viasna on patreon

Судзяць блогера Пятрухіна: у зале поўна міліцыі, правабаронцаў выдалілі Фота Відэа Дапоўнена

2019 2019-04-09T09:51:48+0300 2019-04-09T16:51:09+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/piartuhin-sud-2019-3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Сяргей Пятрухін перад судом. Фота: ПЦ "ВЯсна".

Сяргей Пятрухін перад судом. Фота: ПЦ "ВЯсна".

У судзе Ленінскага раёна Берасця 9 красавіка праходзіць разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да вядомага брэсцкага блогера Сяргея Пятрухіна. “Вясна” сёння будзе весці наўпроставы рэпартаж з судовай залі.

Пастанову аб прад’яўленні абвінавачвання Пятрухіну па ч. 2 арт. 188 (“Паклёп”) і ч.2 арт. 189(“Абраза”) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь вынес 1 красавіка Брэсцкі міжраённы аддзел Следчага камітэту (СК).

Справа блогера Пятрухіна: суд шукае абразу і паклёп на адрас участковага

Праваабаронцы сабралі ўсе вядомыя акалічнасці крымінальнай справы берасцейскага блогера і рэакцыю праваабарончай супольнасці на ягоны пераслед.

Праваабаронцы перадаюць, што ў судовай залі пераважна знаходзяцца супрацоўнікі міліцыі і ўчастковыя Ленінскага РАУС Берасця. Суддзя Аляксандр Семянчук  запрасіў амапаўцаў, каб тыя вывелі з залі ўсіх, каму не хапіла месца.

 Сяргей Пятрухін і Алесь Бяляцкі. Фота: ПЦ

Суд над Сяргеем Пятрухіным. Фота: ПЦ

З залі вывелі ўсіх, каму не хапіла месца, у тым ліку праваабаронцаў "Вясны" Алеся Бяляцкага і Валянціна Стэфановіча, якія прыехалі ў Берасце весці маніторынг судовага працэсу. Не патрапіў на судовы працэс і берасцейскі праваабаронца Уладзімір Вялічкін. Наогул, у залю не змог патрапіць ніводзін чалавек з групы падтрымкі Пятрухіна.

Загадзя ў суд зайшлі супрацоўнікі міліцыі, каб заняць усе вольныя месцы. Зараз пададзеная скарга на імя старшыні суда аб тым, што ягоныя дзеянні не спрыяюць адкрытасці судовага працэсу і аб прадстаўленні большага памяшкання, каб забяспечыць доступ на працэс усіх жадаючых.

Сяргей Пятрухін заявіў хадайніцтва аб далучэнні заявы праваабарончай супольнасці да матэрыялаў справы. Пракурор не супраць.

Наступнае хадайніцтва аб прадастаўленні канцэртнай залы або круглага стала ў выканкаме. Пракурор запярэчыў і сказаў, што  прадастаўлена максімальна вялікая заля ў судзе Ленінскага раёна.

Суд адхіляе хадайніцтва.

Па справе праходзяць чатыры пацярпелыя, усе супрацоўнікі міліцыі.

Суддзя зачытвае: "Размясціў відэа-ролік у Ютюбе, які ўтрымлівае загадзя ілжывыя сцвярджэнні. Гучыць фраза: "Гэта Ігнацюк, ён небяспечны, ён зьбіў ... "

У зале знаходзіцца каля 45 супрацоўнікаў міліцыі, уключаючы пацярпелых. Яны пераглядаюцца адзін з адным і ўсміхаюцца.

Пятрухін катэгарычна не прызнае абвінавачванне.

Суддзя прыступіў да вывучэння матэрыялаў справы. Усяго ў справе 5 тамоў.

ДОПЫТ ПАЦЯРПЕЛЫХ

Сведчыць першы пацярпелы міліцыянт. Кажа, што за ўсю службу з 2012 года былі толькі заахвочванні, спагнанняў па службе не было.

"Мне патэлефанавалі з суда, сказалі, што да суда набліжаецца Пятрухін, які ажыццяўляе відэаздымку", - кажа ён.

Потым сказаў, што Пятрухін сказаў, што ён нібыта збіў Камінскага.

Пракурор пытаецца ў пацярпелага: "Асабіста на вашу думку, збіццё супрацоўнікам міліцыі затрыманага з'яўляецца злачынствам?"

- Так!

Пракурор пытаецца, ці лічыць супрацоўнік міліцыі сябе небяспечным чалавекам?

-Не.

Пацярпелы кажа, што двойчы яго затрымліваў, але правакацый не здзяйсняў. Не разумее, чым выкліканая агрэсія да яго. Асабіста з Пятрухіным незнаёмы, не меў зносіны. Заўсёды паводзіў сябе карэктна. Кажа, што той ашальмаваў яго як чалавека. Гэты ролік паглядзела шмат чалавек, што багата для яго статусу.

Адвакатка Пятрухіна пытаецца, ці ўжывалася фізічная сіла да Паўла Камінскага?

- На міліцэйскім участку - не.

Супрацоўнікі і супрацоўніцы міліцыі пачалі абурацца пытаннямі.

Адвакатка: "Якія канкрэтна дзеянні зняважылі вашу годнасць?"

- Размяшчэнне роліка ў сетцы інтэрнэт, дзе мой твар і фраза, што я збіваў чалавека, каментары.

Адвакатка спрабуе дамагчыся, што менавіта зняважыла, але ён не можа выразна растлумачыць.

- Параўнанне з жывёлай, збіваў людзей, фізіялагічныя асаблівасці, -вось гэта міліцыянт лічыць непрыстойным.

Пятрухін спрабуе задаць пытанне пра затрыманне і відэарэгістратар. Суддзя здымае пытанне, гул у зале. Пятрухін працягвае:

"Добра, вы сцвярджаеце, што Камінскага збіла маці торбай. Дык чаму вы не склалі пратакол па 17.1 КаАП?" Супрацоўнікі міліцыі ў зале гучна засмяяліся і пачалі каментаваць кваліфікацыю.

Тым часам, супрацоўнікам міліцыі стала сумна ў зале судовага разбору: чытаюць навіны ў тэлефоне, гуляюць у мабільныя гульні.

Участковы кажа, што пасля відэа Пятрухіна да яго змянілася стаўленне некаторых людзей.

Усіх пацярпелых у судзе абараняе адна адвакатка.

Участковы папрасіў спагнаць з Пятрухіна суму за маральную шкоду  - каля 1000 рублёў + суму на адваката.

"Скажыце ў вас вялікі нос?" - першае пытанне ад Пятрухіна.

- Звычайны. Але характарыстыка яго як "вялікі, доўгі" з'яўляецца абразай.

Суд прыступіў да допыту наступнага супрацоўніка міліцыі, пацярпелага. Ён кажа, што адразу да роліка, дзе выкарыстаная яго фатаграфія і каментар да відэа Пятрухіна, не паставіўся сур'ёзна. Але потым убачыў, колькі праглядаў і каментароў, то задумаўся.

Супрацоўнікі міліцыі пасміхаюцца са слоў калегаў. Суддзя зрабіў заўвагу.

Пацярпелы кажа, што блогер назваў яго дэбілам. Але ён ведае, што гэта дыягназ. Але з дапамогай пытанняў пракурора, ён прыйшоў да высновы, што гэта яшчэ і абраза.

"У нашым цывілізацыйным грамадстве не павінны наогул выкарыстоўвацца такія словы. Гэта вельмі непрыстойна! У мяне пачуццё трывогі, страху і крыўды. Вось маеш зносіны з затрыманым і думаеш, вось глядзеў ён той ролік?"

 Пракурор задае пытанні, якія можна назваць наводзячымі:

"Можа вас на вуліцы пачалі пазнаваць пасля публікацыі роліка"

Адвакатка спрабуе высветліць, чаму ён вырашыў, што слова "дэбіл" адносіцца да яго. Але пацярпелы запсіхаваў і накрычаў на адвакатку, што яна задае адны і тыя ж пытанні.

На што атрымаў грубае заўвагу суддзі:

"Павярніцеся да мяне! Панізце голас, і адкажыце нармальна. Збярыцеся, тады і пытацца па крузе адно і тое ж не трэба будзе!"

Смяшкі яго калег скончыліся з заўвагай суддзі.

Суддзя зачытаў пратакол допыту следства, дзе ён казаў, што не лічыць абразай ролік і ў яго няма прэтэнзій. Але цяпер ён памяняў свае паказанні. Суддзя паспрабаваў высветліць, ці пазнаў ён пра існаванне роліку ад следчых, але выразнага адказу не атрымаў.

"Ведаючы Пятрухіна як блогера, які вядзе рэпартажы, то не хочацца ў далейшым бачыць яго відэа, дзе ён выстаўляе супрацоўнікаў міліцыі ў непрывабным святле".

Прайшліся па выразу Пятрухіна ў відэа:

"Прапаршчыкі наогул падобныя на дэбілаў".

Пацярпелы пагадзіўся, што "прапаршчык" ня міліцэйскае званне, а воінскае.

У судзе дапытваюць апошняга пацярпелага.

Ён падаў іскавую заяву на суму 1500 рублёў за маральную шкоду, таму што "пра гэта даведаліся родныя, сябры. Пазнаюць нават на выкліках".

"Трэба строга пакараць. Таму што чалавек адчувае сваю беспакаранасць і працягвае абражаць супрацоўнікаў міліцыі", - кажа ён.

Адвакатка хацела задаць пытанне па ўжыванне фізічнай сілы гэтага супрацоўніка міліцыі ў дачыненні Пятрухіна, паколькі гэта магло паўплываць на каментар да відэа. Але суддзя зняў пытанне, таму што "прымяненне фізічнай сілы прадугледжана адміністрацыйным кодэксам".

 Па пратаколе допыту ад 23 жніўня дапытваемы не меў прэтэнзій і не хацеў пісаць заяву, і каментар яго ня абразіў. Зараз памяняў паказанні, таму што ролік выйшаў у сацыяльныя сеткі і атрымад вялікі розгалас. Яго таксама, як і папярэдняга, абразіў выраз "усё прапаршчыкі падобныя на дэбілаў".

Ролік называецца "Цудоўная чацвёрка ....", па якім яны ўсе маюць прэтэнзіі да Пятрухіна. Прозвішчы пацярпелых: Якушэвіч, Ігнацюк, Галяціч…

Дапытваемы прапаршчык міліцыі кажа Пятрухіну "Вы проста адчуваеце сваю беспакаранасць".

У судзе абвешчаны перапынак да 14.15. Затым будуць дапытваць сведак абароны.

Судовыя слуханні працягваюцца. У судзе зноў няма вольных месцаў, хаця суд быў зачынены на абед. Супрацоўнікі міліцыі сцвярджаюць, што прыйшлі падтрымаць калег у свой выходны.

Суддзя папярэдзіў, што ў зале вядзецца відэа і фотаздымка для аператыўнага карыстання. Праваабаронцам ізноў не хапіла месца, хаця яны прыйшлі са сваімі зэдлікамі.

ДОПЫТ СВЕДАК

Ідзе допыт сведкі, гэта панятая па следчаму дзеянню пры  аглядзе і канфіскацыі тэхнікі на кватэры Пятрухіна. Яна памятае толькі, што канфіскавалі тэлефон.

Пятрухін кажа, што ў пратаколе допыту на следстве бачыў, што яна сведчыла, што ўдзельнічала ў следчых дзеяннях ужо некалькі разоў. Суддзя шукае пратакол допыту ў 4 томе, каб агучыць паказанні дадзеныя падчас следства.

Пратакол ад 20 снежня "Візуальна ведала Пятрухіна, таму што ўдзельнічала некалькі разоў у следчых дзеяннях". Пацвярджае, што ў пратаколе праўда.

Пятрухін удакладніў: "Вы штатная панятая?" Пытанне засталося без адказу.

Наступны сведка Капуза, ахоўца Еўраопта.

Дагэтуль працаваў у інспекцыі міліцыі, быў звольнены на пенсію ў ліпені 2017 года. Кажа:

"Знаёмы па доўгу службы з Пятрухіным. З ім адносіны чалавечыя, добрыя. Таксама ведаю двух пацярпелых міліцыянтаў".

Пракурор пытаецца, ці бачыў ён як Ігнацюк збіваў Камінскага. Сведка адказаў, што не.

Расказвае, як ва ўчастак прыехала маці Камінскага і збіла яго торбай падчас высвятлення адносін.

Адвакатка пацярпелых пытае ў сведкі: "Ці адпавядае ролік рэчаіснасці?"

Той нечакана адказаў: “Так!”

Першы раз пра ролік сказаў яму міліцыянт Ігнацюк. "Пятрухін на нас лье бруд!" - паведаміў Ігнацюк сведку пра ролік.

Сведка і Ігнацюк настойваюць, што ў дачыненні Камінскага на ўчастку не прымянялася фізічная сіла. Прымяняўся толькі газавы балончык па дарозе. Адвакатка папрасіла зачытаць паказанні Ігнацюка, дадзеныя падчас следства.

Ігнацюк згаджаецца з пратаколам, што на ўчастку Камінскага паклалі на падлогу, дзе мог ударыцца галавой. Але ўдакладняе, што гэта адбывалася на парозе, а не на падлозе. Гэта было неабходна, каб яго супакоіць. Настайвае, што пабоі ад сумкі маці Камінскага.

Адзін сведка абвінавачання не з'явіўся, бо як паўгады знаходзіцца за межамі Беларусі. Суд прыступае да допыту сведкі абароны. Першы — Камінскі Павел.

Ён распавядве, як у 2016 годзе яго збілі міліцыянты-пацярпелыя па гэтай справе. Камінскі расказвае, што яго міліцыянты ўдарылі аб падлогу разы 4-5, па спіне, звязалі рукі. Ігнацюк выцягнуў яго на вуліцу і апырскаў твар. Сведчыць, што міліцыянты пагражалі забойствам. Супрацоўнікі і супрацоўніцы міліцыі хіхікаюць у зале, шэптам абмяркоўваюць словы Камінскага, пераглядаюцца. Чутны ў зале словы абурэння.

Камінскі распавядае, што яму маці ў жыцці не наносіла цялесных пашкоджанняў.

Таксама расказвае, што праз месяцы 3 распавёў усё Пятрухіну і паказаў копію бальнічнага ліста, пастанову са следчых органаў аб правядзенні праверкі па справе і аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. 

Было 7 адмоваў Следчага камітэту ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце збіцця. Усе ён абскарджваў. 28 сакавіка абскардзіў у пракуратуру адмову, але адказу пакуль не атрымліваў.

Адвакатка задала прамое пытанне: "Вас збілі супрацоўнікі міліцыі ці прымянялі фізічную сілу ў сувязі з непадпарадкаваннем міліцыі?"

Камінскі: 'Менавіта збілі. Я не супраціўляўся. Быў бы яшчэ адзін пратакол".

Сапраўды, справу Камінскага, па якой яго затрымалі, спынілі ў судзе ў сувязі з недаказанасцю дзеяння.

Пятрухін пытаецца, чаму Камінскі звярнуўся менавіта да яго. Ён адказаў, што Пятрухін - незалежны журналіст. У зале засмяяліся.

Пытанне пракурора Камінскаму: "Чаму звярнуўся не да такіх аўтарытэтных СМІ як Хартыя, Белпартызан, Белсат, Радыё Свабода?"

Ігнацюк спытаў яшчэ ў Камінскага, чым яго звязвалі, але апошні не адказаў, бо не бачыў, чым яго прывязалі.

Камінскі паказаў, як яго звязвалі Капуза і Ігнацюк, распавёў, што знаходзіўся ў такім стане каля гадзіны, сказаў што гэта катаванні.

Пятрухін спытаў яго: "Ці небяспечны Ігнацюк для грамадства?"

Камінскі адказаў, што ён не дастойны насіць мундзір беларускай міліцыі.

Пятрухін яшчэ заявіў хадайніцтва аб выкліку мужчыны, якога нібыта Сяргей Ігнацюк збіў таксама, калі першы знаходзіўся на крэсле-каталцы. Пракурор, адвакатка пацярпелых і пацярпелыя супраць выкліку.

Пятрухін быў вельмі эмацыянальны наконт выкліку сведка, таму суд яго папярэдзіў яго аб магчымасці змяненні меры стымання.

"Нам яшчэ крымінальную справу разглядаць. Ёсць шанцы", - сказаў суддзя.

 

Суд пераходзіць да вывучэння пісьмовых доказаў справы з 5 тамоў. Зачытвае пракурор.

Маецца заключэнне эксперта па відэа, размешчанага ў  УКантакце. Было пастаўленае пытанне: "Ці сапраўды сведкі, якія змешчаныя ў роліку, паказаныя ў зневажаючым гонар і годнасць свеце?”

Пракурор зачытвае пратаколы дагляду, канфіскацыі тэхнікі Пятрухіна, пералічвае шмат заключэнняў экспертызы па канфіскаваным у Пятрухіна флэшкам, тэлефону, ноўтбуку, даведкі з МУС, псіх-дыспансераў і гд. Сканчвае знаёміцца з 4 томам. Мае добрую характарыстыку з былога месца працы, дзе працаваў у якасці артыста. Маюцца сведкі з банкаў.

Агучваюцца службовыя інструкцыіі з месца працы пацярпелых.

Азнаямленне з пісьмовымі матэрыяламі справы завершанае. Заўтра ў 11 гадзін будуць дапытваць эксперта, які праводзіў судова-лінгвістычную экспертызу па справе арт. 243 КК.

У судзе абвешчаны перапынак да 10 красавіка.

З патрабаваннем спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да берасцейскага блогера Сяргея Пятрухіна выступілі шэраг праваабарончых і дэмакратычных арганізацый грамадзянскай супольнасці Беларусі.  

Судзяць блогера Пятрухіна: у зале поўна міліцыі, правабаронцаў выдалілі

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства