Незалежныя журналісты вярнуліся з адпачынку і даведаліся, што іх зноў пасудзілі

2019 2019-07-31T11:57:10+0300 2019-07-31T11:57:42+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/liauchuk-harytonava_s.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава. Фота Радыё Свабода.

Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава. Фота Радыё Свабода.

Яшчэ 31 траўня суддзя суду Маскоўскага раёну Берасця Раман Карабан прысудзіў незалежным журналістам Алесю Ляўчуку і Мілане Харытонавай па 40 базавых велічынь штрафу кожнаму – то бок агулам Br 2040, паведамляе "Белсат". Нагодай для такога штрафу стала асвятленне акцыі пратэсту супраць акумулятарнага заводу, якая прайшла 7 красавіка.

Ляўчуку позву ў суд уручыў супрацоўнік міліцыі Раман Хацько. Мілана Харытонова позву ў суд не атрымлівала, таму і падала скаргу ў абласны суд.

"Падрыхтоўка справы вялася са шматлікімі парушэннямі: мяне не выклікалі для складання пратаколу, не апытвалі, копія пратакола не была мне накіраваная, ні позву ні пастанову суду я не атрымала. А пра прысуд мне паведаміў Алесь Ляўчук, які атрымаў электронны ліст з суду", – сказала ў размове з «Белсатам» Мілана Харытонава.

Тым часам, Алесь Ляўчук дамагаецца пакарання для міліцыянтаў, якія жорстка яго затрымалі 3 сакавіка.

Журналіст напісаў скаргі ў Следчы камітэт і пракуратуру, але звароты Ляўчука былі адпраўлены ў той самы РАУС, супрацоўнікі якога затрымлівалі журналіста. Праз амаль два месяцы на Ляўчука склалі пратакол быццам бы за непадпарадкаванне міліцыі. Але пратакол быў складзены з такой колькасцю памылак, што суд нават не стаў яго разглядаць. Пакуль міліцыянты выпраўлялі памылкі, выйшлі тэрміны прыцягнення да адказнасці.

"Я не атрымаў ніякага адказу на свае скаргі, таму напісаў новыя, а таксама папрасіў Берасцейскі гарвыканкам пакараць міліцыянтаў за парушэнне закону аб зваротах грамадзянаў", – кажа Алесь Ляўчук «Белсату».

adkazy_liauchuk.jpg
Вось такія адказы на свае скаргі атрымаў Алесь Ляўчук

У адказе, атрыманым з упраўлення ўнутраных спраў аблвыканкаму, гаворыцца:

"Вашы довады аб неналежным інфармаванні службовымі асобамі АУС Маскоўскага раёну Берасця аб выніках разгляду скаргаў на нібыта супрацьпраўныя і нетактоўныя паводзіны супрацоўнікаў міліцыі знайшлі сваё пацверджанне". Кіраўнікі АУС папярэджаны аб адказнасці, а вінаваты супрацоўнік міліцыі прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці. Пры гэтым дзеянні супрацоўнікаў АУС, якія ўжылі ў дачыненні да вас фізічную сілу, прызнаныя законнымі і абгрунтаванымі.

А ў самім Маскоўскім АУС журналісту адказалі, што супрацоўнікі міліцыі, якія яго затрымалі, не выйшлі за межы правоў і паўнамоцтваў прадстаўленых ім па службе.

"Вада камень точыць. Я працягну пісаць скаргі на тое затрыманне. Цяпер кіраўніцтва міліцыі Маскоўскага раёну прызнаецца, што гэта было сапраўды затрыманне, а калі гэта так, то па законе павінен быць пратакол затрымання, які ў той дзень не складаўся. Замест таго, каб строга пакараць супрацоўнікаў, якія парушылі закон, міліцэйскае кіраўніцтва працягвае іх пакрываць", – лічыць Алесь Ляўчук.


 Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства