viasna on patreon

Суд паменшыў штраф праціўніку будаўніцтва акумулятарнага завода

2019 2019-04-04T08:11:00+0300 2019-04-04T08:10:59+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kazak-vital.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Брэсцкі абласны суд 3 красавіка разгледзеў скаргу праціўніка будаўніцтва акумулятарнага завода Віталя Казака, піша naviny.by.

Віталь Казак. Фота: Радыё Свабода

Па словах праваабаронцы "Вясны" Уладзіміра Вялічкіна, актывіст абскардзіў пастанову суда Ленінскага раёна г. Брэста. У выніку суд паменшыў штраф на 15 базавых велічыняў. 18 лютага гэты суд аштрафаваў Казака на 40 базавых велічынь (1.020 рублёў), прызнаўшы вінаватым па ч. 3 арт. 23.34 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў паўторна на працягу года).

Казака судзілі за тое, што 10 лютага ў Брэсце на вуліцы Савецкай, каля кінатэатра "Беларусь", ён падышоў да вулічнага музыканта, у якога была гукаўзмацняльная апаратура, і папрасіў уключыць запісаную ў мінулым годзе брэстчанамі песню «Жыць». Гэта версія на музыку аднайменнай песні Ігара Мацвіенка з народным тэкстам супраць будаўніцтва акумулятарнага завода.

«Сёння абласны суд пакінуў без змены артыкул, па якой Казака прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці, але паменшыў на 15 базавых велічынь памер прызначанага яму штрафу, — сказаў праваабаронца Уладзімір Вялічкін. — Я лічу, дзеянні актывіста не маюць ніякага дачынення да масавага мерапрыемства. Адміністрацыйная справа ў дачыненні да Казака штучна створана, каб запалохаць праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода».

10 лютага на плошчы Леніна ў Брэсце чарговы раз сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода — каля 200 чалавек. Грамадзяне, сярод якіх быў Віталь Казак, прайшлі ад плошчы па вуліцах Пушкінскай і Савецкай да кінатэатра «Беларусь». Пасля гэтага яны разышліся.

15 кастрычніка 2018 году суд Ленінскага раёна аштрафаваў Казака на 10 базавых велічыняў (245 рублёў) за ўдзел у акцыі супраць будаўніцтва акумулятарнага завода, якая прайшла напярэдадні на плошчы Леніна.

Сустрэчы гараджан, якія выступаюць супраць будаўніцтва акумулятарнага завода пад Брэстам, праходзяць на плошчы кожную нядзелю, пачынаючы з 25 лютага мінулага года.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства