10 гадоў змагання: З надзеяй на адмену смяротнага пакарання Фота Аўдыё

2019 2019-04-12T17:06:05+0300 2019-04-12T17:34:07+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/smiarotnae-2019-04-12-0.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Прэзентацыя фотаальбома, выдадзенага да 10-годдзя кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”, адбылася 12 красавіка на пляцоўцы “Тэрыторыі правоў”.

Вяла імпрэзу літаратарка і актывістка кампаніі Паліна Сцепаненка. Напачатку мерапрыемства яна адзначыла, што ў альбом увыйшлі 435 здымкаў, зробленых цягам 10 апошніх гадоў дзейнасці кампаніі супраць смяротнага пакарання.

Паліна Сцепаненка ўзгадала, як пачыналася кампанія - з лістоў прысуджаных да смяротнага пакарання, якія атрымлівалі праваабаронцы. 

smiarotnae-2019-04-12-1.jpg
Паліна Сцепаненка

"Грамадства наогул за дзесяць гадоў змянілася. Можна казаць, што ў гэтым ёсць і роля нашай кампаніі. І калі я згадваю першыя нашы паездкі ў рэгіёны с дыскусіямі па смяротным пакаранні, то гэта было зусім цяжка, таму што большасць людзей было ЗА смяротнае пакаранне. Людзі выказвалі сваю пазіцыю дастаткова ў агрэсіўнай форме, аргументы не прымаліся. І праз дзесяць гадоў я заўважаю, што людзі пачынаюць на іншым узроўні весці дыскусію, спакайней гаварыць, задаваць пытанні, больш задумвацца пра гэта і проста вучыцца дыялогам. Становіцца значна больш людзей, якія супраць смяротнага пакарання", - падзялілася сваімі думкамі з ПЦ "Вясна" актывістка кампаніі.

Каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда, у сваю чаргу, адзначыў, што адно з найважнейшых дасягненняў дзейнасці праваабаронцаў, журналістаў і міжнароднай супольнасці  – гэта тое, што тэма смяротнага пакарання загучала ў СМІ, і ў грамадскай прасторы нарэшце пачалася дыскусія на гэтую тэма.

smiarotnae-2019-04-12-2.jpg
Андрэй Палуда

Дыпламатычны супрацоўнік аддзелу па правах чалавека МЗС Швейцарскай канфедэрацыі Каспар Гросэнбахер выказаў салідарнасць з праваабаронцамі і актывістамі, якія змагаюцца за адмену смяротнага пакарання ў Беларусі.

“Мы разумеем, што ў чалавечай прыродзе ёсць і цёмны бок. І канешне, злачынцы мусяць быць пакараныя, і для гэтага варта выкарыстоўваць надзейныя інструменты. Аднак мы не лічым, што смяротнае пакаранне з’яўляецца такім інструментам. Яно ператварае злачынцу ў ахвяру. Да таго ж, заўсёды існуе рызыка, што пакараны будуць невінаватыя, і таму рашэнні могуць быць фатальнымі”.

smiarotnae-2019-04-12-3.jpg
Каспар Гросэнбахер

Гросэнбахер нагадаў, што зараз 103 дзяржавы поўнасцю адмянілі смяротнае пакаранне, 170 краін – не ўжываюць яго на дадзены момант.

Старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі адзначыў, што пытанне існавання ў нашай краіне смяротнага пакарання – гэта, у першую чаргу, пытанне палітычнае.

"Для мяне гэта пытанне эмацыйнае і маральнае, але яно стала палітычным. Усе размовы пра рэферэндум і так званую “большасць”, якая нібыта падтрымлівае смяротнае пакаранне напрацягу апошніх 20 гадоў – гэта ўсё пустыя словы, якія прыкрываюць палітычныя матывы нашых ўладаў".

smiarotnae-2019-04-12-5.jpg
Алесь Бяляцкі

Праваабронца “Вясны” Валянцін Стэфановіч распавёў пра розныя аспекты існавання і адмены смяротнага пакарання ў іншых краінах свету.

"Нельга казаць, што адмена такога віду пакарання - гэта вынаходніцтва Захада ці лібералізма. Варта памятаць, што смяротнае пакаранне адмяняюць у самых розных краінах. Напрыклад, Паўднёвая Амерыка ўжо цалкам вольная ад смяротнага пакарання, а Еўропа тым часам (з-за сітуацыі ў Беларусі) – яшчэ не".

smiarotnae-2019-04-12-6.jpg
Валянцін Стэфановіч

Напрыканцы мерапрыемства паэты Алесь Макарэвіч і Сяржук Сыс зачыталі свае вершы на тэму смяротнага пакарання.

smiarotnae-2019-04-12-7.jpg
Алесь Макарэвіч
smiarotnae-2019-04-12-8.jpg
Сяржук Сыс

Фотаальбом “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання. 10 год змагання” быў выдадзены дзякуючы падтрымцы Дыпламатычнага прадстаўніцтва Швейцарыі ў Беларусі і Шведскай ініцыятывы за дэмакратыю і правы чалавека.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства