Чаму праціўнікаў завода АКБ не зарэгістравалі кандыдатамі ў дэпутаты?

2019 2019-10-22T11:17:26+0300 2019-10-22T11:36:54+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/piket_supracakb1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

“Дрыжаць, як на электрычным стуле, калі я прашу паказаць мне падпісныя лісты, дзе знайшлі несапраўдныя подписы”, - распавядае незарэгістраваная кандыдатам Алена Макарэвіч - вылучэнка праціўнікаў завода АКБ шляхам збора подпісаў у Брэсцкай-Усходняй выбарчай акрузе № 3.

Лісты з несапраўднымі подпісамі знайшлі і ў іншых незалежных прэтэндэнтаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. На гэтай падставе адмовілі ў рэгістрацыі кандытамі ў дэпутаты таксама Віктару Маркоўскаму (Брэсцкая-Заходняя выбарчая акруга №1) і Раману Кісляку (Брэсцкая-Цэнтральная выбарчая акруга №2). Ва Уладзіміра Мароза (Брэсцкая-Памежная выбарчая акруга №4) таксама быццам бы знайшлі несапраўдныя подпісы, аднак у яго ўсё ж атрымалася зарэгістравацца кандыдатам як вылучэнца ад Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі.

Аляксандр Кабанаў, Уладзімір Мароз, Алена Макарэвіч, Раман Кісляк
Аляксандр Кабанаў, Уладзімір Мароз, Алена Макарэвіч, Раман Кісляк

Пералік падстаў, па якіх подпісы выбаршчыкаў прызнаюцца несапраўднымі, вызначаны ч.ч. 18 і 19 арт.61 Выбарчага кодэкса і ёсць вычарпальным. З бачанага, большасць “несапраўдных” подпісаў, выяўленых Брэсцкімі акруговымі выбарчымі камісіямі, не адпавядае вычарпальнаму пераліку артыкула 61. Таму сябры камісіі, якіх просяць паказаць падпісныя лісты, чамусьці вельмі хвалююцца.

Робіцца зразумелым, што адмова незалежным прэтэндэнтам у кандыдаты ажыццяўляўся па надуманых падставах. Надуманыя падставы выяўляюцца і ў прыпісванні непажаданым прэтэндэнтам чужой маёмасці і каштоўных папер.

Адзінага зарэгістраванага кандыдатам праціўніка завода АКБ травяць у дзяржаўных СМІ

Варта адзначыць, што яшчэ да рэгістрацыі Мароза ў якасці кандыдата на праўладных сайтах Брэсцкай вобласці ў дачыненні да яго распачалася сапраўдная траўля. Сайт allbel.info апублікаваў абразлівы артыкул “Халіф на гадзіну ці як Уладзімір Мароз у дэпутаты сабраўся”, у якім высмейваецца біяграфія актывіста і яго прафесія сантэхніка.

Вылучэнцу ад АГП па Брэсцкай-Заходняй выбарчай акрузе №1 Аляксандру Кабанаву адмоўлена праз: "адсутнасць у анкеце звестак аб месцы працы", “неадпаведнасць дадзеных з падатковай і дадзеных, запісаных ў анкеце”, “атрыманне грошай на ўжо закрытыя рахункі”.

Вылучэнцу ад грамадзян па Брэсцкай-Заходняй выбарчай акрузе №1 Віктару Маркоўскаму адмоўлена праз незаяўленыя каштоўныя паперы, якія належаць яму па інфармацыі Дэпартамента па каштоўных паперах Міністэрства фінансаў. Маркоўскі сцвярджае, што іх не мае. Дарэчы, што на папярэдніх выбарах у яго знайшлі трохпакаёвую кватэру, якой у рэальнасці таксама не было.

Цікава, што неўказанне каштоўных папер праўладным кандыдатам у Брэсцкай-Цэнтральнай выбарчай акрузе №2 Марынай Васько вызначана камісіяй як “малазначнае парушэнне”, бо “даходу не было”. І кандыдатку зарэгістравалі.

Незарэгістраваныя кандыдаты падалі скаргі ў Брэсцкую абласную выбарчую камісію і ўжо атрымалі першую адмову. Як паведамляе “БелаПАН”, 21 кастрычніка не задаволілі скаргу праціўніцы акумулятарнага завода Алены Макарэвіч.

Макарэвіч палічыла адмову незаконным і неабгрунтаваным, прасіла абласны выбаркам адмяніць рашэнне акруговай выбарчай камісіі і зарэгістраваць яе кандыдатам у дэпутаты.

«Усе подпісы за Макарэвіч дакладныя. Выбаркам чапляўся да чыстапісання. Але гэта не мае ніякага дачынення як да сапраўднасці подпісаў, так і да саміх выбараў. Улады плююць на людзей і на іх подпісы за вылучэнне кандыдата. Мы будзем звяртацца ў суд і ў Камітэт ААН па правах чалавека», - распавёў іншы незарэгістраваны кандыдат, праваабаронца Раман Кісляк.

Кісляк таксама абскардзіў у абласным выбаркаме адмову ў рэгістрацыі. Яго скарга будзе разгледжана 23 кастрычніка. Праваабаронца заявіў, што ўлады спецыяльна не дапусцілі іх да далейшага ўдзелу ў выбарчай кампаніі.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Навіны кампаніі ў фэйсбукутвітэры і на Тэлеграм-канале

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства