viasna on patreon

Справаздача па маніторынгу мірнага сходу 6 кастрычніка ў Мінску Фота

2019 2019-10-07T15:34:26+0300 2019-11-16T16:21:15+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/shod_6.10.19_5.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

6 кастрычніка на плошчы Свабоды ў Мінску адбыўся перадвыбарчы пікет, на якім прысутнічаў апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч

Высновы:

  1. Сход насіў мірны характар ​​(калі "арганізатары маюць мірныя намеры і сход мае негвалтоўны характар" паводле Кіруючых прынцыпаў па свабодзе мірных сходаў АБСЕ). Удзельнікі/цы не выкарыстоўвалі заклікаў да гвалтоўных дзеянняў і вайны, не ўжывалі і не правакавалі гвалт. Сваімі дзеяннямі ўдзельнікі/цы мірнага сходу не парушалі грамадскі парадак, правілы дарожнага руху і не ўяўлялі пагрозы грамадскай бяспецы, а таксама не парушалі правы і свабоды іншых асобаў.
  2. У ходзе мірнага сходу адсутнічала магчымасць ідэнтыфікаваць супрацоўнікаў/ніц праваахоўных органаў, так як яны былі ў грамадзянскай форме адзення, без ідэнтыфікацыйных знакаў. Знаходжанне супрацоўнікаў/ніц міліцыі на мірных сходах у грамадзянскай форме адзення не дазваляе ўдзельнікам/цам разумець іх функцыі і паўнамоцтвы, а таксама не спрыяе камунікацыі і эфектыўнаму рашэнню складаных або канфліктных сітуацый.
  3. Перашкодаў у працы незалежных назіральнікаў/ніц і СМІ не зафіксавана, што з'яўляецца станоўчай практыкай.
  4. Са СМІ вядома пра затрыманне аднаго з удзельнікаў мірнага сходу, відэаблогера ютуб-канала «Страна для жизни». Пасля заканчэння сходу Сяргей Ціханоўскі быў спынены супрацоўнікамі ДАІ за межамі месца правядзення мерапрыемства па падазрэнні ў адміністрацыйным правапарушэнні, звязаным з кіраваннем і валоданнем аўтамабілем. Фізічная сіла ў дачыненні да Ціханоўскі пры затрыманні не ўжывалася.
  5. Мірны сход праводзіўся ў рамках перадвыбарчых пікетаў па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Метадалогія маніторынгу

РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт" і Праваабарончы цэнтр "Вясна" праводзяць сістэматычнае назіранне за мірнымі сходамі ў Беларусі на падставе распрацаванай метадалогіі маніторынгу. Яна ўключае ў сябе: набор і навучанне назіральнікаў/ніц прынцыпам грамадскага кантролю, міжнародным стандартам правядзення мірных сходаў і метадалогіі назірання; запаўненне анкеты назірання падчас вочнага кантролю; апрацоўка анкет і напісанне маніторынгавай справаздачы. Анкеты назірання за мірнымі сходамі распрацаваныя сумесна праваабарончымі арганізацыямі і ўключаюць пытанні аб магчымасці выканання назіральнікамі/цамі і журналістамі/камі сваіх функцый, аб паводзінах арганізатараў і ўдзельнікаў/ніц мірнага сходу, супрацоўнікаў/ніц праваахоўных органаў, а таксама наяўнасць на мірным сходзе хуткай дапамогі і медыцынскіх работнікаў. Назіральнікі і назіральніцы дапускаюцца да назірання толькі ў выпадку згоды на выкананне правілаў і прынцыпаў назірання (незалежнасць і палітычная нейтральнасць; апісанне фактаў, а не меркаванняў; неўмяшанне ў падзею, за якой назіраюць; прыхільнасць прынцыпам права; адмова ад любых формаў гвалтоўных дзеянняў і дыскрымінацыйных практык; карэктныя паводзіны). Падчас выканання сваіх абавязкаў назіральнікі і назіральніцы па магчымасці трымаюцца асобна ад удзельнікаў/ніц. Яны пазначаныя пасведчаннямі і сінімі камізэлькамі з надпісам "#СontrolBY".

Папярэдняя інфармацыя

17 лістапада ў Беларусі пройдуць выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь сёмага склікання. З 8-га верасня па 7-га кастрычніка праходзіць этап вылучэння кандыдатаў/ак у дэпутаты. Згодна з артыкулам 65 Выбарчага кодэкса адным са спосабаў вылучэння кандыдатаў/ак у дэпутаты з'яўляецца збор подпісаў выбаршчыкаў/ыц, які ажыццяўляецца ініцыятыўнай групай (для рэгістрацыі ініцыятыўнай групы неабходна не менш за 10 чалавек). Апазіцыйныя партыі актыўна выкарыстоўваюць перадвыбарчыя пікеты для збору подпісаў і камунікацый з людзьмі. Мікалай Статкевіч рэгулярна наведвае пікеты аднапартыйцаў па ўсёй Беларусі. Такія пікеты загадзя рэкламуюцца ў інтэрнэце і сацыяльных сетках. Было вядома, што 6 кастрычніка на плошчы Свабоды ў цэнтры Мінска плануецца ўдзел Мікалая Статкевіча ў пікеце, людзей заклікалі прыходзіць на сустрэчу з палітыкам.

Згодна з арт. 12 Пастановы Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў ад 6 жніўня 2019 г. № 24 "Пры зборы подпісаў выбаршчыкаў члены ініцыятыўных груп маюць права прадстаўляць грамадзянам для азнаямлення інфармацыйныя матэрыялы з біяграфічнымі дадзенымі асобаў, у падтрымку якіх ажыццяўляецца збор подпісаў. Названыя інфармацыйныя матэрыялы, а таксама іншыя друкаваныя матэрыялы выбаршчыкам не раздаюцца". Улічваючы, што этап перадвыбарчай агітацыі пачынаецца толькі пасля рэгістрацыі кандыдатаў, выкарыстанне любых лозунгаў агітацыйнага зместу трактуецца акруговымі выбарчымі камісіямі як незаконная перадвыбарчая агітацыя. Па нормах Выбарчага кодэкса пікеты па зборы подпісаў павінны выкарыстоўвацца толькі для збору подпісаў, а не для якіх-небудзь іншых мэтаў. За падобныя парушэнні ініцыятыўным групам АВК выносяць папярэджанні і матэрыялы перадаюцца для складання пратаколаў аб адміністрацыйным правапарушэнні па арт. 23.34 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў). Зараз вядома пра не менш чым 30 вынесеных папярэджаннях АВК.

Падобныя перадвыбарчыя пікеты па зборы подпісаў праводзяцца самой вылучаемай асобай цi ініцыятыўнай групай; не патрабуюць падачы паведамлення ці атрымання дазволу; могуць праводзіцца ва ўсіх месцах, акрамя забароненых спецыяльнай пастановай мясцовага выканаўчага органа; да арганізатараў не прад'яўляюцца патрабаванні аб заключэнні дамоў і аплаты паслугаў па ахове грамадскага парадку, медыцынскім абслугоўванні і прыборцы тэрыторыі. 5 кастрычніка на телеграм-канале NEXTA быў апублікаваны дакумент ГУУС Мінгарвыканкама з грыфам "Для службовага карыстання", у якім утрымліваецца падрабязная інфармацыя пра арганізацыю аховы грамадскага парадку пры правядзенні "верагодных несанкцыянаваных мерапрыемстваў 06 кастрычніка 2019 года", у тым ліку падрабязнае апісанне магчымых сцэнарыяў развіцця падзей і пералік разліку сілаў і сродкаў праваахоўных органаў.

Падчас правядзення сходу вочна і бесперапынна ажыццяўлялі грамадзянскі кантроль назіральнік і назіральніца, якія прайшлі навучанне і былі пазначаныя адпаведным чынам.

Ход мірнага сходу

Назіральнікі/цы прысутнічалі на месцы правядзення мірнага сходу з 14:00 да 15:00. Падчас мірнага сходу былі адзначаныя наступныя факты:

1. У 14:00 (анансаваны час пачатку сходу) на месцы правядзення прысутнічала не менш за 100 чалавек.

2. На месцы правядзення мірнага сходу знаходзілася не менш за пяць прадстаўнікоў/ніц СМІ.

3. Зафіксавана два супрацоўніка ДАІ ў форме і не менш за 25 супрацоўнікаў/ніц праваахоўных органаў у грамадзянскай форме адзення; супрацоўнікі з пазначэннем "Міліцыя" адсутнічалі. На працягу ўсяго сходу супрацоўнікі/цы назіралі за тым, што адбываецца, чацвёра з іх ажыццяўлялі фота- і відэаздымку. Каля месца збору знаходзіўся мікрааўтобус з відэаапаратурай на даху. Машына хуткай дапамогі адсутнічала.

4. На месцы пікету знаходзілася тры стэнды. Адзін з іх утрымліваў інфармацыю пра кандыдата "Еўрапейскай Беларусі" Васіля Жорава, яго фотапартрэт і цытату: "Я ненавижу диктатуру, ее прислужников и пособников!", а таксама інфармацыю пра актывіста і яго палітычныя інтарэсы.

На двух іншых стэндах было размешчана фота дзеючага прэзідэнта і надпісы наступнага зместу: “Лукашенко должен уйти”, “Статкевич - наш президент”, “Пока ты спал, Лука родину продал!!!”, “Экономическому сотрудничеству - да, оккупации - нет”, “Остановим преступника. Обвиняется в тяжких преступлениях: государственная измена; похищения и убийства; ограбления народа; воровство и коррупция; присвоение полномочий; незаконное лишение свободы”, “6 кастрычніка а 14:00, Плошча свабоды, сустрэча з Веранікай Мішчанкай і членам ініцыятыўнай групы, кандыдатам у прэзідэнты ад БНК, Мікалаем Статкевічам”. На зямлі быў размешчаны калаж з малюнкаў з надпісам: “Здоровье - дороже золота” У. Шекспир; подрезали печень” и рядом мини-картинки “не быць скотам; подрезали печень”. Адзін з удзельнікаў/ніц акцыі меў на спіне нашыўку фармату не менш А4 з тэкстам "Свабоду народу".

Выкарыстаныя плакаты: "Не - саюзу з агрэсарам", "Ты бяжы, маскаль пракляты, з беларускай нашай хаты - ты бяжы аж ды Крамля, меней будзе маскаля!"

5. Скарыстаная сімволіка: бел-чырвона-белыя сцягі; сцягі Маладога фронту; сцягі "Народная Грамада"; чырвоны сцяг з гербам Пагоня; сцяг Еўрапейскага саюза з надпісам "Беларусь".

6. У 14:50 ўдзельнікі/цы акцыі сімвалічна падпалілі свае пасведчанні сяброў ініцыятыўнай групы, так як яны выканалі сваю мэту: "сабралі ініцыятыўную групу для вылучэння Мікалая Статкевіча ў прэзідэнты", а ў выбарах у Палату прадстаўнікоў ўдзельнічаць не будуць.

7. Выкарыстаныя лозунгі: "Жыве Беларусь!", "Свабоду Жамчужнаму!", "Свабоду Паліенку!", "Свабоду палітвязням!" 

8. Выступоўцы выкарыстоўвалі наступныя тэзісы: "Не дадзім акупантам парабаціць нас!"; "Давайце патрабуем свабоду палітвязням!"; "Ён (Лукашэнка) спрабуе ператварыць людзей у рабоў"; "Выбары цырк - няма незалежых назіральнікаў".

9. Каля 15:00 акцыя была скончаная, на месцы правядзення знаходзілася не менш 72 чалавек, удзельнікі/цы пачалі разыходзіцца.

Рэкамендацыі:

Супрацоўнікам/цам праваахоўных органаў:

  • ажыццяўляць ахову грамадскага парадку падчас мірных сходаў у форме, а таксама быць пазначанымі індывідуальнымі ідэнтыфікацыйнымі сродкамі (напрыклад, бэйджамі або нагруднымі знакамі);
  • прызначаць кантактную асобу з ліку супрацоўнікаў міліцыі для камунікацыі з назіральнікамі/цамі, СМІ, арганізатарамі і ўдзельнікамі/цамі мірнага сходу.

Суб'ектам, якія валодаюць правам заканадаўчай ініцыятывы:

  • ініцыяваць змены ў нацыянальнае заканадаўства для прывядзення ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне свабоды сходаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства