viasna on patreon

Алесь Бяляцкі: Генпракуратура зрабіла ўсё, каб апраўдаць міліцэйскіх начальнікаў

2019 2019-06-26T10:18:30+0300 2019-06-26T10:39:45+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/prafsajyz-sud-13-08-4.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі каля будынку Дома правасуддзя. Фота: ПЦ "Вясна".

Алесь Бяляцкі каля будынку Дома правасуддзя. Фота: ПЦ "Вясна".

Намеснік генеральнага пракурора Аляксей Стук пад час выступу 25 чэрвеня на прэс-канферэнцыі з нагоды прафесійнага свята, пагадзіўся адказаць на пытанні журналістаў. Таксама ён закрануў тэму масавага затрымання грамадзян цыганскай нацыянальнасці 16 траўня ў Магілёве і іншых гарадах Беларусі.

У прыватнасці, Стук паведаміў, што рабочая група, якая была створана для ацэнкі дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі падчас масавага затрымання цыган у Магілёве, «разабралася з гэтай справай па гарачых слядах».

Намеснік генеральнага пракурора Аляксей Стук. Фота БелаПАН.
Намеснік генеральнага пракурора Аляксей Стук. Фота БелаПАН.

У супрацоўнікаў міліцыі былі поўныя падставы такім чынам масава адпрацоўваць цыганскія дыяспары. Паводле слоў намесніка гекнпракурора, брыгада, якую сфарміравалі з працаўнікоў Генпракуратуры і пракуратуры вобласці, нічога супрацьпраўнага ў дзеяннях супрацоўнікаў МУС не выявіла.

- Якіх-небудзь незаконных дзеянняў альбо перавышэння ўлады - не было ўстаноўлена. Выяўленыя пэўныя парушэнні працэсуальна-выканаўчага заканадаўства. На іх звернута ўвага, яны ліквідаваныя”, - сказаў Аляксей Стук.

Нагадаем, 16 траўня 2019 года ў Магілёве ў выніку рэйду праваахоўных органаў, які праводзіўся ў межах расследвання крымінальнай справы па факце меркаванага забойства супрацоўніка ДАІ Я. Патаповіча, адбываліся масавыя затрыманні грамадзянаў цыганскай нацыянальнасці.

Агулам у ходзе гэтага рэйду прадстаўнікамі органаў МУС у месцах кампактнага пражывання прадстаўнікоў дадзенай нацыянальнасці было затрымана каля 100 чалавек: жанчын, непаўнагадовых дзяцей і мужчын.

Супрацоўнікі міліцыі ў Магілёве. Фота: Наша Ніва.

 Частку з іх пазней вызвалілі, а мужчыны, у колькасці каля 50-ці чалавек, былі затрыманыя на трое сутак. Як стала вядома пазней, у адносінах да затрыманых былі распачатыя адміністратыўныя працэсы за нібыта здзейсненае імі дробнае хуліганства.

Улічваючы абставіны і месца іх затрыманняў (па месцы іх непасрэднага пражывання), праваабаронцы адзначаюць незаконны, адвольны характар такіх дзеянняў.

 21 траўня старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі накіраваў у Генеральную пракуратуру заяву з просьбай правесці праверку законнасці затрыманняў грамадзянаў цыганскай нацянальнасці ў Магілёве.

З адказу, дасланага праваабаронцу начальнікам аддзела арганізацыі работы са зваротамі грамадзян Ю. Карпіцкага стала вядома, што “распараджэннем Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь створаная рабочая група, якой будзе дадзена ацэнка дзеянням супрацоўнікаў органа ўнутраных спраў пры затрыманні асоб цыганскай нацыянальнасці ў г. Магілёве ў траўні 2019 года”.

Падобную заяву накіравалі ў абласную пракуратуру і магілёўскія праваабаронцы.

Праваабаронцы звярнуліся ў пракуратуру з-за масавай аблавы на ромаў

Праваабаронцы рэгіянальнага аддзялення “Вясны” ў Магілёве Аляксей Колчын, Барыс Бухель і Аляксандр Буракоў накіравалі ў абласную пракуратуру скаргу на дзеянні кіруючага складу абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў  з-за масавых затрыманняў людзей з цыганскай дыяспары.

Старшыня праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі адзначае фармальны характар праведзенай Генпракуратурай і рабочай групай праверкі.

– Больш таго, – кажа праваабаронца, – з агучанай на прэс-канферэнцыі Стукам інфармацыі стала зразумела, што як мінімум ён, а можа і ўсе правяраючыя пракуроры, не разумеюць, што "масавая праверка і адпрацоўка (слова якое ж падабраў нам. генпракурора!), цыганскай дыяспары з’яўляецца самым што ні на ёсць прафіліраваннем па этнічнай прыкмеце, супраць чаго і была накіраваная мая заява з патрабаваннем разабрацца і пакараць вінаватых. Бо гэтая масавая "адпрацоўка" дыяспары па нацыянальнай прыкмеце з’яўляецца відавочнай дыскрымінацыяй цыган у Беларусі.

 Алесь Бяляцкі заўважыў таксама, што ніякім чынам пракуратура не адрэагавала на парушэнне працэдур, прадугледжаных КПК РБ.

– Проста так пратрымаць людзей некалькі сутак у зняволенні – гэта прававое бязмежжа, за якое, у выніку праверкі, ніхто так і не адказаў – каментуе праваабаронца. – Цалкам былі праігнараваныя факты фізічнага гвалту з боку міліцыянераў у дачыненні да затрыманых. Вось і вынікае, што Генеральная пракуратура і правяраючыя зрабілі ўсё, каб апраўдаць міліцэйскіх начальнікаў і выканаўцаў у пагонах і спусціць гэты абуральны інцыдэнт на тармазах.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства