«Не па-людску паступілі»: Справу жыхара Фаніпаля закрываюць

2019 2019-08-26T12:10:58+0300 2019-08-26T13:13:17+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/dmitriy_shcheglov_fanipol_obrashchenie_v_zhkkh_avg2019.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Памятаеце гісторыю жыхара Фаніпаля Дзмітрыя Шчаглова, на якога завялі адміністрацыйную справу па ч. 2 арт. 23.34 КаАП за збор подпісаў пад скаргай на мясцовае ЖКГ? Нарэшце справядлівасць перамагла. Дзмітрый Шчаглоў паведаміў «Вясне», што абсурдную справу супраць яго закрываюць. Гэтая гісторыя ярка ілюструе, як грамадскі рэзананс можа працаваць і рэальна дапамагаць людзям.

Фота ўзята са старонкі Дзмітрыя Шчаглова ў сацсетках

«Тлумачыў [заўв. — супрацоўнік Дзяржынскага РАУС], што не па-людску паступілі», — распавёў ён.

Нагадаем, 30 ліпеня Зміцер размясціў у суполцы "Падслухана Фаніпаль" тэкст, у якім паведамляў пра збор подпісаў пад зваротам, адрасаваным адразу ў некалькі установаў — Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Камітэт дзяржаўнага кантролю, Пракуратуру Мінскай вобласці і ў Міністэрства транспарту. Ён запрашаў людзей падысці да гастронома "Доброном", каб далучыцца да звароту. Пад зваротам паставілі свае подпісы больш за чатырыста жыхароў Фаніпаля. Такім чынам яны вырашылі звярнуць увагу на сітуацыю з ЖКГ: дрэнны санітарны стан, разбітыя дарогі, смецце, слабое аўтобуснае злучэнне з Мінскам.

Праз пару дзён пасля заканчэння збору подпісаў да ініцыятару ліста Дзмітрыя Шчаглова прыйшла позва, у якой сказана, каб ён з'явіўся ў Дзяржынскі РАУС да ўчастковага інспектара Е. Навіцкаму.

У міліцыі на яго быў складзены пратакол, дзе пазначана, што "Д. Шчаглоў у сацыяльнай сетцы "Вконтакте" ініцыяваў сход грамадзян для публічнага выказвання сваiх грамадска-палітычных інтарэсаў, зафіксаваўшы гэта зборам подпісаў пад калектыўным зваротам у Адміністрацыю прэзідэнта і пракуратуру па прычыне сітуацыі з ЖКГ, папярэдне не ўзгадніўшы правядзенне дадзенага масавага мерапрыемства з мясцовым выканаўчым камітэтам, чым здзейсніў адміністрацыйнае правапарушэнне па ч. 2 арт. 23.34 КаАП".

Як адзначыў юрыст "Вясны" Павел Сапелка, падобная сітуацыя яскрава ілюструе стан заканадаўства аб мірных сходах: пералік відаў масавых мерапрыемстваў, якія падпадаюць пад дзеянне закона практычна неабмежавана, і ў той ці іншай актыўнасці можна заўсёды знайсці больш-менш заўважныя прыкметы арганізацыі масавага мерапрыемства.


 Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства