Магілёўскую журналістку аштрафавалі за пазітыўны рэпартаж пра чыноўніка

2019 2019-10-24T17:30:30+0300 2019-10-25T16:19:05+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/chultsova-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Дар'я Чульцова. Фота: mspring.online.

Дар'я Чульцова. Фота: mspring.online.

Як паведамляе сайт mspring.online, журналістка-фрылансерка Дар’я Чульцова атрымала штраф у 510 рублёў за рэпартаж з Бялынічаў пра былога намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама, цяпер – намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Андрэя Кунцэвіча.

Сюжэт быў паказаны 22 жніўня ў эфіры тэлеканала БелСАТ. Суддзя суда Бялыніцкага раёна Валянціна Паўлава прыйшла да высновы, што гэта менавіта Чульцова і аператар Міхаіл Аршынскі вырабілі відэа, паказанае па ТБ.

Падчас судовага працэсу, які адбыўся 18 кастрычніка суддзя апытала дырэктарку бялыніцкай СШ №1 (яе сканчаў Кунцэвіч) Таццяну Балдышэўскую, а таксама настаўнікаў навучальнай установы Дзмітрыя Ляшука і Дануту Клопаву, якія з’яўляліся ў кадры. Усе яны апазналі Чульцову і заявілі, што рэпартаж рыхтавала яна.

Балдышэўская распавяла, што асабіста азнаёміла журналістку з фотаальбомам ў школьным музеі:

"Мы ганарымся сваімі вучнямі і мы рады увазе СМІ да нашай школы", – сказала падчас суду дырэктарка.

Яна заявіла, што бачыла сюжэт – яе словы не былі скажонымі. Пра гэта ж заявілі настаўнікі Клопава і Ляшук: фактычна, журналісцкую працу Чульцова зрабіла прафесійна.

Нягледзячы на ​​гэта, Бялыніцкі РАУС завёў адміністрацыйную справу – па закону Рэспублікі Беларусь аб СМІ, БелСАТ лічыцца замежным тэлеканалам, а значыць, усім яго журналістам неабходна атрымаць акрэдытацыю ў МЗС. Зрэшты, журналістам БелСАТ, колькі б яны не спрабавалі яе атрымаць, заўсёды адмаўлялі.

Суддзя Паўлава прыслухалася да меркавання міліцыі і прызнала віну Чульцовай ў “незаконным вырабе прадукцыі СМІ” (22.9 КоАП), прызначыўшы штраф у 20 базавых велічынь. Сама Дар’я на судзе не прысутнічала.

Гэта была другая спроба прыцягнуць фрылансерку да адказнасці за сюжэт пра Андрэя Кунцэвіча. Першая правалілася – 26 верасня суддзя Аксана Загорская адправіла матэрыялы адміністрацыйнай справы Чульцовай на дапрацоўку, таму што ў іх міліцыя нарабіла памылак.


Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства