viasna on patreon

Справаздача па маніторынгу мірнага схода "Дзяды" ў Мінску Фота

2019 2019-11-04T11:15:35+0300 2019-11-04T11:25:51+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dzyady_2019-9.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

3 лістапада 2019 года ў Мінску адбыліся традыцыйныя шэсце і мітынг, прысвечаныя Дню памяці продкаў “Дзяды”.

Высновы:

1. Сход насіў мірны характар (калі "арганізатары маюць мірныя намеры і сход мае негвалтоўны характар" паводле Кіруючых прынцыпаў па свабодзе мірных сходаў АБСЕ). Сваімі дзеяннямі ўдзельнікі/цы мірнага сходу не парушалі грамадскі парадак і не ўяўлялі пагрозы грамадскай бяспецы. Некалькі разоў удзельнікі\-цы выкарыстоўвалі лозунг “Слава Нацыі — смерць ворагам” без канкрэтнага закліка да дзеянняў. Іншых заклікаў да гвалтоўных дзеянняў і вайны не зафіксавана. Удзельнікі/цы не ўжывалі і не правакавалі гвалт.

2. Падчас мірнага сходу адсутнічала магчымасць ідэнтыфікаваць частку супрацоўнікаў/-ніц праваахоўных органаў, так як яны былі ў грамадзянскай форме адзення, без ідэнтыфікацыйных знакаў. Супрацоўнік “Інфармацыйнай групы”, які прысутнічаў толькі на ўваходзе ва ўрочышчы Курапаты, не прадставіў запытваемую інфармацыю адносна арганізацыі аховы правапарадку, а прапанаваў усе пытанні адрасаваць у прэсс-службу ГУУС Мінгарвыканкама.

3. Супрацоўнікі ДАІ разрывалі рух калоны на светлафорах, не забяспечвалі бесперапынны рух удзельнікаў і ўдзельніц, але дапамагалі арганізоўваць рух на нерэгуляваных пешаходных пераходах. 

4. Перашкодаў працы незалежных назіральнікаў/-ніц і СМІ не зафіксавана. Пры гэтым адсутнічае эфектыўная камунікацыя з праваахоўнымі ворганамі і магчымасць атрымаць інфармацыю.

5. Неабходнасць атрымліваць дазвол для правядзення схода і патрабаванне аплаты паслуг па ахове грамадскага парадку, медыцынскім абслугоўванні і прыборцы тэрыторыі зьяўляецца непрапарцыйным абмежаваннем права на мірныя сходы.

6. Затрыманняў удзельнікаў\-іц падчас сходу не зафіксавана.

Метадалогія маніторынгу

РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт" і Праваабарончы цэнтр "Вясна" праводзяць сістэматычнае назіранне за мірнымі сходамі ў Беларусі на падставе распрацаванай метадалогіі маніторынгу. Яна ўключае ў сябе: набор і навучанне назіральнікаў/ніц прынцыпам грамадскага кантролю, міжнародным стандартам правядзення мірных сходаў і метадалогіі назірання; запаўненне анкеты назірання падчас вочнага кантролю; апрацоўка анкет і напісанне маніторынгавай справаздачы. Анкеты назірання за мірнымі сходамі распрацаваныя сумесна праваабарончымі арганізацыямі і ўключаюць пытанні аб магчымасці выканання назіральнікамі/цами і журналістамі/камі сваіх функцый, аб паводзінах арганізатараў і ўдзельнікаў/ніц мірнага сходу, супрацоўнікаў/ніц праваахоўных органаў, а таксама наяўнасць на мірным сходзе хуткай дапамогі і медыцынскіх работнікаў/ніц.

Назіральнікі і назіральніцы дапускаюцца да назірання толькі ў выпадку згоды на выкананне правілаў і прынцыпаў назірання (незалежнасць і палітычная нейтральнасць; апісанне фактаў, а не меркаванняў; неўмяшанне ў падзею, за якой назіраюць; прыхільнасць прынцыпам правы: адмова ад любых формаў гвалтоўных дзеянняў і дыскрымінацыйных практык; карэктныя паводзіны). Падчас выканання сваіх абавязкаў назіральнікі і назіральніцы па магчымасці трымаюцца асобна ад удзельнікаў/ніц. Яны пазначаныя пасведчаннямі і сінімі камізэлькамі з надпісам "#СontrolBY".

Папярэдняя інфармацыя

Загадзя ў СМІ і сацыяльных сетках з'явілася інфармацыя пра тое, што Кансэрватыўна-хрысціянская партыя БНФ падала заяўку на правядзенне традыцыйнага шэсця і мітынгу, прысвечаных Дню памяці продкаў "Дзяды" ў нядзелю 3 лістапада і атрымала станоўчае рашэнне. Арганізатары абавязаны заключыць дамовы і аплаціць паслугі міліцыі па ахове грамадскага парадку, паслугі хуткай дапамогі па медычным абслугоўванні і паслугі камунальных служб па прыборцы тэрыторыі. Падчас правядзення мірнага сходу вочна і бесперапынна ажыццяўлялі грамадскі кантроль 4 назіральніка/-ніцы, якія прайшлі адпаведнае навучанне і былі пазначаныя сінімі камізэлькамі і пасведчаннямі.

Ход мірнага сходу

Падчас мірнага сходу былі адзначаныя наступныя факты:

1. На момант пачатку маніторынгу ў 11:35 ўдзельнікі/-цы і прадстаўнікі/-цы СМІ збіраліся каля будынку гадзіннікавага завода "Луч" (пр. Незалежнасці, 95).

Шэсце пачалося ў 12:00, у калоне прысутнічала не менш за 235 чалавек. Заўважаны беспілотны лятальны апарат (дрон), які верагодна належыць праваахоўным ворганам. На працягу ўсяго мірнага схода актыўна працавалі прадстаўнікі/-цы СМІ: размаўлялі з удзельнікамі/-цамі акцыі, здымалі тое, што адбываецца на фота- і відэакамеры, рабілі прамыя трансляцыі, бралі інтэрв'ю.

2. Арганізатар быў пазначаны бэйджам, некалькі чалавек выконвалі функцыю дружыны. Выкарыстоўваліся два гучнагаварыцеля. У 12:15 некаторыя ўдзельнікі запалілі каляровыя фаеры, іншыя ўдзельнікі прасілі загасіць іх. Супрацоўнікі міліцыі і арганізатары ніяк не рэагавалі. Падчас шэсця кіроўцы некаторых машын сігналілі, супрацоўнікі праваахоўных органаў фіксавалі нумары гэтых машын.

3. Агулам, падчас шесця і мітынгу прысутнічалі не менш за 50 супрацоўнікаў/-ніц праваахоўных ворганаў. Усе яны былі ў цывільнай форме адзення, апазнаць іх можна было па рацыях, слухаўках і іншых спэцыфічных прыкметах. Не менш за трох супрацоўнікаў здымалі тое, што адбываецца, на ручныя відэакамеры. Супрацоўнік ДАІ і супрацоўнік “Інфармацыйнай групы” не прадставіў запытваемую інфармацыю адносна арганізацыі аховы правапарадку.

4. Каля 15:05 калона (не менш за 325 удзельнікаў/-ніц і каля 20 журналістаў/-ак) падыйшла да ўрочышча Курапаты. Мітынг адбываўся ў самім урочышчы Курапаты з 15:21 да 16:00, з выкарыстаньнем мікрафону і калонак. Мітынг пачаўся з песні Ave Maria. Выступоўцы не заклікалі да здзяйснення гвалтоўных дзеянняў, актаў экстрэмізму, вайны і г.д. У канцы мітынгу людзі спелі гімн "Магутны Божа", пакінулі знічкі, сцягі, плакаты і пачалі разыходзіцца.

5. Падчас шэсця і мітынга выкарыстоўвалася наступная сымволіка:

  • Плакаты:

“Курапаты памяць пра генацыд”, “Народны мэмарыял Пашана забітым продкам”, “Дзяды растрэляныя ў Курапатах”, плакат з гербам Пагоня, плакат “Не пускайце звера ў хату #Незалежнасць” з лапамі мядзведзя і расейскімі сьцягамі, “Беларуская аўтакіфальная праваслаўная царква”, “Желтый песочек” з постерам фільма.

  • Расцяжкі:

“Дзяды”, “Хайсы — Віцебскія Курапаты”, “Расея — гэта вайна”, “Жыве незалежная Беларусь”, “Ліда памятае”, “Курапаты наш народны мэмарыял”, “Курапаты — сьведчаньне пашаны”, “Кабыляцкая гара — Аршанскія Курапаты вёска Андрэеўшчына”. “Беларуская самабытнасць — наш супраціў расейскай акупацыі”, “Урочышча Каліта — Слуцкія Курапаты”.

  • Сцягі:

не менш за 27 бел-чырвона-белых сцягоў на флагштоках, сцягі БХД, сцягі Маладога фронту, сцягі Еўрапейскай Беларусі, бел-чырвона-белы сцяг з гербам "Пагоня", бел-чырвона-белыя сцягі на плячах удзельнікаў/-цаў, сцяг Беларускай праваслаўнай аўтакефальнай царквы, маленькія бел-чырвона-белыя сцягі і іншыя элемэнты з гэтай сымволікай: нашыўкі, стужачкі, шалікі. Адзначаны стужкі Маладога фронта, драўляныя крыжы, кветкі, знічкі ў лампадах. Удзельнікі і ўдзельніцы збіралі ахвяраванні для падтрымкі зняволеных актывістаў і на ўстаноўку новых крыжоў ва ўрочышчы Курапаты.

6. Выкарыстаныя лозунгі: "Жыве Беларусь!", “Жыве!”, “Перад усім — Беларусь”, “Верым! Можам! Пераможам”, “Пуцін *уйло”, “Слава Беларусі! Героям Слава!”, “Слава нацыі — мы супраць інтэграцыі”, “Слава нацыі — не ворагам/ нет врагам”, “Расея — гэта вайна”, “Не саюзу з імперскай Расеяй/ Расійскай Імперыяй”. Спявалі песні “Не загаснуць зоркі ў небе”, “Пагоня”, “Грай” і іншыя. Некалькі разоў удзельнікі выкарыстоўвалі лозунг “Смерць ворагам”, арганізатары і міліцыя ніяк не рэагавалі.

7. Калону суправаджаў сіні мікрааўтобус з гука- і відэазапісваючай апаратурай, 2 мікрааўтобуса, аўтобус с супрацоўнікамі/-цамі камунальных служб і трактар. Машын хуткай дапамогі на працягу ўсяго мірнага сходу зафіксавана не было.

Рэкамэндацыі:

Супрацоўнікам праваахоўных ворганаў:

  • ажыццяўляць ахову грамадскага парадку падчас мірных сходаў у форменнай вопратцы, а таксама быць пазначанымі ідэнтыфікацыйнымі сродкамі (бэйджамі або нагруднымі знакамі);
  • прызначаць кантактную асобу з ліку супрацоўнікаў/-ніц міліцыі для эфектыўнай і выніковай камунікацыі з назіральнікамі, СМІ, арганізатарамі і ўдзельнікамі/цамі мірнага сходу.

Суб'ектам, якія валодаюць правам заканадаўчай ініцыятывы:

  • ініцыяваць змены ў заканадаўства з мэтай прывядзення яго ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне свабоды мірных сходаў;
  • не спаганяць аплату за паслугі па ахове грамадскага парадку, медыцынскім абслугоўванні і прыборцы тэрыторыі.

Выканаўчаму органу ўлады (Мінскаму гарадскому выканаўчаму камітэту):

  • эфэктыўна выконваць функцыю адміністравання мірных сходаў да, падчас і пасля правядзення сходаў;
  • устрымлівацца ад празмерных патрабаванняў да арганізатараў мірных сходаў, не перакладаць функцыі адміністравання і аховы правапарадку на арганізатараў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства