У Туркменістане спрабуюць выявіць геяў і лесбіянак сярод медыкаў Відэа

2019 2019-11-06T12:45:40+0300 2019-11-06T12:45:40+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/garaeu_kasymberdy.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Касымберды Гараеў. Фота Радыё Свабода

Касымберды Гараеў. Фота Радыё Свабода

Пасля гісторыі туркменскага лекара-кардыолага, які расказаў пра сваю гомасэксуальнасць і пасля гэтага прапаў (магчыма, арыштаваны), Міністэрства аховы здароўя Туркменістану спрабуе выявіць людзей гомасэксуальнай арыентацыі сярод медыцынскіх работнікаў, паведамляе Радыё Свабода.

Ва ўсіх раённых упраўленнях аховы здароўя прайшлі сходы, парадкам дня якіх стаў «лекар, які зняславіў нашу прафесію сваімі амаральнымі паводзінамі».

З Ашхабаду паступіў загад выявіць сярод лекараў геяў і лесбіянак. Было вырашана, што на працягу двух тыдняў усе медработнікі — ад санітарак і да галоўных урачоў — павінны прайсці абследаванне ў гарадской санэпідэмстанцыі на выяўленне захворванняў, якія перадаюцца полавым шляхам. Абследаваньне медыкі павінны аплаціць са сваёй кішэні.

Праваахоўныя органы заклікаюць пісаць заявы, калі камусьці вядомыя асобы гомасэксуальнай арыентацыі, і папярэджваюць пра крымінальную адказнасць за неданясенне.

Нагадаем, гей з Туркмэністану, чыю гісторыю расказала туркмэнская служба Радыё Свабода ў кастрычніку 2019 году, знік — магчыма, арыштаваны. Ён не выходзіў на сувязь з журналістамі з 24 кастрычніка і з таго ж часу не прыходзіў на працу, а ягоная сям’я змяніла месца жыхарства і пакінула Ашхабад.

Мужчына стаў першым прадстаўніком ЛГБТ з Туркменістану, які асабіста звярнуўся ў СМІ і адважыўся расказаць сваю гісторыю. Журналісты першапачаткова не называлі ягонага сапраўднага імя, але гэта не перашкодзіла сілавікам даведацца, пра каго напісаны матэрыял. Пазней Касымберды Гараеў сам дазволіў раскрыць сваё імя, запісаўшы відэазварот да блізкіх на выпадак, калі з ім нешта здарыцца. Праз 10 дзён ён прапаў.

У інтэрвію Гараеў распавёў, у прыватнасці, што яго дзядзька працуе ў службе аховы прэзідэнта Туркменістану. Нягледзячы на тое, што гэтая дэталь таксама магла прывесці да яго выяўлення туркменскімі праваахоўнымі органамі, ён палічыў, што пра гэта важна расказаць.

Гараеў таксама распавёў, што летась пасля вяртання з вучобы з Беларусі ён па інтэрнэце пазнаёміўся з хлопцам. Але калі яны дамовіліся сустрэцца, аказалася, што гэта была пастка паліцыі. Яго затрымалі і адвезлі ў пастарунак. Тады па яго прыехалі бацька і дзядзька і змаглі яго вызваліць, інакш Касымберды пагражала б крымінальнае пакаранне.

1 лістапада міжнародная праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch апублікавала заяву з патрабаваннем да ўраду Туркменістану тэрмінова адказаць, ці знаходзіцца Касымберды Гараеў у зняволеньні, і, калі гэта так, неадкладна вызваліць яго і растлумачыць яго затрыманне.

Туркменістан застаецца ў ліку краін, дзе мужчынскі гомасэксуалізм пераследуецца крымінальна — за гэта пагражае да двух гадоў турмы. Такіх краін у свеце налічваецца каля 60, і іх становіцца ўсё менш. З краін былога Савецкага Саюзу акрамя Туркменістана, геяў крымінальна пераследуюць толькі ў суседнім Узбекістане, а астатнія рэспублікі былога СССР даўно скасавалі адпаведныя артыкулы ў крымінальным кодэксе.

У Туркменістане спрабуюць выявіць геяў і лесбіянак сярод медыкаў

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства