viasna on patreon

Кіраўніку рэлігійнай абшчыны пагражаюць дэпартацыяй

2019 2019-04-11T11:45:18+0300 2019-04-15T11:57:56+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/deportacia.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У ПЦ "Вясна" звярнуўся грамадзянін Расійскай Федэрацыі Віталь Максімаў. Ён з'яўляецца членам зарэгістраванай у Расіі рэлігійнай арганізацыі «Царква аб'яднання». У Беларусі ў яго від на жыхарства, жонка-беларуска і трое дзяцей.

У Беларусі абшчына, у якой Віталь Максімаў з'яўляецца кіраўніком, не зарэгістраваная.

Мужчына распавёў праваабаронцам, што ў сакавіку 2019 года яго выклікалі ў аддзел па грамадзянстве і міграцыі, дзе паведамілі, што за першыя два гады знаходжання ў краіне (ён жыве ў Беларусі з траўня 2015 года) нібыта ім было здзейснена сем адміністрацыйных правапарушэнняў, звязаных з няправільнай паркоўкай або перавышэннем хуткасці. Пры гэтым машына, якой карыстаецца Віталь Максімаў, належыць яго брату і зарэгістраваная ў Расіі. Мужчыну папярэдзілі, што за здзейсненыя правапарушэнні яго могуць пазбавіць віду на жыхарства і дэпартаваць з краіны. Віталь Максімаў падпісаў адпаведны дакумент аб папярэджанні.

У АГіМе ў яго таксама пацікавіліся яго веравызнаннем, як ён жыве, якім чынам зарабляе на жыццё і іншай асабістай інфармацыяй. Пасля высветлілася, што апытанне праводзіў супрацоўнік КДБ.

«Дзесьці праз тыдзень мяне зноў выклікалі для дадатковых пытанняў і ўжо перад уваходам у будынак КДБ ён [супрацоўнік, які папярэджваў Віталія ў АГіМе - заўв. рэд.] і яшчэ адзін супрацоўнік, які паказаў сваё пасведчанне, прапанавалі праехаць на допыт. Я пагадзіўся.

Мне сказалі: «У залежнасці ад таго, што ты цяпер нам скажаш, будзе залежаць рашэнне аб тваім далейшым лёсе». Спачатку я паспрабаваў не гаварыць з імі адкрыта, але яны паказалі, што ведаюць хто я, якое ў мяне становішча ў рэлігійнай суполцы, і я даў паказанні», - распавёў Віталь Максімаў.

Мужчына адзначае, што гэта быў першы допыт у яго жыцця, і ён не задумваўся над тым, ці маюць права супрацоўнікі спецслужбаў яго праводзіць і на якой падставе, у рамках чаго ён праводзіцца.

Праз тыдзень яго зноў выклікалі на размову, дзе сказалі пра тое, што ён і яго паплечнікі не павінны дзейнічаць нават у рамках іх зарэгістраваных грамадскіх арганізацыяў.

«На наступны дзень пасля гэтай размовы мы праводзілі праграму ў інтэрнаце, дзе віншавалі сям'і. Падчас гэтай праграмы прыйшлі супрацоўнікі міліцыі, у тым ліку сярод іх быў і той супрацоўнік КДБ. Нас абвінавацілі ў тым, што мы праводзім несанкцыянаванае масавае мерапрыемства, і склалі пратакол», - адзначае Віталь.

Ён кажа, што ў іх была дамоўленасць з кіраўніцтвам інтэрната, а само мерапрыемства праводзілася ад зарэгістраванай арганізацыі ў пакоі выхавацеля.

Праз прыблізна 10 дзён пасля гэтага, яго запрасілі ў аддзяленне міліцыі, дзе пратакол быў дапрацаваны, а яму выдадзена копія.

У пратаколе, складзеным намеснікам начальніка ААПП Кастрычніцкага РУУС г. Мінска Ю. Расолька, адзначаецца, што «Віталь Максімаў, з'яўляючыся кіраўніком абшчыны «Царква аб'яднання» вучэння Мун Сан Мёна, не зарэгістраванай ва ўстаноўленым парадку на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, 21 сакавіка ў 18.25 у месцы не прызначаным для правядзення масавага мерапрыемства, а менавіта ў памяшканні ААТ «Мінскі мясакамбінат», арганізаваў і правёў іншае масавае мерапрыемства, а менавіта рэлігійнае, на якім прапаноўваў шлюбным парам выпіць з адной чашы вінаградный сок, прамаўляў абед любові і вернасці, з парушэннем устаноўленага парадку арганізацыі масавага мерапрыемства, адказнасць за якое прадугледжана ч. 2 арт. 23.34 КаАП».

На 15 красавіка прызначаны судовы разгляд па гэтай справе.

«Цяпер я асцерагаюся дэпартацыі, бо ўся мая сям'я жыве тут. А таксама мы асцерагаемся ліквідацыі нашых зарэгістраваных арганізацый і пераследу членаў нашай абшчыны», - кажа Віталь Максімаў.

Ён звязвае ціск з боку спецслужбаў з актыўным у апошні час супрацоўніцтвам іх абшчыны з прадстаўнікамі адміністрацый раёнаў у Мінску і тэрытарыяльнымі цэнтрамі, правядзеннем фестываляў сям'і і іншых мерапрыемстваў.

Нагадаем, у 2009 годзе ў дачыненні да яшчэ аднаго прадстаўніка абшчыны Яўгена Воўкава была ўзбуджаная крымінальная справа па арт. 193 прым. 1 Крымінальнага кодэкса за дзейнасць ад імя незарэгістраванага рэлігійнага аб'яднання. Але тады міліцыя не змагла нічога даказаць і справу закрылі.

«Царква аб'яднання» двойчы падавала дакументы ў Міністэрства юстыцыі для рэгістрацыі, аднак у абодвух выпадках атрымала адмову па фармальных прычынах.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства