viasna on patreon

Фарміраванне ўчастковых выбарчых камісій: чаканні і рэальнасць

2019 2019-10-02T08:18:34+0300 2019-10-03T11:07:06+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vy.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Паводле звестак Цэнтральнай выбарчай камісіі у склад участковых выбарчых камісій вылучана 67 660 прадстаўнікоў.

Большасць з іх – 37 016 – вылучана партыямі і грамадскімі аб’яднаннямі. Прычым, не абыйшлося без цікавостак. Так, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці вылучыла найбольшую колькасць сваіх прадстаўнікоў, хаця ад партыі прэтэндуюць на атрыманне кандыдацкага пасведчання толькі 50 вылучэнцаў. Яшчэ 10 вылучаліся шляхам збору подпісаў.

У лідэрах таксама Камуністычная партыя Беларусі (922 вылучэнцы), Беларуская сацыяльна спартыўная партыя (649),  Беларуская аграрная партыя (617) і Рэспубліканская партыя Народнай Згоды (344). Прычым, звесткі аб вылучэнні ў кандыдаты ад трох апошніх партый па стане на 1 кастрычніка адсутнічалі.

Што тычыцца апазіцыйных партый, найбольшую колькасць у склад УВК вылучылі Партыя БНФ (201) і Аб’яднаная грамадзянская партыя (174).

Прычым, паводле  інфармацыі па ўключэнні ва ўчастковыя выбарчыя камісіі прадстаўнікоў АГП па стане на 1 кастрычніка, шанцаў на ўключэнне прадстаўнікоў АГП у склад УВК небагата.

Так, па Гомельскай-Цэнтральнай акрузе № 33 (ад АГП ідзе кандыдатам Уладзімір Няпомняшчы), АГП падала ва ўчастковыя камісіі 22 прадстаўнікі, уключана 0;

па Гомельскай-Сельмашаўскай № 32 (ад АГП ідзе кандыдатам Уладзімір Кацора) АГП падала 13 прадстаўнікоў, уключана 0;

па Бабруйскай-Ленінскай акрузе №78 (ад АГП ідзе кандыдатам Аляксандр Камар) АГП падала 24 прадстаўнікі, уключана 0;

па Смаргонскай выбарчай акрузе № 59 (ад АГП ідзе кандыдатам Іван Крук) АГП вылучыла 13, уключана 0;

па Магілёўскай-Цэнтральнай выбарчай акрузе № 85 (ад АГП ідзе кандыдатам Таццяна Сівачэнка) АГП вылучыла 21, уключана 0.

Назіральнікі кампаніі „Праваабаронцы за свабодныя выбары”, якія прысутнічалі падчас фармавання выбарчых камісій у Гародні паведамляюць, што ў адміністрацыях Кастрычніцкага і Ленінскага раёнаў горада было сфармавана 138 выбарчых камісій. Сябры апазіцыйных партый, якія вылучаліся ў УВК, уключаны не былі.

Назіральнік Віктар Сазонаў паведамляе, што ўсе вылучэнцы ад Партыі БНФ у склад камісій не прайшлі. Як сцвярджала камісія, пратаколы былі аформлены з памылкамі. Менавіта ўказвалася на тое, што не было ўказана належным чынам акруговая камісія, а былі ўказаныя толькі ўчасткі. Па 51 участку, дзе ідзе Вадзім Саранчукоў, адміністрацыяй Ленінскага раёна разглядаліся пратаколы ад БНФ, менавіта ў гэтай 51-й акрузе, было пададзена 21 заяўка ад Партыі БНФ і ўсе яны былі адкінутыя.

Грамадскія аб’яднанні вылучылі ў склад УВК 32637 прадстаўнікоў. Традыцыйна, найбольшую актыўнасць праявілі дзяржаўныя прафсаюзы (9190), аб’яднанне “Белая Русь” (4611) і БРСМ (4483).

Шляхам падачы заяў грамадзян у склад участковых камісі вылучана 23 189 прадстаўнікоў.

Працэс утварэння ўчастковых выбарчых камісій павінен завяршыцца 2 кастрычніка.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Навіны кампаніі ў фэйсбукутвітэры і на Тэлеграм-канале

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства