Блог Паўла Сапелкі: Судзілішча ў закрытым рэжыме

2019 2019-10-03T07:58:03+0300 2019-10-06T16:09:25+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/palienka-gif.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Зміцер Паліенка. Малюнак ПЦ "Вясна".

Зміцер Паліенка. Малюнак ПЦ "Вясна".

Юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Павел Сапелка ў чарговым выпуску блога "Слова аб праве"  ў "БелГазеце" cпрабуе даць адказ на пытанне, чаму суд над сацыяльным актывістам Дзмітрыем Паліенкам хочуць правесці ў закрытым рэжыме.

Кожны раз, калі нашы сілавыя ведамствы з нагоды чарговай гучнай справы надзімаюць шчокі і таямніча адмоўчваюцца, нараджаецца думка, што сказаць ім, уласна, няма чаго. А лепшы варыянт ўбачыць бездапаможнасць абвінавачвання - адкрытае судовае паседжанне.

Каб не зацягваць, адразу пра стандарты: кожны мае права пры разглядзе любога крымінальнага абвінавачання, прад'яўленага яму, на справядлівы і публічны разбор справы кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом, створаным на падставе закона. СМІ і публіка могуць не дапускацца на ўсе судовыя разбіральніцтвы або частку іх па меркаваннях маралі, грамадскага парадку або дзяржаўнай бяспекі ў дэмакратычным грамадстве, або калі таго патрабуюць інтарэсы прыватнага жыцця бакоў, або - у той меры, у якой гэта, на думку суда, строга неабходна, - пры асаблівых абставінах, калі публічнасць парушала б інтарэсы правасуддзя. Практычна ў тым жа ключы ў КПК сфармулявана правіла аб галоснасці судовага разбору.

У перакладзе на простую і зразумелую мову: судовыя паседжанні павінны быць адкрытымі, і ад гэтага правіла можна адступіць толькі пры асаблівых абставінах. Калі будуць абвешчаная, напрыклад, інтымна-асабістая перапіска, дзяржаўныя сакрэты, прагледжаны як доказ відэазапіс парнаграфічнага зместу, ці будуць яшчэ нейкія прычыны, якія па стандартах, падкрэсліваю, дэмакратычнай дзяржавы мяркуюць выдаленне публікі ці прадстаўнікоў СМІ для найлепшага ажыццяўлення правасуддзя.

Часам даводзіцца правесці ўвесь працэс закрытым, калі, дапусцім, разглядаецца справа пра сэксуальнае злачынства: гэта ў інтарэсах як пацярпелага боку, так і, хутчэй за ўсё, у інтарэсах абвінавачаных.

Але вось абвінавачванні ў дачыненні да Дзмітрыя Паліенкі і яго закрыты суд: што тут падлягае абароне? Асоба таго, хто абвінавачваннем прызнаны пацярпелым? Для вырашэння гэтай праблемы ёсць цэлы раздзел у КПК пра меры бяспекі. Змест роліка, галоўную ролю ў якім абвінавачванне адвяло Паліенку? Дык гэты ролік доўга блукаў па прасторах інтэрнэту, яго змест апісаны ў шматлікіх матэрыялах СМІ. Песня, якая суправаджае відэашэраг, таксама ў адкрытым доступе і вельмі нават папулярная. Так, перабіраючы варыянты, можна дабрацца да відавочна дакладнага: абвінавачванне пры падтрымцы «незалежнага» суда хоча пазбегнуць разгалошвання толькі сваёй слабай пазіцыі па крымінальнай справе.

Даведка «БелГазеты». Дзмітрый Паліенка быў затрыманы 20 сакавіка па падазрэнні ў здзяйсненні асабліва злоснага хуліганства (арт. 339 КК). На думку следства, ён распыліў пярцовы газ у твар мужчыну, які зрабіў яму заўвагу за курэнне на лесвічнай пляцоўцы. Раней, 21 студзеня, яго затрымлівалі з Яўгенам Чуліцкім і Настай Гусевай па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства па арт. 341 КК (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці) за нанясенне графіці на адным з будынкаў Мінску, але праз трое сутак адпусцілі. Абвінавачванне Паліенку было прад'яўлена ў следчым ізалятары № 1 Мінска 5 красавіка. Пазней стала вядома, што яму прад'явілі абвінавачанне яшчэ па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса. 2 ліпеня, Следчы камітэт паведаміў, што расследаванне крымінальнай справы Паліенкі завершанае і яно перададзена ў пракуратуру для накіравання ў суд. Але пракуратура Мінска вярнула справу для дадатковага папярэдняга расследавання. Вынікам сталі яшчэ два артыкулы КК. Такім чынам, Паліенку абвінавачваюць па чатырох артыкулах (пяці эпізодах) КК: ч. 3 арт. 339 - распыленне пярцовага газу мужчыну; арт. 341 - нанясенне графіці на будынак на вул. Ахоцкай і за графіці ў Курапатах; ч. 1 арт. 130 - распальванне варожасці да міліцыянтаў у размешчаным ім на Youtube відэароліку; арт. 369 - абраза міністра (былога) МУС Ігара Шуневіча ў відэароліку.

А што, выдатны варыянт: абвінавачаны ў турме, адвакат - з падпіскай пра неразгалошванне пад пагрозай крымінальнага пераследу за разгалошванне дадзеных папярэдняга следства і закрытага пасяджэння. Суддзю і пракурору адзін перад адным нязручна не будзе. Пралезуць ў прысуд і запозненыя прэтэнзіі "пацярпелага", і заключэнне экспертаў аб тым, што міліцыя ў нас - асобная сацыяльная група, а канстатацыя заганаў гэтай «групы» - распальванне сацыяльнай розніцы. Дарэчы, у суседняй, падобнай на нашу «дэмакратыі» гэтая практыка не прыжылася: там яшчэ суды часам ўважліва слухаюць сапраўдных навукоўцаў, якія цалкам пераканаўча не пакінулі каменя на камені ад ідэі магчымасці аднясення дзяржслужачых, паліцэйскіх і іншых прафесіяналаў да сацыяльнай групы ў сэнсе адпаведнага крымінальнага артыкула. І вось такое незалежнае заключэнне абарона падала і ў справе Паліенку.

Даведка «БелГазеты». Па відэароліку абаронай была замоўлена незалежная экспертыза ў спецыялістаў кансалтынгавай фірмы ў расійскім Ніжнім Ноўгарадзе. Яе асноўныя вынікі: супрацоўнікі міліцыі не ўтвараюць сацыяльнай групы; у відэароліку адсутнічае негатыўная ацэнка якой-небудзь групы асоб, аб'яднаных па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай або сацыяльнай прыналежнасці; у відэазапісу негатыўныя ўстаноўкі ў адрас якой-небудзь групы не выяўленыя. Згодна з заключэннем незалежнай экспертызы ніякіх прыкмет распальвання варожасці па сацыяльнай прыкмеце ў відэароліку не знойдзена. Аднак следчыя адмовіліся далучыць незалежную экспертызу да матэрыялаў справы перад перадачай яго ў суд.

Можа, суд не хоча рабіць здабыткам публікі тое, як у відэароліку абышліся з гонарам і годнасцю былога міністра ўнутраных спраў? Ну дык гэта справа пяці хвілін - прачытаць у закрытай частцы судовага паседжання перлы аўтараў; там мала што новага і нечаканага. А вось на прадмет таго, ці ёсць доказы, якія звязваюць Паліенку і відэаролік, хацелася б больш гучна, больш падрабязна, у рамках патрабаванняў КПК і - у адкрытым пасяджэнні. Хоць у цэлым пазіцыя праваабаронцаў па гэтай частцы вядомая даўно: нельга прадастаўляць прадстаўнікам улады вялікую абарону, чым звычайным грамадзянам, нельга пазбаўляць волі за дыфамацыйныя злачынствы. Такія справы ў ідэале павінны разглядацца ў парадку грамадзянскага судаводства.

Даведка «БелГазеты». 20 верасня стала вядома, што судовы разгляд па справе Паліенку будзе праходзіць у закрытым рэжыме. Праваабаронцы лічаць, што такое рашэнне Мінгарсуда парушае прадугледжанае Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах права на справядлівы і публічны разбор справы кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом, створаным на падставе закона. Таму яны патрабуюць правядзення адкрытага судовага паседжання па крымінальнай справе Паліенкі з захаваннем усіх гарантый справядлівага судовага разбору. Пра гэта яны зрабілі спецыяльную заяву. Калі Дзмітрый Паліенка будзе пазбаўлены волі ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод, пры наяўнасці палітычных матываў яго пераследу, праваабарончая супольнасць прызнае яго палітычным зняволеным.

А пакуль усё ідзе да таго, што за злачынствы, ўчыненне якіх Паліенка адмаўляе і абвінавачванні ў здзяйсненні якіх замахваюцца на асноўныя правы, яго хочуць асудзіць з парушэннямі стандартаў справядлівага суда.

З канца 2013г. беларускія праваабаронцы выкарыстоўваюць для ацэнкі вынікаў крымінальнага пераследу актывістаў Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця «палітычны вязень». У ім пад палітычнымі матывамі пераследу разумеюцца рэальныя падставы непрымальных ў дэмакратычным грамадстве дзеянняў або бяздзейнасці праваахоўных і судовых органаў, iншых суб'ектаў ўладных паўнамоцтваў, накіраваных на дасягненне хаця б адной з наступных мэтаў: ўмацаванне альбо ўтрыманне ўлады суб'ектамі ўладных паўнамоцтваў; недобраахвотнае спыненне або змяненне характару чыёй-небудзь публічнай дзейнасці.

А палітычны зняволены па Кіраўніцтву - гэта асоба, пазбаўленая свабоды, калі, напрыклад, пазбаўленне свабоды было ўжыта выключна з-за яго перакананняў, а таксама ў сувязі з негвалтоўным ажыццяўленнем свабоды думкі, сумлення і рэлігіі, свабоды выказвання меркаванняў і інфармацыі, свабоды мірных сходаў і асацыяцый, іншых правоў і свабод, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабодаў. Палітычным зняволеным таксама з'яўляецца асоба, пазбаўленая свабоды, калі пры наяўнасці палітычных матываў яго пераследу пазбаўленне свабоды было ўжыта ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод; пазбаўленне волі было заснавана на фальсіфікацыі доказаў усвядомленага правапарушэння альбо пры адсутнасці падзеі ці складу правапарушэння альбо яго здзяйсненні iншай асобай.

Даведка «БелГазеты». У 2016 г. Паліенку асудзілі за «гвалт ці пагрозу прымянення гвалту ў адносінах да работніка органаў унутраных спраў» і «выраб і распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару». Беларускімі праваабаронцамі ён быў прызнаны палітвязнем, а міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала яго вязнем сумлення. Дзмітрый выйшаў на волю ў кастрычніку 2018 г. Як вядома з лістоў Паліенкі да сяброў, яго пазіцыя па цяперашнім судзе - поўны байкот. Ён плануе адмаўляцца ад дачы паказанняў і наогул ад якой-небудзь камунікацыі з судом. Актывіст не прызнае віну ні па адным эпізодзе.


Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства