, Леаніда Кулакова і Вольгі Нікалайчык.

Як паведамляе spring96.org, Дзяніс Красачка аштрафаваны на 25 базавых велічыняў (637,5 рубля), усе астатнія – на 50 базавых велічынь (1275 рублёў) кожны.

Нагадаем, што 72-гадовая Ніна Багінская пастаянна выходзіць на розныя акцыі з бел-чырвона-белым сцягам, каб выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю. Міліцыя кваліфікуе гэта, як несанкцыянаваныя пікеты, і ўжо працяглы час выпісвае сталай жанчыне вялікія штрафы, якія ў агульнай суме дасягнулі ўжо фантастычных для пенсіянеркі памераў.

“На гэтыя суды я ўжо даўно не хаджу, не пайшла і 2 снежня – кажа Ніна Багінская. – Пазней мне ўжо паведамілі і сказалі, што выпісалі 50 базавых велічынь штрафа (каля 600 долараў) быццам бы за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве 16 кастрычніка. Я тады прыйшла, як выбарца на пікет кандыдата ў дэпутаты Алены Талстой, а затым мы пайшлі на плошчу, дзе моладзь выказала пратэст так званым выбарам. Грошай у дзяржавы няма, вось яны і вырашылі разбагацець на пенсіянерцы Багінскай, бо ў гэтым месяцы, відаць, мяне чакае яшчэ адзін суд”.

Са слоў Ніны Багінскай, нягледзячы на тое, што год заканчваецца, яна не вядзе статыстыку, колькі разоў яе судзілі ў гэтым годзе і колькі штрафаў выпісалі.

“Якая розніца, колькі тых штрафаў? – кажа пенсіянерка. – Мяне пачалі штрафаваць, калі не памыляюся, з 2015 альбо 2016 года, і за ўвесь час назбіралася ўжо каля 50 тысяч долараў штрафаў, якія я не плаціла і не збіраюся плаціць. Маёмасці ў мяне няма, таму па-ранейшаму вылічваюць кожны месяц палову пенсіі. На рукі атрымліваю каля 200 рублёў. Пра што ў такім выпадку суддзі думаюць, калі выпісваюць мне па 600 долараў штрафы?”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства