Качанава, дапамажы! Сведкам па «справе прафсаюзаў» не вяртаюць канфіскаваную тэхніку

2019 2019-08-22T08:47:03+0300 2019-08-22T09:51:35+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/rep-peratrus-30.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ператрус на офісе прафсаюза РЭП. Фота: "Наша Ніва".

Ператрус на офісе прафсаюза РЭП. Фота: "Наша Ніва".

Перакладчык і актывіст РЭП Леанід Шчукін, які праходзіў сведкам па «справе прафсаюзаў», напісаў адкрыты ліст кіраўніцы адміністрацыі Прэзідэнта Наталлі Качанавай. Ён прасіў растлумачыць на якой падставе Следчы камітэт не аддае яму канфіскаваную яшчэ два гады таму тэхніку. Тэкст звароту апублікаваны на сайце praca-by.info.

«Па незразумелых капрызах фінансавага дазнаўцы С. Дзмітрыева я быў зроблены сведкам па крымінальнай справе Фядыніча-Комліка і па яго ж капрызу 7 жніўня 2017 года ў кватэры, дзе я пражываю, быў праведзены ператрус з канфіскацыяй «для праверкі» ўсёй аргтэхнікі, якая належыць мне і маёй жонцы  - трох кампутараў і мабільнага тэлефона. Азначаная крымінальная справа даўно закрыта, прысуд абвешчаны і ўступіў у сілу (яшчэ год таму), названыя кіраўнікі прафсаюза адбываюць «хатнюю хімію ...», - піша актывіст РЭП.

Шчукін паведамляе кіраўніку адміністрацыі Прэзідэнта, што ў матэрыялах справы маецца заключэнне экспертаў Следчага камітэта аб тым, што ў аргтэхніцы ніякіх матэрыялаў, якія ўяўляюць цікавасць для справы, не выяўлена, а таксама піша, што атрымаў адказ з Вярхоўнага Суда РБ: «У рамках згаданай крымінальнай справы названая маёмасць рэчавымі доказамі не прызнавалася».

У студзені гэтага года Леанід Шчукін ужо звяртаўся з аналагічнай просьбай у Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, але яго электронны зварот быў накіраваны ў Генеральную пракуратуру, якая ў сваю чаргу пераслала зварот у Пракуратуру горада Мінска, а тыя - у Следчы камітэт па горадзе Мінску.

Кола замкнулася.

Сьледчыя ж адказваюць актывісту лаканічна:

«Парушэнняў пры выманні і вызначэнні месца захоўвання маёмасці, канфіскаванай ў Вас, органам крымінальнага пераследу не дапушчана. Маёмасць канфіскавана ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку».

Леанід Шчукін звяртаецца да Наталлі Качанавай з пераканаўчай просьбай умяшацца і вырашыць пытанне аб вяртанні мне і іншым асобам і арганізацыям канфіскаванай аргтэхнікі.


У жніўні 2017 года ў офісе прафсаюза РЭП, а таксама дома ў лідэраў і актывістаў арганізацыі прайшлі ператрусы, падчас якіх была канфіскавана асабістая тэхніка. У гэты ж час ператрусы і канфіскацыя тэхнікі прайшлі ў офісе прафсаюза БНП у Салігорску і ў кватэрах старшыні і сакратара-скарбніка. Не гледзячы на ​​тое, што з моманту абвяшчэння прысуду па "справе прафсаюзаў» прайшоў амаль год, забраныя рэчы дагэтуль не вярнулі іх законным уладальнікам.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства