16-га студзеня ў Светлагорску выйшаў апошні нумар недзяржаўнай газеты "Регион-вести" (Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў")

2004 2004-01-19T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Гэта быў чацвёрты запар нумар выдання, які прапаноўваў сваім чытачам толькі расклад тэлевізійных праграм. Але нават у такім выглядзе выданне не трапіла да падпісчыкаў: светлагорскае аддзяленне "Гомельаблпошты" паведаміла рэдакцыі пра скасаванне дамовы на распаўсюд газеты.
З новага года адзінае ў Светлагорску недзяржаўнае інфармацыйнае выданне "Регион-вести" распаўсюджвалася толькі сярод падпісчыкаў. Іх колькасць у гэтым годзе скарацілася амаль утрая. У штаце газеты на сёння працуе толькі аператар кампутарнага набору і вёрсткі.
Галоўны рэдактар "Регион-вестей" Мікола Паседзька сцвярджае, што рэдакцыя была змушаная друкаваць выключна праграму тэлепраграм, бо светлагорскі райвыканкам забараніў кіраўніцтву друкарні прымаць у вытворчасць усе іншыя інфармацыйныя матэрыялы пад шапкай "Регион-вести".
1-шы намеснік старшыні Светлагорскага райвыканкама Яўген Ждановіч катэгарычна зняпраўдзіў гэтую інфармацыю, заявіўшы, што райвыканкам "такімі справамі не займаецца". "Ёсць газета - няхай друкуецца", -- паведаміў ён прэс-службе ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" (далей - БАЖ).
Светлагорская друкарня з'яўляецца камунальнай уласнасцю горада і наўпрост падпарадкоўваецца раённаму выканаўчаму камітэту. Як стала вядома прэс-службе БАЖ, сёння ў Светлагорскай друкарні друкуецца толькі адно выданне - газета мясцовага завода "Хімвалакно", якая выходзіць адзін раз на 2 тыдні, і прадпрыемству даводзіцца жыць з дробных разавых замоваў. "Відавочна, што самой друкарні няма сэнсу адмаўляцца ад кліентаў", -- упэўненыя ў рэдакцыі "Регион-вестей".
Нагадаем таксама, што ў кастрычніку 2003 г. быў спынены продаж газеты "Регион-вести" ў крамах Светлагорскага раённага спажывецкага таварыства. Па сведчаннях супрацоўнікаў таварыства, загад прыбраць газету з крамаў яны атрымалі "зверху", пасля таго, як старшыня райвыканкама Баляслаў Пірштук убачыў газету ў адной з вясковых крамаў.
Супрацоўнікі рэдакцыі прыгадваюць, што яшчэ ўлетку 2003 г. "Регион-вести" перажывалі сапраўдны ўздым. Выданне павялічыла аб'ём, змяніла дызайн, пачало выходзіць у двух колерах, пераехаўшы са Светлагорскай друкарні ў больш сучасную Рэчыцкую. У газеты з'явіліся пазаштатныя аўтары, больш разнастайныя матэрыялы і, у выніку, вырасла колькасць чытачоў. Аднак у верасні, спаслаўшыся на вялікую загружанасць у сувязі з "сезоннай працай выпуску календароў", рэчыцкае паліграфічнае прадпрыемства "Тытул" скасавала дамову з выданнем. Усе спробы дамовіцца з іншымі рэгіянальнымі друкарнямі скончыліся безвынікова. З верасня па снежань "Регион-вести" друкаваліся ў Мінску. Гэта, аднак, паўплывала на рэзкае павелічэнне выдаткаў на друк і перавозкі, а таксама на сам графік выхаду газеты: яна стала трапляць да чытачоў значна пазней за іншыя мясцовыя выданні і страціла шмат чытачоў.
"Гэта - наўпроставы палітычны ўціск, -- лічыць галоўны рэдактар газеты Мікола Паседзька. - Да нашай газеты даўно "прыглядаліся", але асабліва ўлады актывізаваліся пасля таго, як мы пачалі цікавіцца дзейнасцю мясцовага кіраўніцтва. Усе карныя загады яны аддаюць у вуснай форме, каб вонкава выглядала, што наша газета закрылася сама".
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international