viasna on patreon

Беларускі дом правоў чалавека працягвае конкурс на пасаду выканаўчага дырэктара

2019 2019-11-29T16:00:00+0300 2019-11-29T16:03:02+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dom_pravoj.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Беларускі дом правоў чалавека шукае выканаўчага дырэктара – і магчыма, менавіта вас. Пра ўмовы працы і патрабаванні да кандыдатаў чытайце ніжэй.

Від занятасці: Поўная занятасць

Месца працы: Вільнюс, Літва

Пачатак працы:  люты 2020

АрганізацыяБеларускі дом правоў чалавека імені Барыса Звозскава

Пра арганізацыю: Беларускі дом правоў чалавека імені Барыса Звозскава быў заснаваны беларускімі праваабарончымі арганізацыямі ў 2006 годзе. Ён з’яўляецца сябрам сеткі Дамоў правоў чалавека, якая аб’ядноўвае больш за 90 праваабарончых арганізацый у 16 Дамах у розных краінах. Місія БДПЧ – падтрымка і развіццё праваабарончага руху ў Беларусі. БДПЧ працуе над выкананнем сваёй місіі па чатырох стратэгічных накірунках: адукацыя ў сферы правоў чалавека, умацаванне патэнцыяла праваабарончых арганізацый, абарона і падтрымка праваабаронцаў і адвакацыя правоў чалавека.

Пра пасаду: Выканаўчы дырэктар БДПЧ адказвае за планаванне, распрацоўку, агульную каардынацыю/рэалізацыю і кіраванне стратэгічнымі напрамкамі дзейнасці БДПЧ; за пошук фінансавання, падтрыманне сувязі з донарамі і партнёрамі, за кіраванне персаналам і забеспячэнне бесперапыннай працы арганізацыі. Выканаўчы дырэктар падпарадкоўваецца Радзе БДПЧ.

Абавязкі

  • Кіраваць планаваннем, рэалізацыяй і ацэнкай праграм, праектаў і паслуг БДПЧ і забяспечваць іх адпаведнасць стратэгіі арганізацыі;
  • кіраваць рэалізацыяй працэдур і палітык БДПЧ;
  • распрацоўваць самастойна і дапамагаць камандзе распрацоўваць праектныя і праграмныя прапановы, складаць справаздачы, аналізаваць бюджэты і фінансавыя справаздачы, а таксама падаваць заяўкі і справаздачы донарам і партнёрам;
  • знаходзіць і камунікаваць з патэнцыйнымі і бягучымі донарамі і забяспечваць дастатковае фінансаванне дзейнасці арганізацыі;
  • падтрымліваць сувязь з беларускімі і міжнароднымі партнёрамі БДПЧ ў пытаннях планавання, рэалізацыі, справаздачнасці і пошуку фінансавання;
  • вызначаць і ацэньваць унутраныя і вонкавыя праблемы, якія ўплываюць на арганізацыю, і інфармаваць аб гэтым Раду і Агульны сход БДПЧ;
  • выступаць у якасці прафесійнага дарадчыка Рады і Агульнага сходу БДПЧ па ўсіх аспектах дзейнасці арганізацыі;
  • стварыць пазітыўны, здаровы і бяспечны працоўны асяродак у адпаведнасці з дзейснымі законамі і правіламі; адукоўваць і падтрымліваць каманду супрацоўнікаў Дома па меры неабходнасці для павелічэння прадукцыйнасці;
  • вызначаць кадравыя патрэбы для кіравання арганізацыяй і рэалізацыі стратэгіі;
  • зацвярджаць выдаткі ў межах паўнамоцтваў, дэлегаваных Агульным сходам БДПЧ;
  • забяспечыць належнае выкананне бухгалтарскіх працэдур і ўліку;
  • наведваць Беларусь пры патрэбе;
  • перакладаць з/на англйскую, рускую і беларускую мовы пры патрэбе;
  • каардынаваць і спрыяць адвакацыйнай дзейнасці ад імені БДПЧ на нацыянальным і міжнародным узроўні;
  • выконваць іншыя абавязкі, дэлегаваныя Радай БДПЧ.

Патрабаванні

Адукацыя

Кандыдат павінен мець вышэйшую адукацыю, пажадана ў сферы кіравання некамерцыйнымі арганізацыямі, сацыяльных або гуманітарных навук.

Веды і навыкі

  • веданне прынцыпаў кіравання некамерцыйнымі арганізацыямі;
  • веданне / разуменне заканадаўства аб працы НКА ў Беларусі, і адпаведнага заканадаўства ў Літве (базавыя веды);
  • веданне сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў цэлым і свабодай асацыяцый, слова, мірных сходаў, права быць праваабаронцам у прыватнасці, а таксама адпаведных абмежаванняў правоў чалавека, сітуацыі з дзейнасцю грамадскіх арганізацый у Беларусі;
  • веданне прынцыпаў кіравання чалавечымі рэсурсамі;
  • веданне асноваў праектнага мэнэджменту;
  • арганізацыйныя навыкі: планаванне, дэлегаванне, распрацоўка праграм;
  • выдатныя навыкі кіравання бюджэтам, уключна з падрыхтоўкай бюджэта, навыкі аналізу, прыняцця рашэнняў і складання справаздачнасці;
  • выдатнае валоданне беларускай, рускай і англійскай мовамі.

Тэхнічныя навыкі

  • Выдатнае валоданне праграмамі MS Office / LibreOffice, паштовымі кліентамі, папулярнымі інтэрнэт-браўзерамі, мэсэнджэрамі;
  • пажадана: хуткі набор, разуменне прынцыпаў бяспечнай камунікацыі.

Досвед

  • Не меней за тры гады досведа працы на кіраўнічых або адміністрацыйных пасадах у грамадскай арганізацыі, дзейнасць якой звязаная з Беларуссю, з камандай не менш за 5 чалавек;
  • сувязь з праваабарончай супольнасцю і/або з грамадскімі арганізацыямі ў Беларусі;
  • паспяховы досвед пошуку фінансавання, разуменне працэсаў фандрайзінгу;
  • досвед у рэалізацыі арганізацыйных стратэгій, пажадана ў распрацоўцы стратэгіі развіцця арганізацыі.

Як падаць заяўку

Калі ласка, дашліце вашае рэзюмэ разам з матывацыйным лістом на адрас belarus@humanrightshouse.org, пазначыўшы ў тэме ліста, што гэта заяўка на пасаду выканаўчага дырэктара. Адабраныя кандыдаты будуць запрошаныя на сумоў’е.

Калі ласка, па любых пытаннях аб пасадзе выканаўчага дырэктара звяртайцеся толькі па электроннай пошце, пазначанай вышэй.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства