viasna on patreon

Магілёўскі журналіст паскардзіўся ў ААН: два гады таму мясцовы суд аштрафаваў яго на 1035 рублёў за лісты ў газету

2019 2019-06-07T17:07:52+0300 2019-06-10T14:30:43+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sud-laptsevich.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Уладзімір Лапцэвіч і праваабаронца Барыс Бухель

Уладзімір Лапцэвіч і праваабаронца Барыс Бухель

Уладзімір Лапцэвіч 6 чэрвеня накіраваў скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН у Жэневу. На яго думку, беларуская дзяржава парушыла адно з асноўных правоў чалавека – права на свабоднае выказванне меркавання.

Як паведамляе праваабарончы часопіс mspring.online, у чэрвені 2017 году суд Ленінскага раёна аштрафаваў Уладзіміра Лапцэвіча на 1035 рублёў за сем лістоў у тыднёвік для беларусаў Польшчы «Ніва». За кожны з лістоў на журналіста быў складзены асобны адміністрацыйны пратакол. На думку суддзі Алены Ліцвіной, Лапцэвіч парушыў беларускае заканадаўства, паколькі публікаваўся ў замежным масмедыя без акрэдытацыі ў МЗС Беларусі.

У сваю чаргу, Лапцэвіч на судзе прадэманстраваў даведку ад галоўнага рэдактара «Нівы», згодна з якой ніякіх працоўных адносін паміж журналістам і часопісам не было. У сваіх лістах ён толькі апісваў цікавыя сайты Байнэта.

"Мае тэксты ў «Ніве» можна разглядаць толькі як лісты чытача. Пры гэтым кожнаму чытачу выплачваецца ганарар, бо часопіс выкарыстоўвае іх інтэлектуальную працу, аднак у штат выдання пазаштатнікі не ўваходзяць", – заяўляў у працэсе журналіст.

Зрэшты, мясцовае правасуддзе Лапцэвіч не пераканаў. І суд Ленінскага раёна, і суд вобласці прызналі віну журналіста, у выніку чаго ён быў аштрафаваны на 45 базавых велічыняў.

У сваёй скарзе ў Камітэт па правах чалавека ААН магілёвец адзначыў, што Рэспубліка Беларусь з’яўляецца ўдзельнікам Факультатыўнага пратаколу да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і абавязана прытрымлівацца яго артыкулаў:

"Прыцягваючы мяне да адміністрацыйнай адказнасці міліцыя і суды абедзвюх інстанцыяў парушылі арт. 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, згодна з якой кожны чалавек мае права на свабоднае выказванне свайго меркавання. Гэта права можа быць абмежавана толькі для павагі правоў і рэпутацыі іншых асоб, а таксама для аховы дзяржаўнай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя ці маралі насельніцтва. У маіх рэфлексіях пра сайтыў інтэрнэце няма нічога, што магло б стаць прычынай вышэйзгаданых абмежаванняў", – заявіў Лапцэвіч.


Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства