Блогер Павук працягвае шукаць тых, хто выкарыстоўвае яго імя для “мініравання” дзяржустаноў

2019 2019-07-16T10:41:30+0300 2019-07-30T12:07:13+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/pauk_facebook.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Вядомы блогер з райцэнтра Акцябрскі, сябра ГА “БАЖ” Андрэй Павук 15 ліпеня звярнуўся са скаргаю да Генеральнага пракурора. Ніжэйстаячыя пракуроры не змаглі назваць тых, хто выкарыстоўваў яго імя для “мініравання” дзяржустаноў. Пра гэта паведамляе "Гомельская Вясна".

Андрэй Павук. Фота з «Фэйсбуку» блогера

У скарзе да галоўнага пракурора краіны Павук прасіць знайсці асобу, якая ад яго імя дасылала ілжывыя паведамленні пра мініраванне Акцябрскага райвыканкама і Мазырскага раённага суда.

Нагадаем, у сакавіку Следчы камітэт завёў крымінальную справу па факце ілжывага паведамлення пра мініраванне Акцябрскага райвыканкама (ч. 1 арт. 340 КК РБ). Андрэй Павук па гэтай справе праходзіў галоўным падазраваным. У кватэры, дзе ён жыве з жонкай і двума малалетнімі дзецьмі, супрацоўнікі міліцыі правялі ператрус і забралі на экспертызу аргтэхніку. У лік вынятай тэхнікі патрапіў нават мабільны тэлефон жонкі.

На сёння ўся адабраная ў сем’і тэхніка вярнулася, але ж галоўнае пытанне, хто ад імя блогера займаецца “тэрарызмам” не вырашана.

Дзеянні правахоўнікаў блогер Павук абскарджваў раённаму і абласному пракурорам. Аднак ніводзін з іх не знайшоў падстаў для пракурорскага рэагавання. У прыватнасці, пракурор Гомельскай вобласці Віктар Марозаў замест высновы пра дастатковасць падстаў на ператрус і крымінальную справу супраць блогера, у адказе ад 10 траўня спаслаўся на небяспеку паведамленняў пра мініраванне для жыцця і здароўя людзей.

“Я чакаю ўцямнага адказу з Генеральнай пракуратуры, а калі спатрэбіцца, то і із судоў,  хто і з якога кабінета падштурхоўвае мяне з ілжывым мініраваннем пад крымінальныя дзеянні, – зазначае блогер Павук. – Думаю, што тут не абышлося без сілавых структур. Звычайным людзям помсціць мне няма за што – яны толькі дзякуюць за маю працу”.

Юрыст ГА “БАЖ” у гомельскім рэгіёне Леанід Судаленка заяўляе, нават калі ў следства меліся дастатковыя падставы падазраваць блогера ў здзяйсненні злачынства, затрымліваць яго і вырабляць па месцы жыхарства ператрус, сёння следства абавязана азнаёміць яго з гэтымі доказамі.

“У адсутнасць гэтых "дастатковых падстаў" пералічанае можна лічыць свавольствам, накіраваным на перашкаджэнне блогеру збіраць, захоўваць і распаўсюджваць інфармацыю”, — заяўляе юрыст.


 Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства