Пікет супраць закону аб адтэрміноўках прайшоў у Мінску

2019 2019-08-20T07:54:34+0300 2019-08-21T13:36:17+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/minsk-piket-2019-08-19-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Пікет супраць закону аб адтэрміноўках у Мінску. Фота: Радыё Свабода.

Пікет супраць закону аб адтэрміноўках у Мінску. Фота: Радыё Свабода.

Чатыры чалавекі правялі пікет супраць закону аб адтэрміноўках ў Тучынскім сквэры на Харкаўскай вуліцы ў Менску, паведамляе «Радыё Свабода».

Пікетоўцы трымалі плакаты, а таксама распавядалі мінакам пра сутнасць закону і яго наступствы. Яны выгуквалі лозунг «Вучоба — важней!».

Першымі на месца правядзення пікету прыйшлі тры міліцыянты ў цывільным, а таксама прыехала брыгада хуткай дапамогі. Перад пачаткам акцыі міліцыянты праверылі, што было напісана на плякатах. А пасля яе нагадалі, што пікетоўцы цягам дзесяці дзён павінны заплаціць 76,5 рубля за «паслугі міліцыі». Рахункі таксама выставілі медыкі  і «Зелянбуд».

«Мы палічылі, што агулам выйшла больш за 150 рублёў, то бок адна хвіліна каштавала прыкладна 2,5 рубля. — сказаў карэспандэнту Свабоды адзін з пікетоўцаў Радыён, які вучыцца ў магістратуры БДУІР.  — Афіцыйна заяўленая намі мэта акцыі — праінфармаваць людзей пра закон аб адтэрміноўках. Але мы хацелі яшчэ паказаць, наколькі абсурдныя патрабаванні закону адносна правядзення вулічных акцый. Нас чацвёра, а ў два разы больш аховы, «хуткая дапамога», павінны прыехаць прыбіральшчыкі. І таксама мы хочам паказаць, што акцыю можна правесці і ніхто не атрымае штрафу і ня трапіць у аўтазак».

Паводле Радыёна, у рамках кампаніі «Вучоба важней!» у Менску пададзена яшчэ 13 заявак на правядзенне пікетаў супраць закону аб адтэрміноўках. Акцыі плануюць на канец жніўня — пачатак верасня. Таксама дзве заяўкі пададзеныя ў Воршы і адна ў Магілёве.

Пікет супраць закону аб адтэрміноўках у Мінску. Фота: Радыё Свабода.

«Мы патрабуем адмяніць закон аб адтэрміноўках, як мінімум, змяніць яго, каб прадстаўлялася адтэрміноўка на кожную ступень адукацыі. Хочам такім чынам захаваць бесперапыннасьць адукацыі. Калі мы даможамся выканання гэтых нашых патрабаванняў, будзем выступаць за рэформу войска, паляпшэнне ўмоваў праходжання службы, каб людзі былі ў гэтай справе матываваныя. Бо калі заганяць людзей у войска з-пад палкі, калі не лічыцца з іх інтарэсамі, перакручваць іх пляны, то пра якую якасць абароны радзімы можа ісьці гаворка?» — сказаў Радыён.

Аляксей, які вучыцца ў БДУІР, сказаў, што бярэ ўдзел у пікеце, бо закон аб адтэрміноўках парушае яго правы.


Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства