Суд адмовіўся кампенсаваць айцу Вікенцію ноч у ізалятары

2019 2019-04-16T16:56:06+0300 2019-04-23T16:23:42+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/svyatary_vikencij.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Айцец Вікенцій (Віктар Кавалькоў). Фота ПЦ "Вясна"

Айцец Вікенцій (Віктар Кавалькоў). Фота ПЦ "Вясна"

Суд Маскоўскага раёна Мінска адмовіў Віктару Кавалькову (айцу Вікенцію) у кампенсацыі маральнай шкоды за ноч, праведзеную ў ізалятары.

Нагадаем, што 28 лістапада мінулага года святара Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы айца Вікенція (Віктара Кавалькова) затрымалі супрацоўнікі Першамайскага РУУС Мінска за тое, што ён прасіў міласціну ў жыхароў аднаго з дамоў горада. На яго склалі пратакол па артыкуле 17.1 КаАП (дробнае хуліганства) і змясцілі на ноч у ізалятар, хоць Кавалькоў і паказваў міліцыянтам пасведчанне інваліда другой групы.

На наступны дзень яго адпусцілі, а яшчэ праз некалькі дзён яго адміністрацыйную справу спынілі, бо не знайшлі ў яго дзеяннях правапарушэння. Хоць вядома, што з Першамайскага РУУС у суд было накіравана хадайніцтва з просьбай прыцягнуць Кавалькова да адміністрацыйнай адказнасці менавіта ў выглядзе арышту.

Віктар Кавалькоў лічыць сваё затрыманне незаконным і таму вырашыў запатрабаваць ад ГУУС Мінгарвыканкама і Міністэрства фінансаў маральную кампенсацыю за перанесеныя пакуты. На судзе 16 красавіка адказнікі не прызналі іскавыя патрабаванні, а суддзя Маскоўскага раённага суда Алена Чарняк устала на іх бок - у пазове Кавалькоў адмовіць.

Юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Аляксей Лойка, які дапамагаў Кавалькову абскардзіць незаконнае затрыманне, прызнаецца, што вынесенае рашэнне не стала для яго нечаканасцю.

"Суд, каб вынесці рашэнне па справе, правёў чатыры пасяджэння. З аднаго боку, можа здацца, што суд вельмі ўважліва разглядаў дадзеную справу, ўнікаючы ва ўсе акалічнасці. З іншага боку, вынесенае рашэнне для мяне нечаканасцю не стала. Дзівіць аднадушны цынізм дзяржорганаў - ГУУС Мінгарвыканкама, РУУС Першамайскага раёна і Міністэрства фінансаў, якія слова ў слова паўтаралі, што пазоў не прызнаюць: у Грамадзянскім кодэксе падставы для кампенсацыі маральнай шкоды за незаконнае адміністрацыйнае затрыманне не прадугледжана.

І ўсё гэта адбываецца пасля таго, як прадстаўнікі дзяржавы з высокіх трыбун Камітэта ААН па правах чалавека заяўляюць аб прагрэсе ў сферы правоў чалавека, выстаўляючы перад міжнароднай супольнасцю ратыфікацыю Канвенцыі аб правах людзей з інваліднасцю як паказчык прагрэсу ў нашай краіне".

Аляксей Лойка лічыць, што ў справе айца Вікенція ставіць кропку яшчэ рана. Абскарджанне рашэння будзе працягвацца, аб сітуацыі будуць праінфармаваныя міжнародныя структуры. Таксама юрыст не выключае таго, што ў будучыні будзе зварот да прадстаўнікоў заканадаўчай улады, каб выключыць любую магчымасць адміністрацыйнага затрымання людзей з інваліднасцю на тэрмін больш за тры гадзіны.


  Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства