Адміністрацыйны пераслед у першай палове 2019 года ў графіках і лічбах

2019 2019-07-01T12:24:22+0300 2019-07-01T12:37:08+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/kartinki_pro_sud_1_26034626.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

За першыя шэсць месяцаў 2019 года праваабаронцы зафіксавалі 260 выпадкаў адвольных затрыманняў, складання пратаколаў і іншых інцыдэнтаў (напрыклад, затрыманняў на мяжы і папярэджванняў).

Больш за ўсё інцыдэнтаў адбылося ў красавіку (101). Менавіта ў гэтым месяцы прайшлі акцыі пратэсту супраць бязмежжа ўладаў у Курапатах, рэакцыя на якія не прымусіла сябе доўга чакаць. Таксама ў красавіку масава праходзілі суды над праціўнікамі акумулятарнага завода ў Брэсце. Больш за ўсё затрыманняў без складання пратаколаў адбылося 24 і 25 сакавіка падчас святкавання Дня волі (15 выпадкаў).

Агульная колькасць судоў па адміністрацыйных справах за першае паўгоддзе 2019 года – 216. 88% судоў скончыліся вынясеннем вялікіх штрафаў. Агульная сума, якую атрымалі актывісты за апошнія шэсць месяцаў, склала больш за 120 000 рублёў (больш за 58 тысяч долараў). У параўнанні з папярэднімі шасцю месяцамі (ліпень – снежань 2018 г.) актывісты атрымалі штрафаў на 26 тысяч рублёў меней.

Пры гэтым працэнт арыштаў даволі нізкі – усяго 1,9%. Гэта 4 арышты агулам на 53 сутак, атрымалі іх Павел Севярынец (два арышта па 10 і 15 сутак), Мікола Статкевіч (15 сутак) і Максім Вінярскі (13 сутак).

Больш за ўсё судоў па адміністрацыйных справах зафіксавана ў Мінску (93). На другім месцы па колькасці судоў – Брэст (51), які па гэтым паказчыку апераджае астатнія абласныя цэнтры ў некалькі разоў. Больш за палову судоў там прайшлі ў красавіку (суды над праціўнікамі завода АКБ і незалежнымі журналістамі за працу без акрэдытацыі).

Калі разглядаць артыкулы Адміністрацыйнага кодэксу, па якіх судзілі актывістаў у першай палове 2019 года, то 45 % (98 судоў) праходзілі па артыкуле 23.34 (арганізацыя ці ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). Больш за ўсё судзілі па гэтым артыкуле ў Мінску – за акцыі ў абароны Курапатаў і за ўдзел у несанкцыянаваным шэсці “Чарнобыльскі шлях”, а таксама ў Брэсце – за ўжо узгаданыя нядзельныя пратэсты супраць акумулятарнага завода. Калі параўнаць з лічбамі папярэдняга паўгадавога перыяда (з ліпеня  па снежань 2018 года), то бачым, што колькасць судоў па гэтым артыкуле крыху скарацілася: у мінулым годзе было зафіксавана 115 судоў,  у 2019 – 98.

На незалежных журналістаў працягваюць складаць пратаколы за супрацу з замежнымі СМІ (“Белсат”, “Радыё Рацыя”) і на падставе гэтага выносіць вялікія штрафы па артыкуле 22.9 КаАП. Пры гэтым варта адзначыць, што колькасць судоў па гэтым артыкуле ў параўнанні з другой паловай 2018 года паменшылася (было 70 выпадкаў, стала 46). Па дадзеных за першую палову 2019 года, больш за ўсё судоў за дзейнасць без акрэдытацыі адбылося ў Брэсце (15).

Вырасла колькасць судоў па артыкуле 17.11 КаАП (“распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў”). Іх колькасць павялічылася больш, чым у два разы ў параўнанні з другой паловай 2018 (было 7, стала 16). З пачатку 2019 года 12 чалавек атрымалі вялікія штрафы, 4 справы спыненыя ці вернутыя на дапрацоўку. Праваабронцы ўжо звярталі ўвагу, што ў 2019 годзе памеры штрафаў па “экстрэмісцкім” артыкуле значна ўзраслі.

Больш падрабязна - у "Базе дадзеных адміністрацыйнага пераследу"


  Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства