“Ствараць камісію па правах чалавека немэтазгодна”, - лічаць у Віцебскім аблсавеце

2019 2019-03-28T10:01:37+0300 2019-03-28T10:01:37+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/svecik-leanid-5.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Леанід Свецік. Фота: budzma.by

Леанід Свецік. Фота: budzma.by

Рашэнне аб немэтазгоднасці стварэння пастаяннай камісіі па правах чалавека было прынятае 18 сакавіка на сумесным паседжанні дзьвюх пастаянных камісій (па пытаннях мясцовага самакіравання і сацабароны) Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў. Удзел у паседжанні ўзяў віцебскі праваабаронца Леанід Свецік.

Паводле праваабаронцы, дэпутаты адзінагалосна прагаласавалі за тое, што ў стварэнні такой камісіі няма патрэбы.

"Віцебская Вясна" нагадвае, з ініцыятывай заснаваць у Віцебскім абласным Савеце дэпутатаў пастаянную камісію па пытаннях абароны правоў, свабодаў і законных інтарэсаў грамадзян выступіў на пачатку 2019 году прадстаўнік Беларускага Хельсінскага камітэту па Віцебскай вобласці Павел Левінаў. Старшыня аблсавету Уладзімер Цярэнцьеў паабяцаў, што пытанне будзе разгледжанае. Але праваабаронца таксама дамогся, каб на паседжанне былі запрошаныя прадстаўнікі грамадзкасці.

“18 сакавіка 2019 году было праведзенае сумеснае паседжанне пастаянных камісій Віцебскага абласнога Савету дэпутатаў: па пытаннях мясцовага самакіравання і рэгламэнту, па пытаннях сацыяльнай сферы, сацыяльнай абароны грамадзян і справах моладзі з удзелам праваабаронцы Свеціка. Па выніках абмеркавання пытання аб пастаяннай камісіі Віцебскага абласнога Савету дэпутатаў 28-га склікання было прынятае рашэнне аб немэтазгоднасці стварэння камісіі па пытаннях правоў чалавека і нацыянальных адносінаў”, – гаворыцца ў афіцыйным адказе з аблсавету, які атрымаў Павал Левінаў.

Леанід Свецік: Гэта можа быць пачаткам дыялогу

“Мой удзел у паседжанні дзьвюх пастаянных камісій Віцебскага аблсавету можна лічыць пачаткам нейкага дыялогу паміж праваабарончай супольнасцю і прадстаўнічым органам мясцовай улады. На жаль, пакуль што ў бакоў ёсць рознагалоссе наконт зместу і формы гэтага дыялогу”, – пракамэнтаваў свой удзел у паседжанні аблсавету віцебскі праваабаронца Леанід Свецік.  

“Аднак з асцярожным аптымізмам можна сцвярджаць, што і праваабаронцы, і ўлады разумеюць неабходнасць стварэння нейкага камунікацыйнага органа, які б дзейнічаў пастаянна. На такой дыялогавай пляцоўцы бакі змаглі б абменьвацца інфармацыяй, ідэямі, меркаваннямі і гэткім чынам больш эфэктыўна бараніць правы і свабоды грамадзянаў, садзейнічаць у вырашэнні сацыяльна-эканамічных праблем і грамадзка-палітычных супярэчнасцяў у рэгіёне”, – мяркуе Леанід Свецік.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства