Пра Rammstein і крымінальную справу Андрэя Галавенкі

2019 2019-04-10T09:11:27+0300 2019-04-10T09:18:04+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/galavenka-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Андрэй Галавенка. Фота: Гарадзенская Вясна.

Андрэй Галавенка. Фота: Гарадзенская Вясна.

Днямі стала вядома, што супраць 24-гадовага гарадзенца Андрэя Галавенкі пачатая крымінальная справа паводле часткі 2 артыкулу 343 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (выраб і распаўсюд парнаграфіі). Гэты артыкул прадугледжвае зняволенне ад 2 да 4-х гадоў.

Па інфармацыі "Гарадзенскай Вясны", яшчэ ў 2014 годзе Галавенка на сваёй асабістай старонцы сацыяльнай сеткі ВКонтакте зрабіў рэпост аднаго з відэакліпаў нямецкага гурта Rammstein. Як расказвае малады чалавек, ён нават не падазраваў, што гэты кліп можа ўтрымліваць нешта супрацьзаконнае. 

Прайшло чатыры з паловай гады і Гарадзенскі міжраённы аддзел Следчага камітэта пастанавіў адкрыць у дачыненні да хлопца крымінальную справу. Падставай для яе паслужыла заключэнне аддзелу культуралагічных экспертыз Дзяржкамітэта судовых экспертыз, які прызнаў кліп забароненым да паказу і распаўсюджвання з-за ўтрымання парнаграфічных сцэн.

Ужо само заключэнне аддзелу экспертыз выклікае вялікія сумневы – згаданы кліп скандальнага гурту Rammstein мае дастаткова брутальны і нават вульгарны характар, магчыма ўтрымлівае намёкі на парнаграфію, але ніяк не выглядае парнаграфічным. Ён знаходзіцца ў адкрытым доступе і здагадацца пра яго незаконны характар звычайнаму карыстальніку інтэрнэту проста немагчыма.

Фота: be-tarask.wikipedia.org/wiki/Rammstein
Ілюстратыўнае фота: be-tarask.wikipedia.org/wiki/Rammstein

Як толькі Андрэю Галавенку паведамілі, што яго даўні рэпост згаданага відэакліпу можа падлягаць крымінальнаму пераследу, ён адразу выдаліў яго з сваёй стужкі. Відавочна, што ў гарадзенца не было ніякага намеру распаўсюджваць парнаграфічныя матэрыялы, тым больш, што рэпост відэакліпа падобнага характару быў адзінкавым у яго стужцы. Чаму ў такой сітуацыі Следчы камітэт пастанавіў усё ж пачаць крымінальную справу – застаецца загадкай.

У гісторыі з Андрэем Галавенкам відавочна, што ён не меў ніякіх намераў распаўсюджваць парнаграфічныя матэрыялы, а стаў ахвярай сваёй недальнабачнасці і неасцярожнасці. Але нават дасведчаныя юрысты не ведаюць, якія матэрыялы ў Рэспубліцы Беларусь забароненыя да публічнай дэманстрацыі, не ведаюць дзе шукаць афіцыйны спіс такіх матэрыялаў.

Андрэй Галавенка вырашыў расказаць пра сваю гісторыю журналістам, каб папярэдзіць іншых карыстальнікаў сацыяльных сетак пра патэнцыйную небяспеку крымінальнай адказнасці за размяшчэнне пэўных матэрыялаў. Ён спадзяецца, што следства аб’ектыўна разбярэцца ў яго справе і ўстановіць, што ніякага наўмыснага намеру распаўсюджваць забаронены для дэманстрацыі іншым відэаматэрыял ён не меў.  

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства