viasna on patreon

16 актыўных дзён супраць гендэрнага гвалту ў Беларусі. Што варта зрабіць і наведаць

2019 2019-11-29T17:54:02+0300 2019-11-29T17:54:03+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/84a368c4svaboda_s.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Зь ініцыятывы ААН у лістападзе праходзіць сусьветная кампанія «16 актыўных дзён супраць гендэрнага гвалту». Патлумачым, дзеля чаго гэта робіцца, і што адбываецца ў Беларусі ў рамках кампаніі, піша "Радыё Свабода".

Што гэта такое

16 дзён супраць гендэрнага гвалту — міжнародная кампанія, накіраваная на ліквідацыю гвалту ў адносінах да жанчын і дзяўчынак. Яна праходзіць з 25 лістапада па 10 сьнежня штогод. У гэты час па ўсім сьвеце праходзяць мерапрыемствы, якія тлумачаць праблему і заклікаюць зь ёй змагацца.

Навошта гэта трэба

Паводле ініцыятараў кампаніі, 16 дзён — выдатны спосаб прыцягнуць увагу да маштабнасьці і сур’ёзнасьці праблемы гвалту над жанчынамі. Для Беларусі гэта актуальнае пытаньне: за 10 месяцаў больш за 1500 жанчын сталі ахвярамі злачынстваў, учыненых іх блізкімі.

Менавіта жанчыны і дзяўчынкі складаюць больш за 70% усіх пацярпелых ад псыхалягічнага, эканамічнага і сэксуальнага гвалту ў сямʼі. Паводле статыстыкі МУС, больш за 117 злачынстваў у сямʼі за 10 месяцаў — гэта злачынствы супраць палавой недатыкальнасьці, зь іх большасьць — у адносінах да дзяўчынак да 16 гадоў.

Толькі за першыя паўгоду 2019 году 55 чалавек былі забітыя сваімі партнэрамі або членамі сямʼі. Тым ня менш у Беларусі да гэтага часу няма закону аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту.

Як у Беларусі праходзяць 16 актыўных дзён супраць гвалту

На працягу 16 актыўных дзён ініцыятыўная група «Маршыруй, дзетка!» сумесна з Беларускай нацыянальнай плятформай Форуму грамадзянскай супольнасьці Усходняга партнэрства праводзяць выставу фотаздымкаў жанчын, якія перажылі хатні гвалт, масавае падпісаньне паштовак, сэрыю пікетаў у Менску і паказ дакумэнтальнага спэктакля, заснаванага на рэальных гісторыях ахвяр хатняга гвалту, а таксама публікуюць шмат карыснай інфармацыі ў сацсетках.

На якія імпрэзы варта зьвярнуць увагу

  • Вечар бяз гвалту

3 сьнежня ў Галерэі «Ў» адбудзецца масавае падпісаньне паштовак. Будзе раздадзена больш за 300 паштовак, прысьвечаных розным сьвятам: 9 траўня, Каляды, хрэсьбіны, Дзень усіх закаханых, 8 сакавіка, Дзень Вялікадня, Новы год.

Паштоўка — знак таго, што на кожнае сьвята статыстыка па гвалце ў сямʼі павялічваецца ў геамэтрычнай прагрэсіі. Ініцыятары імпрэзы хочуць, каб людзі, якія прымаюць рашэньні, памяталі пра гэта і пачалі дзейнічаць, каб выправіць сытуацыю.

Ініцыятыва «Маршыруй, дзетка!» адправіць паштоўку ў Адміністрацыю прэзыдэнта, Савет Рэспублікі і Палату прадстаўнікоў і павіншуе зь Міжнароднай кампаніяй «16 актыўных дзён супраць гендэрнага гвалту».

  • Выстава «Кожная трэцяя»

У гэты вечар 3 сьнежня можна будзе ўбачыць выставу «Кожная трэцяя», якую арганізавала «Радзіслава», — першы ў Беларусі прытулак для пацярпелых ад хатняга гвалту. У рамках выставы адбудзецца лекцыя-дыскусія на тэму «Гендэрны гвалт — гэта толькі пра жанчын?», якую падрыхтуе Цэнтар па прасоўваньні правоў жанчын «Яе правы».

  • Сэрыя пікетаў — 55 ахвяраў

За першае паўгоддзе 2019 году ад рук сваіх блізкіх ужо загінула 55 чалавек. Гэта на 8 чалавек больш, чым за аналягічны пэрыяд 2018 году. 

Пікеты будуць прысьвечаныя 55 загінулым ад гвалту ў сямʼі. Актывісткі выйдуць на вуліцы і раскажуць рэальныя гісторыі людзей, якія загінулі ад рук сваіх блізкіх ці перажылі хатні гвалт.

  • Спэктакль пра рэальныя гісторыі гвалту

Дакумэнтальны спэктакль «Родныя людзі?» Лябараторыі сацыяльнага тэатру распавядае рэальныя гісторыі, заснаваныя на інтэрвію зь людзьмі, якія перажылі хатні гвалт, нейкі час жылі ў прытулку, прайшлі рэабілітацыю з псыхолягамі і здолелі ці ня здолелі ўладкаваць сваё жыцьцё пасьля сыходу ад агрэсара. Пасьля паказу будзе магчымасьць пагаварыць з экспэрткамі аб сытуацыі. Імпрэза адбудзецца 8 сьнежня ў культурным хабе ОК16 ў Менску на вуліцы Кастрычніцкай, 16. Пачатак у 17:00.

  • Онлайн-лісты дэпутатам

Ці ведаюць людзі, хто дэпутат або дэпутатка па іх акрузе?

На сайце «Маршыруй, дзетка» будзе разьмешчаны сэрвіс, які дапаможа даведацца імя і кантактныя дадзеныя дэпутата. Будзе падрыхтаваны шаблён дакумэнту, з дапамогай якога можна будзе зьвярнуць яго / яе ўвагу на адсутнасьць закону па супрацьдзеяньні хатняму гвалту, а таксама даведацца, якую працу ў гэтым кірунку вядзе дэпутат / ка на дадзены момант і якія дзеяньні ў яго / яе ў плянах.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства