Адміністрацыя калоніі зноў правакуе Міхаіла Жамчужнага

2019 2019-10-01T14:58:40+0300 2019-10-01T15:09:37+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/no-nj.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Міхаіл Жамчужны

Міхаіл Жамчужны

Як стала вядома праваабаронцам "Вясны", адміністрацыя калоніі № 9 г. Горкі справакавала Міхала Жамчужнага прайсці ў атрад, дзе знаходзяцца асуджаныя «з нізкім статусам».

Пасля месячнага знаходжання ў памяшканні камернага тыпу палітвязню вынеслі чарговыя спагнанні: 30 жніўня - 10 сутак ШІЗА за адмову ісці ў атрад, 6 верасня - пазбаўленне кароткатэрміновага спаткання за нібыта няякасную ўборку камеры.

Пасля адбыцця ШІЗА хтосьці з кіраўніцтва ПК давёў да Міхаіла Жамчужнага інфармацыю пра тое, што ў атрадзе № 3, куды быў вызначаны палітвязень, памяняўся склад асуджаных, і цяпер яму не варта баяцца за сваё жыццё і здароўе. У сувязі з гэтым яму настойліва рэкамендавалі прайсці ў атрад.

Міхаіл Жамчужны пагадзіўся і 9 верасня ў чарговы раз прыбыў у атрад. Там ён пераканаўся, што яго спальнае месца не памянялася: знаходзіцца ў той жа секцыі, у якой прысутнічалі асуджаныя, якіх раней не было. Іншыя асуджаныя сустрэлі палітвязня добра, аднак пасля непрацяглай размовы Міхаілу далі зразумець, што зараз у гэтай секцыі знаходзяцца людзі з «нізкім статусам», а ўсіх «мужыкоў» перавялі ў іншыя секцыі. Зразумеўшы чарговую правакацыю, Міхаіл Жамчужны без прамаруджання пакінуў атрад. 10 верасня яму вынеслі чарговае спагнанне за адмову ісці ў атрад - 10 сутак ШІЗА.

Міхаіл Жамчужны лічыць пазбаўленне яго кароткатэрміновага спаткання за нібыта няякасную ўборку надуманым, так як ён ніколі не адмаўляўся прыбіраць камеру, а знайсці пыл не складае для супрацоўнікаў калоніі адмысловай працы. Палітвязень плануе абскардзіць спагнанне.

Як і раней, Міхаіл Жамчужны ўтрымліваецца ў адзіночнай камэры ў поўнай ізаляцыі.

Лісты і паштоўкі палітвязню Міхаілу Ігаравічу жамчужны можна адсылаць па адрасе:

ПК №9, вул. Дабралюбава, 16, г. Горкі, Магілёўская вобласць, Беларусь, 213410

Усе навіны па справе Міхаіла Жамчужнага

Міхаіл Жамчужны – грамадскі актывіст, асуджаны 10.07.2015 г. судом Віцебскай вобласці да 6,5 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах строгага рэжыму і пазбаўлення права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распараджальных абавязкаў тэрмінам на 2 гады і 8 месяцаў.


Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства