Полацкага блогера Geibal выклікалі ў следчы камітэт – прасілі аддаць тэлефон

2019 2019-10-17T15:10:09+0300 2019-10-17T15:10:10+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/geibal_liavkouski.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Раман Ляўкоўскі. Фота "Віцебскай Вясны"

Раман Ляўкоўскі. Фота "Віцебскай Вясны"

Полацкага блогера Рамана Ляўкоўскага (Geibal), які 14 кастрычніка заявіў, што яго катавалі ў міліцыі, выклікалі на наступны дзень у Полацкі міжраённы аддзел следчага камітэту. Паведамілі, што праверка па ягонай заяве будзе працягвацца да 10 дзён. Папрасілі таксама пакінуць для экспэртызы тэлефон, паведамляе "Віцебская Вясна".

“Душылі прафесійна…”

19-гадовы блогер Раман Ляўкоўскі з Полацку апублікаваў 14 кастрычніка відэаролік, у якім расказаў, як з яго здзекваліся ў аддзяленні міліцыі. Душылі, зневажалі і пагражалі “адвезці ў лес”, калі хоць каму пра гэта раскажа.

Наступным днём хлопец накіраваў адпаведныя заявы ў следчы камітэт і пракуратуру. У СК Раману выдалі пастанову аб прызначэнні судова-мэдычнай экспэртызы, але праходзіць яе хлопец адмовіўся. Сцвярджае, што слядоў задушэння на ягонай шыі ўсё роўна не засталося: “Душылі прафэсійна…”  

СК распачаў праверку па заяве блогера

16 кастрычніка з блогерам звязаліся па тэлефоне супрацоўнікі СК і папрасілі зайсці ў Полацкі аддзел следчага камітэту. Раман пагадзіўся.  

“Размаўлялі са мной карэктна, паведамілі, што ніякіх дзеянняў па маёй заяве яшчэ не праводзілася і што праверка фактаў, пра якія я пішу ў заяве, будзе працягвацца 10 дзён. Пра вынікі праверкі мне абавязкова паведамяць, сказалі”, – распавёў “Віцебскай Вясне” Раман Ляўкоўскі.

Таксама паведаміў, што ў яго хацелі забраць на экспертызу тэлефон, каб паспрабаваць аднавіць выдалены міліцыянтамі ролік. Паводле Рамана, следчыя сказалі, што гэты ролік можа паслужыць доказам таго, што паміж блогерам і супрацоўнікамі міліцыі сапраўды адбыўся канфлікт. Але аддаваць тэлефон ажно на 30 дзён палачанін адмовіўся, патлумачыўшы, што без тэлефона ён як без рук.

Раман расказаў, што на ўваходзе ў следчы камітэт ледзь не сутыкнуўся лоб у лоб з супрацоўнікам міліцыі Аляксандрам Лапаціным, тым самым, які напярэдадні пужаў хлопца, што і “абасцаць яго можа”, бо ўсё роўна ён нікому нічога не раскажа. Як мяркуе полацкі блогер, Лапаціна выклікалі ў следчы камітэт па ягонай заяве.

Ляўкоўскі кажа, што ніякіх папер у следчым камітэце не падпісваў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства